Згодна з паведамленьнем вайскоўцаў, групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, абстраляла ізраільскіх жаўнераў, якія на падставе дамовы аб спыненьні агню зьнішчалі тэрарыстычную інфраструктуру ў раёне Рафаха.
ЦАХАЛ нанёс авіяўдары і адкрыў артылерыйскі агонь. Папярэдне заявілі, што зьнішчылі некалькі апорных пунктаў і вайсковых збудаваньняў, дзе зафіксавалі тэрарыстычную актыўнасьць. Міністар нацбясьпекі Ітамар Бэн-Гвір заклікаў прем’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу «аднавіць вайну ў поўным аб’ёме», паколькі ХАМАС парушае дамоўленасьці.
У ХАМАС сьцьвярджаюць, што застаюцца прыхільнымі да дамовы аб спыненьні агню і што мэтай нападу быў не ізраільскі патруль, а лідэр мясцовага апалчэньня які выступае супраць ХАМАС.
Перад гэтым групоўка ХАМАС перадала Чырвонаму Крыжу целы яшчэ двух ізраільскіх закладнікаў.
Пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў у сэктары Газы падпісалі 13 кастрычніка. Ізраіль спыніў абстрэлы, ХАМАС вызваліў усіх жывых закладнікаў у абмен на палестынскіх зьняволеных, якія знаходзіліся ў турмах Ізраілю, і пачаў перадаваць целы загінулых ізраільцаў.
Дзярждэпартамэнт ЗША 18 кастрычніка паведаміў пра плянавыя атакі ХАМАС на жыхароў Газі і папярэдзіў, што гэта будзе «сур’ёзным парушэньнем дамовы».
Форум