Яшчэ год таму, перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі, Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што падвышэньня пэнсійнага ўзросту ў Беларусі ня будзе — прынамсі, без усенароднага абмеркаваньня і падтрымкі. І вось падвышэньне адбылося. Прычым ні рэфэрэндуму, ні колькі-небудзь шырокай і ўцямнай грамадзкай дыскусіі на гэтую тэму ўлада не праводзіла.
Пэнсійная тэма — адна з найбольш папулярных у гэтыя дні ў пошце Свабоды. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з допісаў на гэтую тэму. Наш слухач Міхаіл Лемяшэўскі з Горадні піша:
«І я, і ўсе мае знаёмыя, суседзі і сябры страшэнна абураныя рашэньнем Лукашэнкі падвысіць пэнсійны ўзрост. Калі б ён быў сапраўды народным і справядлівым прэзыдэнтам, дык вырашыў бы праблему іншым шляхам. Мы ня дурні, разумеем, што краіна даведзена да такога стану, што грошай на пэнсіі не хапае. Дык зрабі па справядлівасьці: няхай узрост выхаду на пэнсію і прынцып налічэньня гэтай пэнсіі будзе аднолькавы для ўсіх — і для чыноўніка, і для міліцыянта, і для вайскоўца, і для „кадэбіста“. Чаму ў іх павінны быць ільготы? Чым іх праца больш складаная за працу настаўніка, лекара, сталявара, трактарыста? Яны што, служаць за палярным кругам ці ваююць у „гарачых кропках“? Ды не, найчасьцей праседжваюць штаны ў канторах ці адчыняюць вароты на КПП. Дык чаму ўсё працоўнае грамадзтва павінна плаціць былому прапаршчыку, які ў 45 ці 48 год становіцца пэнсіянэрам?
А пэнсіі чыноўнікаў? Чаму яны павінны быць удвая ці ўтрая вышэйшыя, чым у іншых? За якія заслугі?
...Сёлета павінны адбыцца парлямэнцкія выбары. Дык вось, у мяне да ўсіх кандыдатаў будзе толькі адно пытаньне: ці пагаджаюцца яны, каб усе без выключэньня грамадзяне краіны выходзілі на пэнсію ў аднолькавым узросьце, каб былі адменены ўсе льготы і прывілеі, а налічэньне ўсіх пэнсіяў адбывалася паводле адной простай, зразумелай і справядлівай схемы? Калі адказ адмоўны — гэтаму чалавеку даверу быць ня можа, і ў Палаце прадстаўнікоў яму рабіць няма чаго».
Думаю, ня толькі ў вас, спадар Міхаіл, узьніклі падобныя пытаньні да тых палітыкаў, якія прэтэндуюць на дэпутацкія месцы. Ды толькі наўрад ці гэта паўплывае на вынікі выбараў, якія ў Беларусі ўжо больш як два дзесяцігодзьдзі мала залежаць ад рэальных грамадзкіх настрояў.
Увогуле, лёзунгі сацыяльнай справядлівасьці і роўнасьці — заманлівыя, зразумелыя і папулярныя ў народзе. А тая палітыка, якую ажыцьцяўляе апошнім часам урад Лукашэнкі, выклікае зусім зразумелае абурэньне. Вось толькі ніхто добраахвотна ад сваіх ільготаў і прывілеяў не адмаўляецца. Наіўна чакаць, што тыя ж дэпутаты і намэнклятурныя чыноўнікі самі перагледзяць закон і абрэжуць свае спэцпэнсіі або адменяць ільготны ўзрост выхаду на пэнсію для тых, хто абслугоўвае кіроўны рэжым. Зрабіць гэта яны могуць хіба толькі пад прымусам.
* * *Наш слухач Мікола Шпак зь Менску ў сваім лісьце нагадвае, што 2016 год у Беларусі абвешчаны годам нацыянальнай культуры. У зьвязку з гэтым спадар Мікола разважае пра ўжываньне ў грамадзкім жыцьці беларускай мовы. Ён піша:
«Слухаю Першы нацыянальны (!) канал беларускага радыё. Усе яго журналісты цудоўна валодаюць роднай мовай. А вось ніводзін запрошаны дзяржаўны чыноўнік не прамаўляе па-беларуску ні слоўца! Як толькі хто зь іх зьяўляецца ля мікрафона, пачынаецца моўная неразьбярыха. Уступнае слова — беларускае. Чыноўнік гаворыць па-руску (а часам проста на трасянцы), і журналіст мусіць падладжвацца пад яго, таксама пераключаецца на рускую мову. А вынікі размовы зноў падводзяцца па-беларуску.
Беручы прыклад з чыноўнікаў, у рускамоўныя шыюцца кіраўнікі ўсіх навучальных устаноў, дырэктары музэяў, школьныя настаўнікі, загадчыкі фэрмаў і г.д. Думалася, пасаромеюцца прамаўляць па-руску хоць бы ўзнагароджаныя за духоўнае адраджэньне. Але дзе там! Не пачулі мы роднага слова ад Віктара Дробыша, узнагароджанага ордэнам Францыска Скарыны, і ад намінанта прэміі „За духоўнае адраджэньне“ маёй зямлячкі зь Віцебску Чамаданавай. Дзіва дзіўнае: нават старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў тав. Чаргінец не валодае нацыянальнай беларускай мовай!
Нікога ўжо не турбуе, што мы няўхільна плывем да чужога берага. А з чужынцамі вядома як разьбіраюцца: за каўнер — ды ў агульны кацёл. І тады ўжо напамінку не застанецца, што некалі ты быў беларусам. Можа, хутка адзінай пуцяводнай зоркай і сьцяганосцам беларускай нацыі застанецца сын Афрыкі Андрусь Такінданг, сталы носьбіт і актыўны прапагандыст беларускага слова. Дзякуй яму і нізкі паклон.
А дзяржаўным чыноўнікам трэба прыняць да ўвагі выказваньне Кандрата Крапівы. Калі ў яго спыталі, чаму ён пісаў падчас вайны свае творы толькі па-беларуску, ён коратка адказаў: „А хіба можна ад імя свайго народу гаварыць на нейкай іншай мове?“».
Удакладню, спадар Мікола, што мастак і музыкант Андрусь Такінданг — усё ж сын Беларусі, а ня Афрыкі. На радзіме бацькі — у паўночнаафрыканскай краіне Чад — ён пабываў ці не аднойчы ў сваім жыцьці. Ну, а тое, што па-беларуску ён размаўляе лепей, чым тысячы беларускіх чыноўнікаў, настаўнікаў і дырэктароў музэяў і клюбаў — дык гэта ў вялікай ступені заслуга беларускіх маці і бабулі, якія яго выхавалі.
Што да мовы беларускага дзяржаўнага радыё... Калі параўнаць яе з мовай дзяржаўных тэлеканалаў, дык усё яшчэ ня так і блага: на радыё хаця б журналісты і вядучыя добра валодаюць мовай і пастаянна яе выкарыстоўваюць. А вось на тэлебачаньні з прыходам да ўлады Лукашэнкі амаль усе беларускамоўныя праграмы былі паступова выціснуты і вынішчаны.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.