Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінкульт адмовіў палове прэтэндэнтаў на статус "творчага працаўніка". Цяпер яны «дармаеды»


Усім прэтэндэнтам на статус творчага працаўніка — а гэты статус выбаўляе ад неабходнасьці плаціць так званы «падатак на дармаедзтва» ў памеры 20 базавых велічынь — Міністэрства культуры нагадвае: калі за прэтэндэнта не паручыцца які творчы саюз, вагу будзе мець толькі прафэсiйны сэртыфiкат, выдадзены адмысловай экспэртнай камісіяй.

Фармальна дэкрэт «аб дармаедзтве» не закрануў творчых працаўнікоў. Аднак не плаціць падатак на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў можна толькі тым, хто ў творчым саюзе. Іншы варыянт — атрымаць прафэсійны сэртыфікат.

Згодна з апублікаванай на сайце ведамства інфармацыяй, ад канца ліпеня мінулага году адбылося 10 пасяджэньняў камісіі па пацьвярджэньні статусу творчага працаўніка. Разгледжана блізу паўсотні заяваў, зь якіх задаволена толькі палова — такім чынам, толькі 26 кандыдатаў атрымалі адпаведны сэртыфікат. Астатнім параілі або спыніць далейшыя спробы, або ўдасканаліць сваё майстэрства.

Сярод забракаваных больш як двух дзясяткаў кандыдатаў — і малады менскі мастак Вячаслаў Кліменка. Зрэшты, як кажа ён сам, чальцоў камісіі найменей цікавілі ягоныя працы. Экспэрты чакалі справаздачы па колькасьці пэрсанальных выставаў і ўзнагародаў — а такімі рэчамі не заўсёды могуць пахваліцца нават спрактыкаваныя майстры.

Праца Вячаслава Кліменкі
Праца Вячаслава Кліменкі

Праігнараваўшы той факт, што Вячаслаў меў стыпэндыю прэзыдэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, яму параілі паступіць у Акадэмію мастацтваў і праз год паспрабаваць шчасьця наноў:

Вячаслаў Кліменка
Вячаслаў Кліменка

«Не хачу цяпер зводзіць усё да нейкага высьвятленьня адносінаў, але ў мяне праз два тыдні, 22 красавіка, у галерэі TUT.by распачнецца пэрсанальная выстава, якой я хацеў бы прадэманстраваць на практыцы: вось вынікі маёй дзейнасьці, якую экспэрты ня лічаць за нешта вартае. Думаю, што гэта будзе добрай падставай паразважаць, наколькі цывілізаваныя падыходы ў Беларусі да ацэнкі здольнасьцяў творчых людзей».

Дарэчы, Вячаслаў Кліменка кажа, што адпачатку не зьбіраўся паступаць у спэцыялізаваныя навучальныя ўстановы, каб аберагчы сябе ад шаблёнаў і рамак, якія там наўпрост ці ўскосна, але ўсё ж навязваюць.

Праца Вячаслава Кліменкі
Праца Вячаслава Кліменкі

Вядомы музыка і літаратар Юры Несьцярэнка шмат выступае і выдаецца, але ня мае пэўнасьці, што ягоная актыўная творчая дзейнасьць будзе мець хоць якую вагу для Міністэрства культуры:

«Як музыка я зарэгістраваны ў Цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці. У прынцыпе, гэта ёсьць пацьверджаньнем таго, што мае творы ўжо шмат гадоў выкарыстоўваюцца і на дзяржаўных, і на недзяржаўных каналах тэлебачаньня і радыё. Але ці будзе гэта доказам таго, што я зарэгістраваны як аўтар і ствараю музычныя творы? Паводле лёгікі, павінна ўлічвацца, бо ў мяне ёсьць афіцыйная дамова на паўсотні твораў, якія ўвесь час у ратацыі. Пры гэтым я не зьяўляюся сябрам Саюзу кампазытараў, бо ці ня самая важная ўмова сяброўства ў саюзе — адпаведная адукацыя, якой я ня маю, нават музычнай школы няма. А яны да гэтага якраз і чапляюцца».

Зь іншага боку, спадар Несьцярэнка — сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Але і датычнасьць да «апазыцыйных» літаратараў таксама ня факт, што задаволіць экспэртную камісію:

Юры Несьцярэнка з расейскім выканаўцам Андрэем Макарэвічам
Юры Несьцярэнка з расейскім выканаўцам Андрэем Макарэвічам

«Абсалютна невядома, як да нас паставяцца. Зноў жа, паводле лёгікі і ў адпаведнасьці з законам як сябра творчага саюзу я павінен атрымаць ільготы, каб ня быць „дармаедам“ і не плаціць 20 базавых. Іншая справа, як гэты факт расцэніць культурнае ведамства. Карацей, шмат рэчаў, якія не асабліва хто і тлумачыць. Нават незразумела, куды можна зьвярнуцца па дапамогу, таму што адпаведнай працы не вялося і не вядзецца».

Як вынікае з палажэньня аб сэртыфікаце творчага работніка, галоўныя патрабаваньні да прэтэндэнта наступныя:

— вынікі творчай дзейнасьці павінны быць новымі, якія не існавалі раней, зьяўляцца самастойнымі праявамі інтэлектуальных намаганьняў;

— адносіцца да твораў літаратуры і мастацтва, іншых высілкаў у галіне культуры, мастацтва і культурнай творчай дзейнасьці;

— павінны адпавядаць прафэсійнаму мастацкаму ўзроўню вынікаў творчай дзейнасьці;

— апублікаваньне, выкананьне, паказ, давядзеньне да ўсеагульнага ведама спосабамі, якія робяць вынікі творчай дзейнасьці даступнымі публіцы — ня меней за два разы на год цягам апошніх трох гадоў;

— наяўнасьць дзяржаўных узнагародаў, званьняў ляўрэата, дыпляманта міжнародных, рэспубліканскіх, рэгіянальных культурных мерапрыемстваў і іншых заахвочваньняў за творчую дзейнасьць цягам апошніх трох гадоў.

У Міністэрстве культуры ўдакладняюць, што сэртыфікат творчага працаўніка выдаецца бясплатна і дзейнічае пяць гадоў. Потым працэдуру давядзецца паўтарыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG