Вясковую краму прасьцей закрыць, чым утрымліваць: штомесячныя страты складаюць ад 5 да 7 мільёнаў на адзін абʼект, лічыць Белкаапсаюз — манапаліст у гандлі на сяле і ў бальшыні райцэнтраў. Вяскоўцы ж мусяць днямі чакаць аўталаўкі ці ехаць па самае неабходнае ў райцэнтар. А вось прыватнікаў у вёску не пускаюць — ствараюць невыносныя ўмовы.
Радыё Свабода 30 красавіка распавядала, што ў сельскай мясцовасьці масава зачыняюцца крамы Белспажыўкаапэрацыі. І вяскоўцы мусяць або чакаць аўталаўкі, або ехаць у бліжэйшы райцэнтар.
Упраўленьне гандлю Белспажыўсаюзу даслала Радыё Свабода афіцыйны адказ, які называецца «Аб аптымізацыі гандлёвай сеткі спажывецкай каапэрацыі».
«70% абʼектаў працуюць у сельскай мясцоваcьці, зь іх больш за адну тысячу крамаў — у населеных пунктах з колькасьцю жыхароў менш за 100 чалавек. З улікам нізкага абʼёму таваразвароту такіх крамаў і значных выдаткаў на іх утрыманьне (будынкі, заработная плата прадаўца, транспартныя выдаткі па дастаўцы тавараў) сярэднямесячныя страты складаюць ад 5 да 7 мільёнаў на адзін абʼект.
У цяперашні час назіраецца тэндэнцыя скарачэньня колькасьці жыхароў у сельскай мясцовасьці, у сувязі з чым праводзіцца праца па аптымізацыі стратнай гандлёвай сеткі Белкаапсаюзу. Закрыцьцё крамаў — гэта крайняя мера, якая ажыцьцяўляецца толькі пасьля дакладнага аналізу іх працы і далейшых пэрспэктыў разьвіцьця населеных пунктаў. Як правіла, зачыняюцца крамы ў вёсках з колькасьцю насельніцтва менш за 200 чалавек».
І далей ідзе пералік інструкцыяў — па ацэнцы выкананьня нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў у гандлі, бытавым абслугоўваньні і г.д., згодна зь якімі дазваляецца закрываць вясковыя крамы.
Упраўленьне гандлю Белкаапсаюзу таксама паведамляе, што ў населены пункт, дзе закрылася стацыянарная крама, тры разы на тыдзень прыяжджае аўталаўка. І апісвае:
«Сучасныя фургоны забясьпечаныя поўным наборам халадзільнага і гандлёвага абсталяваньня, што дазваляе пакупніку мець заўсёды поўны асартымэнт сьвежых харчовых тавараў і прамтавараў штодзённага попыту. У аўтакраме прымаюцца папярэднія замовы на дастаўку тавараў, якія ня ўключаны ў асартымэнтны пералік. У многіх усталяваныя плацёжныя тэрміналы, за пакупкі можна разьлічвацца банкаўскай карткай».
Здавалася б, як паклапаціліся пра вяскоўцаў: далікатэсы ці нейкія ласункі можна нават замовіць — наступным разам прывязуць. А вось жыхары Крычаўскага раёну Магілёўскай вобласьці наракаюць: аўталаўка прыяжджае ў вёскі з суседняга Мсьціслаўскага раёну, бо крычаўскі райспажыўсаюз збанкрутаваў. Аўталаўку даводзіцца чакаць — летам яшчэ сяк-так, а зімой гэта вельмі нязручна. Пасьля таго як машына пройдзе па пыльных дарогах, за шклом тавару не разгледзець. Пральныя парашкі, бытавая хімія знаходзяцца побач з хлебам ды іншымі харчамі. Да таго ж асартымэнт тавараў небагаты, а прадаюцца яны з нацэнкай.
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук выказаў меркаваньне, што спажывецкая каапэрацыя — даўно ўжо перажытак мінулага, але прыватніка яна ў вёску ня пусьціць:
«Гэта калі не зусім яшчэ мярцьвяк, то як істота, што знаходзіцца ў коме, у вэгетатыўным стане: мозг памёр, а цела яшчэ рухаецца. Але праблема глыбейшая: мала таго, што спажыўкаапэрацыя сама ўжо нядзеяздольная, анахранізм, але гэты мярцьвяк бервяном ляжыць і не пускае ў вёску прыватніка. Гэта палітыка і раённых уладаў, мясцовай вэртыкалі, гэта палітыка і самой Белспажыўкаапэрацыі, але гэта і палітыка беларускай улады. Я ведаю шмат прыкладаў, як зачыняюцца крамы ў даволі вялікіх вёсках, і як гэтыя аўталаўкі не заўсёды па раскладзе прыяжджаюць, і нацэнкі там вялікія. Адзінае выйсьце — прыватнік. І ён прыходзіць, але яму такія невыносныя ўмовы ствараюць, таму што ён канкурэнт, ён кідае выклік гэтаму монстру — Белкаапсаюзу, а таксама ўсёй сыстэме ўлады, эканамічнай і палітычнай. А улады ўсё робяць, каб прыкрыць прыватніка. І пакуль я ня бачу сымбіёзу прыватніка і каапэрацыі.
Насамрэч жа каапэрацыі як самастойнай структуры даўным-даўно няма, дзесьці з гадоў 1960–70-х, калі ў яе былі нейкія паі, я памятаю, яшчэ нейкія маркі клеілі гэтым „пайшчыкам“. Але потым дзяржава ўзяла поўны кантроль над Белкаапсаюзам з усімі наступствамі. І мы адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы, якая захавала гэты анахранізм — спажыўкаапэрацыю. Гэта сіямскія блізьняты: беларуская ўлада, дзяржаўны гандаль — Міністэрства гандлю, Белспажыўсаюз...
А прыватніку не дадуць разгарнуцца, яны не пераадолеюць Мінгандлю і Белспажыўсаюз. Выйсьце толькі адно: мяняць сыстэму. Бо пакуль будзе гэтая ўлада, нічога добрага не чакае людзей на сяле».
Сваю незадаволенасьць дзейнасьцю Белспажыўсаюзу выказваў у сёлетнім пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандар Лукашэнка. Ён заявіў: «Калі Белкаапсаюз не дакажа сваёй дзеяздольнасьці, рыхтуйцеся да сурʼёзнай рэформы». Але крытыкаваў ён Белкаапсаюз і летась, і пазалетась, зьмянілі кіраўніцтва, ранейшае — пасадзілі. А праблемы засталіся.