Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік амэрыканскай групы расьсьледаваньня расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне назваў яе закрыцьцё «катастрафічным ударам»


Дзеці жэстыкулююць падчас эвакуацыі з Купянску Харкаўскай вобласьці, 30 траўня 2022 году
Дзеці жэстыкулююць падчас эвакуацыі з Купянску Харкаўскай вобласьці, 30 траўня 2022 году

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША нанёс «катастрафічны ўдар» па дакумэнтаваньні расейскіх ваенных злачынстваў, кажа кіраўнік сьледчай групы Ейльскага ўнівэрсытэту, якая мае закрыцца ў выніку страты фінансаваньня.

Падразьдзел Ейльскага ўнівэрсытэта, які адыграў ключавую ролю ў зборы сьведчаньняў аб расейскіх ваенных злачынствах ва Ўкраіне, закрыецца 28 сакавіка ў выніку таго, што Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША спыніў яго фінансаваньне, піша журналіст Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фэрлонг.

У эксклюзіўным інтэрвію выканаўчы дырэктар Ейльскай лябараторыі гуманітарных дасьледаваньняў Натаніэл Рэйманд сказаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што гэты крок стаў «катастрафічным ударам» па спробах дакумэнтаваць ваенныя злачынствы Расеі і прыцягнуць вінаватых расейцаў да адказнасьці.

Рэйманд заявіў, што ў цяперашні час група адсочвае месцы знаходжаньня 35 000 дзяцей, выкрадзеных Расеяй з Украіны.

Выкраданьне дзяцей ёсьць ваенным злачынствам, і прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін быў абвінавачаны ў гэтым Міжнародным крымінальным судом.

«Страта нашай працы — яшчэ адна перамога тых, хто хоча схаваць праўду і не дапусьціць адказнасьці», — сказаў Рэйманд.

Масавыя скарачэньні бюджэтаў

У адказ на запыт Радыё Свабода аб камэнтары Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША пацьвердзіў спыненьне фінансаваньня. Для дадатковай інфармацыі журналістаў накіравалі ў MITRE, некамэрцыйную арганізацыю, якая працуе паводле дзяржаўных кантрактаў, але яна не дала хуткага адразу.

Адказваючы на пытаньне, чаму, на ягоную думку, фінансаваньне спынена, Рэйманд сказаў:

«Я хацеў бы ведаць адказ на гэта. Цяжка не ўспрымаць гэта асабіста. Але гэта таксама частка хвалі бюджэтных скарачэньняў у гуманітарнай сфэры і ў галіне правоў чалавека».

З моманту ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Дональда Трампа ўрад ЗША ініцыяваў масавыя скарачэньні бюджэтаў для такіх арганізацыяў, як USAID, Дэпартамэнт адукацыі, а таксама арганізацыяў трансьляцыі на замежжа, такіх як Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Гэты крок — чарговы прыклад адмовы адміністрацыі Трампа ад міжнароднай супрацы ў дакумэнтаваньні ваенных злачынстваў, учыненых Расеяй пасьля яе поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Гэта адбылося пасьля таго, як афіцыйныя асобы Эўраюсту, агенцтва Эўрапейскага Зьвязу для супрацы ў галіне крымінальнай юстыцыі, заявілі на гэтым тыдні Радыё Свабода, што Вашынгтон спыніў супрацу зь іхным аддзелам, які спэцыялізуецца на ваенных злачынствах, учыненых ва Ўкраіне.

Тым часам Міжнародны цэнтар перасьледу злачынстваў агрэсіі (ICPA) забясьпечвае матэрыяльна-тэхнічную дапамогу, навучаньне і іншую дапамогу ўкраінскім пракурорам, якія расьсьледуюць каля 153 000 справаў.

Як Расея выкрадае дзяцей з Украіны

Праца Ейльскай групы заснаваная на расьсьледаваньні адкрытых крыніцаў. Яна падала падрабязныя доказы таго, што Расея мае сыстэматычную праграму вывазу дзяцей з Украіны.

У сваёй апошняй справаздачы ў сьнежні ейльскія расьсьледнікі задакумэнтавалі лёс 314 дзяцей, якія трапілі ў «сыстэматычную праграму прымусовага ўсынаўленьня і адопцыі» расейцамі — асобамі і сем’ямі.

Рэйманд падаў гэтыя высновы Радзе бясьпекі Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, заявіўшы:

«Прынамсі ў адным выпадку дзіця было разлучана Расеяй зь ягонымі братамі і сёстрамі ў рамках перадачы іх грамадзянам Расеі».

У размове з Радыё Свабода 18 сакавіка Рэйманд сказаў, што праца ягонай каманды для дакумэнтаваньня ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці цягам трох гадоў была «сапраўды гераічнай».

Ён сказаў, што спрабаваў працягнуць гэтую працу апошнімі днямі, але ёй перашкодзілі, спыніўшы доступ да спадарожнікавых здымкаў.

«Мы адсочваем лёсы 35 000 дзяцей, якія патэнцыйна знаходзяцца ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях у больш чым 100 месцах, у тым ліку ў лягерах для перавыхаваньня і прыёмных семʼях на тэрыторыі ад Чорнага мора да ўзьбярэжжа Ціхага акіяну ў Магадане», — сказаў ён.

Рэйманд таксама сказаў, што ягоная каманда страціла доступ да вялізнага архіву зьвестак, якія яна зьбірала тры гады. Раней яны мелі доступ да зьвестак праз праграму Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Група амэрыканскіх заканадаўцаў напісала дзяржаўнаму сакратару ЗША Марка Рубіё заяву, у якой яны выказваюць думку, што архіў мог быць зьнішчаны.

Папярэдняя праца ўключала «дакумэнтаваньне нападаў на інфраструктуру вырабу электраэнэргіі, пасьля якіх Міжнародны крымінальны суд выставіў чатыры абвінавачаньні, у тым ліку два — расейскаму генэралу Валерыю Герасімаву і былому міністру абароны Сяргею Шайгу за меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці».

Сюды ж уваходзілі дакумэнтаваньне шкоды, нанесенай сельскагаспадарчай інфраструктуры; адсочваньне лёсу дарослых вязьняў і ваеннапалонных. «Гэтая праца таксама скончылася», — сказаў Рэйманд.

Некаторыя з гэтых дадзеных па-ранейшаму даступныя МКС, Эўраполу і ўкраінскай пракуратуры, бо іх перадалі ў межах ранейшых справаў. Агулам доказы Ейльскай групы дапамаглі ў вынясеньні шасьці абвінавачаньняў МКС.

«Мы робім усё, што можам, з тым, што ў нас засталося, але, на жаль, гэтага вельмі мала», — сказаў Рэйманд.

Пытаньне вяртаньня выкрадзеных дзяцей таксама стане цэнтральным пунктам усякай будучай мірнай дамовы паміж Украінай і Расеяй.

Адказваючы на пытаньне аб гэтым 11 сакавіка, дзяржаўны сакратар Рубіё сказаў, што «будзе шмат праблем, якія трэба разьвязаць, — сярод іх не ў апошнюю чаргу гуманітарныя праблемы, дзеці».

У праекце рэзалюцыі саміту Эўразьвязу 20–21 сакавіка, зь якім азнаёмілася Радыё Свабода, таксама падымаецца гэтае пытаньне.

«Надзейны шлях да міру павінен уключаць намаганьні для аказаньня гуманітарнай дапамогі, у прыватнасьці, абмен ваеннапалоннымі, вызваленьне мірных жыхароў і вяртаньне ўсіх украінскіх дзяцей і іншых цывільных асобаў, незаконна дэпартаваных і перавезеных у Расею і Беларусь».

Рэйманд сказаў, што праца яго каманды была важнай ня толькі з гледзішча адказнасьці, але і «таксама ў актывізацыі дыпляматычных намаганьняў, у тым ліку скіраваных на перамовы аб вяртаньні дзяцей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG