Кіраўнік Кіеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Мікола Калашнік правёў нараду з старшынямі грамад і раённых вайсковых адміністрацый рэгіёну аб узмацненьні абароны і бясьпекі Кіеўскай вобласьці, якая мяжуе зь Беларусьсю.
Апроч таго, удзельнікі нарады азнаёміліся з выкананьнем фартыфікацыйных работ, у тым ліку ў зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.
«З кіраўнікамі грамад абмеркавалі пытаньне дадатковай фінансавай падтрымкі Сіл абароны, узмацненьня мераў бясьпекі і нарошчваньня фартыфікацыйных збудаваньняў», — паведаміў Мікола Калашнік.
15 кастрычніка кіраўнік Службы замежнай выведкі Ўкраіны Алег Івашчанка праінфармаваў Уладзіміра Зяленскага аб апошніх зьвестках, якія ўдалося раскрыць ягонаму ведамству. У прыватнасьці, ён паведаміў пра расейскі плян далейшай ваеннай эксплюатацыі тэрыторыі Беларусі.
«На цяперашнім этапе мы ня будзем публікаваць інфармацыю. Мы папярэдзім партнэраў, якім гэта можа пагражаць», — сказаў Зяленскі.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 300 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум