У Магілёве задумалі ўзьвесьці арку на ўедзе ў горад зь менскага напрамку. Мясцовая прэса піша, што арка стане ўпрыгожаньнем гораду. Пабудуюць яе ў гонар 750-годзьдзя Магілёва.
У гарвыканкаме прапанавалі абвясьціць праект «народнай будоўляй». Ужо адкрыты дабрачынны рахунак. Кошт не называецца.
Месца пад арку абралі на ўскрайку мікрараёну «Казіміраўка». Разваротнае кола ўжо абгарадзілі шчыльным плотам, за якім вядуцца працы.
Бальшыня тых, з кім удалося пагутарыць у Казіміраўцы, казалі, што ў паселішчы не адзін год парадкуюць Менскую шашу. Прыватныя дамы і прамысловыя абʼекты, якія стаяць пры дарозе, хаваюць за аднатыпнай агароджай.
Пра навабуд на шашы жыхары Казіміраўкі казалі так:
«Ды ня ведаюць, куды ўжо грошы падзець. Заводы ў горадзе стаяць, а яны нейкую трыюмфальную арку выдумалі», — з раздражненьнем адрэагаваў на навіну адзін з суразмоўцаў.
«А навошта яна там...», — без ахвоты працягваць гутарку адазваўся іншы.
«Будаўніцтва аркі стане этапам, якім будзе завершана рэканструкцыя Менскай шашы», — паведамляе mogilevnews.by.
«Арка ўпрыгожыць уезд у горад з боку сталіцы і будзе ўзьведзеная ў гонар 750-годзьдзя Магілёва, — піша партал, спасылаючыся на зьвесткі з плянэркі ў гарвыканкаме. — Да гэтай даты горад рыхтуецца поўнамаштабна, як у пляне добраўпарадкаваньня тэрыторыяў і ўжо ўзьведзеных абʼектаў, гэтак і будаўніцтва новых».
Магілёву не хапае лоску
Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў прыгадаў леташні візыт Лукашэнкі ў Магілёў і ягоную незадаволенасьць тым, як выглядае горад. Лукашэнка тады заявіў, што «гораду нестае лоску».
На думку Шанцава, мясцовае чынавенства цяпер імкнецца ўсяляк дагадзіць Лукашэнку навабудамі, адарванымі ад надзённых праблемаў гараджан:
«Цяпер варта гаварыць не пра лоск, а пра навядзеньне парадку ў дварах дамоў, на дарогах. Нестае дзіцячых пляцовак. Наагул спальныя раёны гораду ў жахлівым стане, — крытыкуе задуму гарвыканкаму Шанцаў. — У нас сорак дэпутатаў гарсавету, 60 — абласнога савету, і яны ня могуць запярэчыць глупству. Марнуюцца вялікія сродкі ні на што. Узяліся за арку і абвясьцілі яе „народнай будоўляй“, а ў народу ці запыталіся? Зразумела, будзе добраахвотна-прымусовае выманьне сродкаў у прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў».
«Мы толькі перажылі хвалю здушэньня пратэсту супраць дэкрэту № 3, і цяпер мы апынуліся ў сытуацыі незразумела якой эўфарыі, — дадае палітык. — Усё гэта прыкрываецца шляхетнымі, гуманнымі ідэямі. У Магілёве ўзводзяць трыюмфальную арку з нагоды чаго?»
Магілёўскі мастак Базыль Камароў у інтэрвію Свабодзе казаў: «Магілёў ня мае свайго архітэктурнага аблічча». Майстар бачыў праект аркі. На ягоную думку, гарвыканкамаўская ідэя не наблізіць горад да вяртаньня свайго адметнага вобразу.
«Прапанаваная арка — эклектыка. Яна нібыта прывязаная да гістарычнага праекту, але насамрэч у ёй нічога няма гістарычнага. Гэта муляж, як «пацёмкінская вёска», — кажа мастак.
«Мне цяжка казаць, якую нагрузку яна будзе несьці, — дадае ён. — Калі яна трыюмфальная, то павінна быць прымеркаваная да нейкай перамогі. А калі простая, як „Слуцкая брама“, дык навошта яна там, калі празь яе ніхто ня едзе?»