Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя і праўладныя партыі зьбіраюцца агулам вылучыць каля 300 кандыдатаў


Збор подпісаў на вуліцах
Збор подпісаў на вуліцах

Да 1 жніўня сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў могуць вылучыць працоўныя калектывы і палітычныя партыі.

У другой палове ліпеня бальшыня зарэгістраваных у Беларусі палітычных партыяў правядзе зьезды па вылучэньні сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах. Мяркуецца, што сьпіс прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла пасьля зьездаў істотна павялічыцца.

Улаховіч вылучаецца сам і вылучае сваіх казакоў, колькі — невядома

14 ліпеня а 18-й гадзіне адбудзецца зьезд Беларускай патрыятычнай партыі.

Старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч кажа, што перад зьездам у партыі была сурʼёзная дыскусія наконт вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты:

У некаторых людзей ёсьць жаданьне, але няма магчымасьцяў. Або розуму няма. Спачатку імкнуцца, не падумаўшы, што яны будуць там рабіць.

«І многія людзі, у якіх спачатку быў намер балятавацца ў дэпутаты, так бы мовіць, адпалі. Ведаеце, у некаторых людзей ёсьць жаданьне, але няма магчымасьцяў. Або розуму няма. Спачатку імкнуцца, не падумаўшы, што яны будуць там рабіць. Таму сёньня на зьезьдзе мы кожнаму ўручым праграму нашай партыі, па якой яны будуць працаваць.

Што да нават прыблізнай колькасьці — колькі чалавек будуць ісьці па партыйным сьпісе — сказаць не магу. Бо плянавалі адно, але часткова пляны сарваліся, таму на зьезьдзе дакладна высьветліцца, колькі чалавек вылучым. Камусьці мы адмовім, а нехта сам адмовіцца, бо ўбачыць, што ня здолее. Так што ўсё скажу пасьля зьезду.

Сам я вылучаюся шляхам збору подпісаў, стварыў ініцыятыўную групу. Дарэчы, са зборам подпісаў у мяне ніколі не было праблемаў, ніколі!»

АГП вылучыць 40 кандыдатаў

Зьезд Абʼяднанай грамадзянскай партыі пройдзе 17 ліпеня. Ён будзе складацца зь дзьвюх частак. У першай частцы будзе вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты ад партыі і прыняцьце партыйнай праграмы на парлямэнцкія выбары, а ў другой — выбары кіраўніцтва АГП.

У нас свая тактыка, што тычыцца канкрэтных акругаў. Мы працуем у правацэнтрысцкай кааліцыі з рухам «За свабоду» і БХД.

«У нас створана больш за 20 ініцыятыўных групаў, і ўсе людзі, якія ідуць на парлямэнцкія выбары шляхам збору подпісаў, будуць вылучацца і праз партыйны мэханізм. Але, акрамя іх, прыкладна такая ж колькасьць будзе вылучацца толькі ад партыі. У нас свая тактыка, што тычыцца канкрэтных акругаў. Мы працуем у правацэнтрысцкай кааліцыі з рухам «За свабоду» і БХД, кандыдатуры ўзгадняем, дзесьці мы саступаем, дзесьці яны»,— сказаў Свабодзе намесьнік старшыні партыі Леў Марголін.

БНФ хоча вылучыць 72-х

Партыя Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» свой зьезд правядзе 23 ліпеня ў сядзібе партыі. Цяпер праходзяць рэгіянальныя сходы па вылучэньні дэлегатаў зьезду. Дэлегатаў будзе менш, чым на справаздачна-выбарчых зьездах, але ўсё адно зьезд будзе досыць прадстаўнічы — прыкладна 70 дэлегатаў, кажа лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«На цяперашні момант у нашым узгодненым сьпісе 72 патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, могуць быць зьмены плюс-мінус адзін-два чалавекі. Усе, хто вылучаецца шляхам збору подпісаў, будуць дублявацца партыйным вылучэньнем.

Што да вылучэньня шляхам збору подпісаў, гэта больш рэклямная кампанія.

Я мяркую, дзьве траціны акругаў, дзе вылучаюцца нашы кандыдаты, — гэта тыя мясцовасьці, адкуль яны родам, дзе яны шмат гадоў працуюць, дзе іх добра ведаюць. У кагосьці ёсьць вельмі моцная падтрымка, у кагосьці ёсьць імя. Пэўная колькасьць кандыдатаў — 20–25 чалавек — гэта новыя людзі, моладзь, яны таксама будуць рабіць актыўную кампанію, для іх гэта будзе першым досьведам.

Што да вылучэньня шляхам збору подпісаў, гэта больш рэклямная кампанія, асноўны акцэнт робім на працу зь людзьмі. Падчас пікетаў у Менску запісалі некалькі дзясяткаў чалавек, якія гатовыя стаць назіральнікамі на выбарах. Запісваюцца людзі і ў партыю БНФ, і ў „Моладзь БНФ“.

На адным пікеце ў нас быў рэкорд — за дзень 95 подпісаў за мяне сабрала „Моладзь БНФ“. У Слоніме некалькі дзён таму сабралі 1 тысячу подпісаў за вядомага лекара-траўматоляга Івана Шэгу. Так што людзі актыўна падпісваюцца. На пікетах робім і яркія акцыі. Адчуваецца, што ёсьць цікаўнасьць да выбараў і ёсьць падтрымка».

Калякін вылучаецца сам і вылучае 60 партыйцаў

Лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін распавёў Радыё Свабода, што партыйны зьезд па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адбудзецца ў нядзелю, 24 ліпеня, і будзе ён закрытым, таму што там будзе абмяркоўвацца тактыка працы:

«Будзем вылучаць каля 60 чалавек. Натуральна, людзі будуць ісьці па канкрэтных акругах, дзе мы можам правесьці пэўную працу, дзе канкрэтных асобаў ведаюць. Будзем дубляваць тых, хто вылучаецца шляхам збору подпісаў.

Людзей прывучылі да таго, што ад іх нічога не залежыць, таму бальшыня ніяк не рэагуе.

А збор подпісаў, пікеты мы выкарыстоўваем для працы зь людзьмі, гэта дае магчымасьць на месяц працягнуць агітацыю. Вось вы мне тэлефануеце, а я знаходжуся ў Воршы, на цэнтральнай плошчы. Мы можам выстаўляць любую колькасьць пікетаў, і з 8-й раніцы да 22-й вечара размаўляць зь людзьмі, і трэба выкарыстоўваць гэтую магчымасьць. За мінулы год мы падалі заяўкі на правядзеньне каля 500 пікетаў, нам не дазволілі ніводнага. А пад выбары мы можам кожны дзень весьці агітацыю сярод людзей і гэта выкарыстоўваем.

Я не магу сказаць, што ў Воршы высокая актыўнасьць. Людзей прывучылі да таго, што ад іх нічога не залежыць, таму бальшыня ніяк не рэагуе. Падпісваецца ў асноўным моладзь, а больш сталае пакаленьне кажа: „Мы за вас будзем галасаваць, але падпісвацца баімся“. Ну што ж, маем тое, што маем. Я хачу падкрэсьліць: мая галоўная задача — ня збор подпісаў, а паказаць людзям, што ў краіне ёсьць альтэрнатыва, ёсьць іншыя сілы і людзі, якія могуць уплываць на сытуацыю ў краіне. І для многіх людзей тое, што мы стаім пад сьцягам партыі і зьбіраем подпісы, — гэта навінка».

Ляяльныя камуністы вылучаць 3 дзейных дэпутатаў

У суботу 16 ліпеня зьезд па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты правядзе і Камуністычная партыя Беларусі. Намесьніца старшыні КПБ Валянціна Лявоненка паведаміла, што ў новы парлямэнт будуць вылучацца зноў прынамсі трое цяперашніх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама яшчэ некалькі дзясяткаў партыйцаў.

Грамада вылучыць 30 кандыдатаў

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ірына Вештард паведаміла, што зьезд заплянаваны на нядзелю, 17 ліпеня. На сёньняшні дзень плянуецца вылучыць каля 30 кандыдатаў у дэпутаты ад БСДП «Грамада». Але лічба можа зьмяніцца. Што да сваёй кандыдатуры, спадарыня Вештард кажа, што пакуль дакладна ня вызначылася:

Больш чым напалову мой арганізм схіляецца да слова „Не“. Але сябры па партыі настойваюць, так што партыйны лідэр абавязаны вылучацца.

«Але больш чым напалову мой арганізм схіляецца да слова „Не“. Але сябры па партыі настойваюць, так што партыйны лідэр абавязаны вылучацца. Што да астатніх кандыдатур, сёньня прозьвішчы называць ня буду, дачакаемся зьезду».

Сваіх кандыдатаў, як чакаецца, вылучаць таксама Сацыяльна-спартыўная партыя, Партыя працы і справядлівасьці, партыя «Зялёныя» і іншыя. Такім чынам, агулам партыйных кандыдатаў набярэцца каля 300, і конкурс на дэпутацкае крэсла вырасьце да 7 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG