У Менску адкрылася пэрсанальная выстава маладога мастака Вячаслава Кліменкі — першага, каму Міністэрства культуры адмовіла ў статусе творчага работніка. Пры такім раскладзе ён аўтаматычна залічваецца ў «дармаеды» і мусіць заплаціць збор у памеры 20 базавых на так званае «фінансаваньне дзяржаўных расходаў».
Але мастак не зьбіраецца «прыкрывацца» сяброўствам у творчым саюзе ці падавацца ў рамесьнікі. Ён паставіў на мэце даказаць фармалізм у падыходзе да кандыдатаў з боку сябраў экспэртнай камісіі.
З эканаміста ў жывапісцы — «не паложана»
Прэзэнтаваць экспазыцыю пад назвай «Прага колеру» ў менскай галерэі TUT.by 25-гадоваму Вячаславу Кліменку дапамагалі ягоныя сябры зь іншых сфэраў — такія ж маладыя выканаўцы, танцоры, дыджэі. На яго перакананьне, менавіта за падобнымі формамі самаарганізацыі — будучыня сучаснага мастацтва:
«Гэтае мерапрыемства — прыклад яднаньня індывідуўмаў, якія займаюцца рознымі відамі творчасьці. Мы ня ўсе адзін з адным добра знаёмыя, але сабраліся дзеля сумеснага праекту, які існуе толькі дзякуючы індывідуальнасьці кожнага. Кожны паасобку дапамагае зрабіць падзею шматграннай, не перакрываючы адзін аднаго, а дапаўняючы кантэнт. Свабодныя абʼяднаньні людзей, зацікаўленых у агульным выніку, — якраз тое, чаго не хапае нашай краіне. Такія праекты і ў творчасьці, і ў іншых сфэрах — будучае, у якім ужо жыве эўрапейскае грамадзтва».
Вячаслаў Кліменка мае эканамічную адукацыю. У студэнцтве захапляўся фотамастацтвам, рэгулярна ладзіў фотавыставы. Практыкаваўся ў карыкатуры, трапіў у самы поўны ілюстраваны збор майстроў беларускай карыкатуры «Белорусы смеются». Паступова зацікавіўся жывапісам, пачаў ствараць сэрыю працаў, якая і стала стрыжнем экспазыцыі «Прага колеру».
Экспэртаў цікавіць, колькі я прадаў карцін і дзе былі выставы
Пры канцы мінулага году малады мастак паспрабаваў атрымаць статус творчага работніка, каб не папоўніць шэрагі «дармаедаў». Але гутарку з экспэртнай камісіяй ацэньвае як «прыніжальную»: «Любую ідэю можна сапсаваць дрэнным выкананьнем», — канстатуе ён:
«Не бяруся казаць, добрая гэта ідэя сама па сабе ці дрэнная, давайце разгледзім выкананьне — як усё адбываецца на практыцы. Зь нечай лёгкай рукі пэўнае кола людзей надзелена шырокімі паўнамоцтвамі. Масавы глядач, слухач ня бачыць, ня ведае і не знаёмы з вынікам іх дзейнасьці, але яны бяруць на сябе адказнасьць дзяліць творцаў па катэгорыях — годны ці ня годны. Канечне, мне не падабаецца, што людзі, якія ня ўмеюць зарабляць і ў канчатковым выніку хочуць жыць за мой кошт (бо хочуць фінансавыя праблемы перакласьці на мае плечы), бяруцца ўказваць, як правільна займацца творчасьцю».
Вячаслаў паказвае адмову ў наданьні статусу за подпісам першай намесьніцы міністра культуры Ірыны Дрыгі. Пра агульнае стаўленьне да прэтэндэнтаў сьведчыць узровень «уважлівасьці» з боку чыноўнікаў — дрэнная навіна пачынаецца са звароту «Паважаны Васіль Васільевіч». Хоць з пакінутых у ведамстве пашпартных зьвестак вынікае, што заяўнік усё ж Вячаслаў Вячаслававіч. Зрэшты, кажа спадар Кліменка, прыблізна такую ж «ступень павагі» дэманструе і сама працэдура «фільтрацыі»:
«На самой справе не стаіць задача разгледзець у чалавеку талент, камісія патрабуе пацьверджаньні ад іншых людзей. Я прынёс дзьве рэцэнзіі ад аўтарытэтных спэцыялістаў: адна ад вядомай мастацтвазнаўцы Тацяны Бембель, другая — ад мастака Алега Касьцючэнкі. Яны пацьвердзілі, што я займаюся творчасьцю, ня будучы сябрам Саюзу мастакоў. І тут высьвятляецца: экспэртаў цікавіць ня факт занятку жывапісам, а нешта іншае — колькі я прадаў карцін, дзе былі выставы, хто пра мяне пісаў. Калі сказаў, што не прадаў нічога, бо толькі пачынаю, гэта выклікала, па сутнасьці, кпіны зь іх боку. То бок чалавек, які займаецца творчасьцю, але пакуль ня мае посьпеху, замест падтрымкі атрымлівае адлуп. Міністэрства культуры адштурхоўвае мяне са словамі: ну, калі ў цябе няма вынікаў, то на што ты разьлічваеш?»
Законнае права камісіі — галасаваць заўсёды супраць
Па словах Вячаслава, жывапісныя працы, прынесеныя ў якасьці доказу ягоных здольнасьцяў, нікога асабліва не зацікавілі — палова з паўтара дзясятка чальцоў камісіі ў бок імправізаванай экспазыцыі нават не разьвярнуліся. Як кажа суразмоўца, пакідае пытаньні і выпіска з пратаколу: так, адзін з двух галоўных экспэртаў, старшыня Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца, на паседжаньні не прысутнічаў увогуле. Прынамсі падчас ягонага «іспыту».
Тым ня меней, прысуд агучаны на падставе нібыта праведзенай экспэртызы матэрыялаў. І вэрдыкт: адмовіць у выдачы сэртыфікату, паколькі вынікі творчай дзейнасьці не адпавядаюць вызначаным крытэрам. А наступным разам для большай вагі рэкамэндавана прадставіць зьвесткі пра зладжаныя выставы, а таксама водгукі ў прэсе:
«Прэтэндэнты — з самых розных сфэраў: кампазытар, артыст, пісьменьнік, паэт. Мастак, які малюе алеем, быў я адзін. Ацаніць працы — такой задачы не стаяла. Пытаньняў кшталту — як даўно я займаюся маляваньнем, колькі ў мяне карцін, што мяне натхняе, як я мысьлю — не было. Тэмы толькі эканамічнага характару. То бок усё зводзілася да таго, якім чынам я магу папоўніць бюджэт краіны. А фармулёўка адсылкі, дзе ўказваецца, што я мушу прадставіць водгукі ў СМІ, увогуле абсурдная. Якім чынам я, асобна ўзяты чалавек, грамадзянін, магу кіраваць працай той ці іншай рэдакцыі? Гэтая галіна апрыёры ад мяне не залежыць, і я лічу гэта невыканальнай умовай. Перада мной як мастаком можна ставіць толькі тыя задачы, якія я магу выканаць у рамках сваёй творчасьці».
У жыцьці Вячаслаў Кліменка трымаецца правіла: трэба добра рабіць справу, за якую адказваеш, і не шукаць вінаватых у выглядзе «зьнешніх ворагаў», «пятай калёны» ці «дармаедаў». Экспэртная камісія ў цяперашнім складзе, лічыць ён, такога погляду не падзяляе — яе чальцы бяруцца быць экспэртамі ў сфэрах, да якіх у лепшым выпадку маюць ускоснае дачыненьне. Гэта, на яго думку, тлумачыць, чаму праігнараваныя рэкамэндацыі ад адмыслоўцаў, дастатковая колькасьць працаў, а таксама факт заплянаванай выставы. Проста канстатавана, што рашэньне прымаецца большасьцю галасоў. Адпаведна, камісія мае права адмаўляць бясконцую колькасьць разоў, бо гэта яе законнае права — галасаваць заўсёды супраць:
«Некаторым прэтэндэнтам яны пішуць, каб паспрабавалі яшчэ, а іншым не даюць нават такога шанцу, і наступным разам дакумэнты ня будуць прымаць наагул. Або, калі аднойчы заяўку ўжо разглядалі, запатрабуюць дадатковай інфармацыі — зноў жа, выставы, рэцэнзіі і г.д. І тут кола замыкаецца. Справа ў тым, што шмат якіх пляцовак яны папросту не прызнаюць. Я, напрыклад, сказаў, што дзяржаўныя музэі на мае запыты і прапановы правесьці пэрсанальную выставу папросту не рэагуюць, не адказваюць. І ніякіх канкрэтных парадаў ад камісіі на гэты конт я не атрымаў. Хоць, як разумею, людзі, адказныя за мастацтва, творчую дзейнасьць, маглі б неяк дапамагчы. Прынамсі, такой я бачу ролю Міністэрства культуры — у дапамозе маладому мастаку, які нікога ня ведае, але хоча выйсьці ў сьвет, каб праявіць, паказаць сябе».
Мастак — толькі той, хто скончыў Акадэмію мастацтваў
Такім чынам, шэраг творцаў апрыёры аказаліся вінаватымі, што, з аднаго боку, ня маюць спэцыяльнай адукацыі, зь іншага — не належаць да прафэсійных саюзаў. Паводле лёгікі Міністэрства культуры, такія людзі ня маюць права быць на адной прыступцы зь сябрамі прафэсійнага абʼяднаньня:
«З аднаго боку, чалавек займаецца творчасьцю, мае дасягненьні і вынікі, але ня сябра Саюзу мастакоў. Адначасова можна налічыць шмат тых, хто ўваходзіць у саюз, але публіцы не вядомы. Калі паглядзець сьпіс — тысяча мастакоў будзе пэўна, але вынікі іхнай дзейнасьці бальшыні нічога ня скажуць, сваю творчасьць яны не прэзэнтуюць (а якраз у дачыненьні да прэзэнтаваньня камісія мае жорсткія патрабаваньні). Іх ня выключаць з арганізацыі, нават калі яны ня зробяць раз на два гады выставу, няма ніякіх прэтэнзіяў. Выходзіць, што чалавек, апынуўшыся за бясьпечнай рысай, можа весьці жыцьцё, абсалютна не зьвязанае з творчасьцю — пры гэтым фармальна застаючыся творчым работнікам. Дык ці абʼектыўны падыход? Паралельны сьвет!»
Уласныя пэрспэктывы сяброўства ў мастацкай арганізацыі Вячаслаў Кліменка ацэньвае як прывідныя. Між тым сябе мастак лічыць не тэарэтыкам, а практыкам, таму кіруецца сфармуляванай ім самім жа максымай: «Калі ня хочаш апынуцца ў пункце, дзе ўжо стаяць усе астатнія, мусіш рухацца іншым шляхам. А калі ісьці шляхам тэорыі, як бы выдатна ты ні разьбіраў колеразнаўства, майстэрства гэта табе не дадасьць». Але выглядае, што самавукаў у Беларусі ня вельмі чакаюць:
«Саюз мастакоў увёў больш жорсткія правілы — цяпер прымаюць толькі з вышэйшай профільнай адукацыяй. Пры гэтым дыплём, атрыманы ў іншых краінах, ня ўлічваецца — аж да такога. То бок — вузкапрофільная арганізацыя, якая займаецца выключна выпускнікамі Акадэміі мастацтваў. Што тычыцца мяне, я не атрымліваў адукацыю сьвядома, бо гэта неадэкватная трата часу на пабочную дзейнасьць. Амаль перакананы: каб вучыўся ў акадэміі, сёньняшняй выставы б не было, проста не пасьпеў бы яе падрыхтаваць. І раньні старт пэрсанальнай выставы адбыўся толькі дзякуючы таму, што я вольны ад рознай абавязалаўкі. Апроч шаблёнаў, якія, без сумневу, там існуюць, для чалавека з расплянаваным жыцьцём (а я творчасьці аддаю шмат) недапушчальная раскоша траціць столькі часу на дысцыпліны, наўпрост не зьвязаныя з жывапісам. Маса прадметаў засвойваецца па ходу справы, па ходу практыкі».
«Прыкрыцца», каб заняцца самападманам
Каб засьцерагчыся ад сумнеўнага званьня «дармаеда» і заадно ашчадзіць больш за 4 мільёны рублёў прымусовага «аброку», некаторыя творцы спрабуюць тэрмінова «прыкрыцца» сумежнымі структурамі — напрыклад, легалізавацца пад дахам Саюзу дызайнэраў. Вячаслаў Кліменка запэўнівае, што гуляць у хованкі не зьбіраецца:
«Саюз дызайнэраў — яшчэ някепска. Многія проста рэгіструюцца рамесьнікамі, хоць у такім статусе ня маюць права прадаваць карціны, мастацкая дзейнасьць пад гэтую катэгорыю не падпадае. Намагаюцца легалізавацца любым магчымым спосабам. Маё меркаваньне такое: калі нават спрабаваць пайсьці шляхам падмены паняцьцяў, сыстэма ў любым выпадку выставіць мяне вінаватым. Атрымліваецца, што я сам заведама іду на падлог, правакуючы адваротную рэакцыю. У які бок я б ні скіраваўся, мяне ўсё роўна абвінавацяць, што займаюся „неўласьцівай дзейнасьцю“. Не хачу называць рэчы не сваімі імёнамі. Калі гэта жывапіс, то дайце магчымасьць адносіць маю дзейнасьць да жывапісу. Калі рамяство — то рамяство, зусім іншая сфэра».
Не было, працягвае суразмоўца, і ідэі «выехаць» на бацькоўскім аўтарытэце. Вячаслаў Кліменка-старэйшы — некалі пасьпяховы карыкатурыст. Маці Алена — журналістка, вядомая ў творчым асяродзьдзі:
«Калі я ад пачатку падпісваюся нешта падрабляць, падмяняць, фальсыфікаваць, то ўключаюся ў працэс падману. То бок, сам раблюся шулерам, які ўводзіць у зман іншых. Я не лічу такую тактыку выйгрышнай. Некалі кожнаму давядзецца адказваць за свае ўчынкі, за свой выбар, бо выбар мы робім пастаянна. Як толькі я пачну прымяраць на сябе маску хлусьліўца, яна хутка „прырасьце“ і праз гэта я не змагу зноў адчыніць крыніцу творчасьці, крыніцу натхненьня. Аснова любой творчасьці — стопрацэнтная шчырасьць. Таму надзвычай важна захаваць кантакт з душой, у адсутнасьць чаго творчасьць становіцца фальсыфікаванай, несапраўднай. Такой падмены паняцьцяў я не дапушчу, для мяне гэта проста непрымальна».
Вячаслаў Кліменка перакананы: дзяржаўная камісія па вызначэньні статусу творчага работніка — абсурд сама па сабе. Прынамсі ў цывілізаванай краіне. Тым ня меней, якраз гэтым і ганарацца распрацоўнікі дакумэнту, асабліва падкрэсьліваючы — нічога падобнага ў сьвеце яшчэ не было. Што, уласна кажучы, і бянтэжыць творцаў: як паказвае практыка, дзяржаўныя ноў-хаў часьцяком прыводзяць да дыскрымінацыі той ці іншай сацыяльнай групы.