У розных рэгіёнах Беларусі закрываюцца вясковыя крамы. Спажывецкае таварыства тлумачыць людзям, што ў малых паселішчах краму ўтрымліваць нявыгадна. У некаторых вёсках людзі пратэстуюць, пасьля чаго ўлады вымушаныя крамы адкрываць. Вялікі рэпартаж Свабоды.
Замест стацыянарных гандлёвых пунктаў у малыя вёскі тры разы на тыдзень прыяжджаюць аўтакрамы спажывецкага таварыства. Аднак вяскоўцы кажуць, што гэта вельмі нязручна. Сярод іх шмат пэнсіянэраў, якія мусяць чакаць на холадзе аўтакраму, што прыяжджае паводле пэўнага раскладу.
Івацэвіцкі раён. Вяскоўцы пра нерэнтабэльнасьць крамы: «Плацяць па 200 рублёў пэнсіі — што мы за іх можам купляць?»
Карэспандэнты Свабоды наведалі вёску Гі́чыцы Івацэвіцкага раёну. Тут, за 10 кілямэтраў ад райцэнтру, жыве больш за 100 чалавек. Нядаўна тутэйшую краму закрылі.
Калі журналісты падышлі да аўтакрамы, каля якой сабраліся вяскоўцы, старыя людзі пачалі абурацца, апэлюючы да Лукашэнкі.
«Трэба Лукашэнку сказаць, каб загнаў нас у хлеў ды запаліў. Ды ня трэба будзе ні пэнсію плаціць, нічога... Сто чалавек яшчэ ў сяле, і каб крамы не было!» — скардзіцца бабуля.
Жыхары Гічыц расказалі, што ў вёсцы ёсьць і кандыдатура прадавачкі ў краму, яна гатовая працаваць і за невялікія грошы. Але краму ўсё адно закрылі.
«Гэтая прадавачка ў нас рабіла за 90 рублёў і зь Яглевічаў [8 км] езьдзіла. А ім столькі расходу ідзе на гічыцкую краму, што няма як утрымліваць», — кажа жыхарка Гічыц.
«Пытаюцца: чаму, маўляў, вы нічога не бераце? Дык плацяць па 200 рублёў пэнсіі — што мы за іх можам купляць? Макарону, хлеб, батон ды цукар», — абураецца другая пажылая жанчына.
Людзі кажуць, што самае неабходнае могуць купіць і ў аўтакраме, якая прыяжджае тры разы на тыдзень, але тут ёсьць невыгоды.
«І гэта добра. Але ня нам, старым, як замяце дарогі, тут стаяць...» — наракае жанчына, якая кажа, што ісьці да аўтакрамы ёй каля кілямэтра, а потым яшчэ і стаяць пад адкрытым небам.
Пасьля закрыцьця крамы, кажуць вяскоўцы, у Гічыцах, фактычна не засталося ніякай інфраструктуры — мэдпункт, клюб ды лазьню тут пазакрывалі ўжо даўно.
Бярозаўскі раён. Пасьля збору подпісаў краму паабяцалі адкрыць, калі знойдуць прадаўца
У вёсцы Жычы́н Бярозаўскага раёну пражывае больш за 80 чалавек, у асноўным пэнсіянэры. Краму тут закрылі 26 кастрычніка.
Мясцовы дэпутат Першамайскага сельсавету, сябра аргкамітэту партыі БХД Валер Білібуха сабраў подпісы жыхароў Жычына́ і накіраваў зварот у Бярозаўскі райвыканкам.
«Мы, у большасьці пэнсіянэры, павінны стаяць на холадзе з хворымі нагамі па некалькі гадзін, каб купіць набор няхітрых прадуктаў. Няўжо мы не заслужылі ў дзяржавы годнага сацыяльнага абслугоўваньня?» — запыталіся сяляне.
Мясцовыя ўлады правялі ў Жычыне сход, дзе патлумачылі людзям, што крама закрытая, бо няма кандыдатуры прадаўца.
На сходзе пэнсіянэры называлі і яшчэ адну нязручнасьць аўтакрамы: «Калі забыўся нешта купіць, то ўжо ня вернесься ды ня купіш».
Неўзабаве дэпутату Білібуху прыйшоў і адказ з райвыканкаму, дзе патлумачылі, што калі знойдуць прадаўца, то краму адкрыюць.
«Так бы ціхенька ўсё і прайшло б. Закрылі — і ўсё, хадзіце да аўтакрамы. Я ж буду сачыць за сытуацыяй і дабівацца, каб стацыянарная крама ў Жычыне адкрылася», — сказаў Свабодзе Білібуха.
Ганцавіцкі раён. Крама адкрыецца пасьля пагрозы сялян ня ўдзельнічаць у выбарах
У Ганцавіцкім раёне пасьля закрыцьця крамы ў вёсцы Красы́нічы жыхары склалі зварот у райвыканкам, у якім прыгразілі, што ня пойдуць на выбары ў выпадку, калі краму не адкрыюць.
У сытуацыю мусіў умяшацца нават старшыня райвыканкаму Ўладзімер Бялоў.
На сходзе мясцовых жыхароў кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства заявіла, што краму закрылі, бо яна не прыбытковая. Сялянам прапаноўвалі пашыраць асартымэнт тавараў у аўтакраме. Але вяскоўцы стаялі на сваім: «Адчыняйце краму!»
Урэшце старшыня райвыканкаму Ўладзімер Бялоў паабяцаў людзям, што крама ў Красынічах адкрыецца наноў 15 сьнежня.
Афіцыйна: «Мы прыкладаем усе намаганьні, каб захаваць крамы ў вёсках»
Як сказала Свабодзе намесьніца старшыні «Брэстаблспажыўсаюзу» Ларыса Казлова, кампаніі па закрыцьці вясковых крамаў не праводзіцца.
«Наадварот, мы прыкладаем усе намаганьні, каб захаваць крамы ў вёсках. Але рэчаіснасьць уносіць карэктывы. Калі ўзьнікае вострая сытуацыя, то толькі тады гандлёвыя пункты зьнікаюць, — кажа чыноўніца. — Калі закрываецца стацыянарная крама, мы пераводзім абслугоўваньне людзей на аўтакрамы. Мы не пакідаем населеных пунктаў, працягваем гандляваць, абслугоўваць».
Паводле Людмілы Казловай, плянаў закрыцьця крамаў не існуе. Яна таксама не змагла назваць дакладную лічбу, колькі крамаў было закрыта ў апошні год.
Колькі вясковых крамаў закрылі па краіне?
Белкаапсаюз (Белспажыўсаюз), які абʼядноўвае рэгіянальныя спажывецкія таварыствы, — гэта самая буйная гандлёвая сетка краіны. Летась ёй споўнілася 100 гадоў. Гэтую структуру называюць найбуйнейшым дзяржаўным рытэйлерам. Апроч крамаў, яна мае сетку кавярняў.
Структуры Белкаапсаюзу таксама займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем каштоўных пародаў пушных зьвяроў, скупляюць у насельніцтва ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншыя харчы. Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя падразьдзяленьні, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш за 86 тысяч чалавек.
Белкаапсаюз мае 8,1 тысячы крамаў, сярод іх 6,9 тысячы — харчовых і зьмяшанага асартымэнту. Амаль 70% іх — у сельскай мясцовасьці. 704 аўтакрамы дастаўляюць тавары жыхарам больш як 14,4 тысячы маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных крамаў.
Пытаньне Свабоды пра колькасьць крамаў, закрытых у Беларусі за апошнія два гады, у Белкаапсаюзе праігнаравалі.
Там паведамілі, што сытуацыю рэгулюе пункт 40 Сыстэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўваньні насельніцтва ў галіне гандлю, грамадзкага харчаваньня і бытавога абслугоўваньня, якая зацьверджаная пастановай Саўміну.
Паводле гэтага дакумэнту, калі ў вёсцы жыве меней за 200 чалавек, то яе гандлёвае абслугоўваньне забясьпечваюць аўтакрамы і «іншыя нестацыянарныя гандлёвыя абʼекты» альбо крамы ў бліжэйшых населеных пунктах.
«Аўтакрамы прымаюць папярэднія замовы на тавары. Пэрыядычнасьць і маршруты руху аўтакрамаў узгадняюцца мясцовымі сельсаветамі і райвыканкамамі», — паведамілі ў Белспажыўсаюзе.
У Белкаапсаюзе прывялі такія прыклады ліквідацыі вясковых крам:
- Бярозаўскае райпо зачыніла адну краму — у вёсцы Карпяшы, дзе жывуць 82 чалавекі.
- Ганцавіцкае райпо зачыніла адну краму — у вёсцы Новыя Агарэвічы, дзе жыве 91 чалавек.
- Івацэвіцкае райпо зачыніла 3 крамы — у вёсках Запольле (84 жыхары), Сярадава (100 жыхароў), Кушняры (68 жыхароў).
Аптымізацыя гандлёвай сеткі і карупцыйныя скандалы
У мінулым годзе Свабодзе паведамілі ў Белкаапсаюзе, што больш за 1000 крамаў працуе ў населеных пунктах з колькасьцю жыхароў менш за 100 чалавек. З улікам нізкага абʼёму таваразвароту такіх крамаў і значных выдаткаў на іх утрыманьне (будынкі, заработная плата прадаўца, транспартныя выдаткі па дастаўцы тавараў) сярэднямесячныя страты на адзін абʼект складалі ад 5 да 7 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.
У Белкаапсаюзе паведамілі, што з прычыны скарачэньня вясковага насельніцтва «праводзіцца праца па аптымізацыі стратнай гандлёвай сеткі».
Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка ў леташнім пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу заявіў: «Калі Белкаапсаюз не дакажа сваёй дзеяздольнасьці, рыхтуйцеся да сурʼёзнай рэформы».
Рэформа не адбылася, але ўжо сёлета Лукашэнка даў зялёнае сьвятло для сельскай экспансіі кіраўніку ААТ «Тытунь-інвэст» і сеткі гіпэрмаркетаў «Карона» Паўлу Тапузідзісу.
Праўда, пры гэтым адзначыў, што «мы не павінны замяняць адну сетку іншай. Бо Белкаапсаюз — гэта сёньня разьвітая структура на сяле».
Цяпер «Белкаапсаюзам» кіруе Валеры Іваноў. Да яго гэтую пасаду займаў Сяргей Сідзько, якога ў 2015 годзе Вярхоўны суд пакараў за хабар і злоўжываньне ўладай 12 гадамі турмы. У красавіку гэтага году ў Менску быў затрыманы першы намесьнік старшыні Белкаапсаюзу Дзьмітры Баранаў «у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб карупцыі».