Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: Грукацца ў дзьверы амэрыканцаў і эўрапейцаў Лукашэнку прымушае эканоміка


Павал Латушка
Павал Латушка

Праблемы ў эканоміцы Беларусі прымушаюць Лукашэнку камунікаваць з заходнімі ўладамі. Такую думку выказаў у эфіры праграмы «ПіК Свабоды» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка.

Латушка: Эканамічная сытуацыя ў Лукашэнкі вельмі цяжкая. Адмоўнае гандлёвае сальда $4,5 млрд. Кажу як былы амбасадар і чалец ураду, гэта рэкорд за гады гандлёвых адносін зь Беларусьсю. У Беларусі назіраецца падзеньне прамысловасьці. Падзеньне вытворчасьці сельскай гаспадаркі. У Віцебскай вобласьці ў прамысловасьці мінус 4,2%, у сельскай гаспадарцы мінус 5%. Чаму Лукашэнка пачаў так моцна грукацца ў дзьверы амэрыканцаў і эўрапейцаў? Бо яго прымушае да гэтага эканоміка.

Пакуль Злучаныя Штаты, на думку Латушкі, ажыцьцяўляюць свой варыянт і камунікуюць зь Менскам у гуманітарных інтарэсах, ён пераконвае Эўразьвяз да іншай тактыкі.

Латушка: Мы кажам эўрапейцам, каб «залатую акцыю» яны трымалі ў сваіх руках, і не аддавалі ні ў якім разе яе Лукашэнку. Бо яе трэба выкарыстаць для рэальных зьменаў унутры Беларусі.

Дэфіцыт у замежным гандлі таварамі павялічыўся да 4,5 мільярда даляраў. У паведамленьні Белстату адзначаецца, што экспарт зьнізіўся на 2,9% у параўнаньні з студзенем—верасьнем 2024 году, а імпарт павялічыўся на 1,6%.

Гэтая статыстыка ня ўлічвае гандлю паслугамі, зьвесткі пра яго не апублікавалі.

Статыстычны камітэт з 2021 году не дае інфармацыі пра замежны гандаль Беларусі з паасобнымі краінамі сьвету. Ведамства дае толькі зьвесткі аб гандлі з краінамі СНД і з астатнім сьветам.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG