Гомельскі назіральнік на парлямэнцкіх выбарах ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Анатоль Паплаўны зьвярнуў увагу Гомельскай-Сельмашаўскай акруговай выбарчай камісіі № 32 на тое, што ўся інфармацыя, датычная выбараў, у памяшканьні камісіі афармляецца выключна на расейскай мове.
«Беларуская Канстытуцыя абвяшчае, што менавіта на дзяржаве ляжыць абавязак забясьпечваць усебаковае разьвіцьцё і функцыянаваньне беларускай і расейскай моваў ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Калі чыноўнікі розных узроўняў кажуць пра роўнасьць дзяржаўных моваў у краіне, то няхай тады й на практыцы забясьпечваюць гэтую роўнасьць, а тым больш падчас такой важнай дзяржаўнай кампаніі, як парлямэнцкія выбары», — кажа назіральнік Паплаўны.
На заўвагу назіральніка адрэагаваў старшыня акруговай камісіі Андрэй Лаўшук:
«На Вашу скаргу аб парушэньні роўнасьці дзяржаўных моваў паведамляем наступнае. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляюцца беларуская і руская мовы.
У выбарчым заканадаўстве Рэспублікі Беларусь не агаворана выкарыстаньне адной або другой дзяржаўнай мовы. Таксама, у адпаведнасьці з артыкулам 12 Закону Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 г. №3094-ХI «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», на які Вы спасылаецеся ў сваёй скарзе, у Рэспубліцы Беларусь дакумэнтацыя па выбарах дэпутатаў і іншых асоб, выбіраемых на дзяржаўныя пасады народам, афармляецца на беларускай або рускай мове. На падставе вышэйпададзенага лічым Вашу скаргу не абгрунтаванай».
З фармальным адказам старшыні акруговай камісіі назіральнік не пагаджаецца.
«Камісія проста ня рупіцца нешта зрабіць, каб забясьпечыць роўнасьць моваў падчас выбарчай кампаніі. У кароткім адказе старшыня камісіі толькі шэсьць разоў выкарыстаў назву краіны — Рэспубліка Беларусь. Але колькі разоў ні кажы «халва», у роце салодка ня будзе. Роўнасьць моваў трэба забясьпечваць і падчас выбарчай кампаніі — гэта абавязак выбарчых камісіяў усіх узроўняў», — лічыць назіральнік.
Таму Анатоль Паплаўны накіраваў ліст старшыні Гомельскай абласной выбарчай камісіі Мікалаю Стошу з прапановай выправіць моўны перакос падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі.