Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэртыфікат творчага работніка: «несаюзны» — дакажы, што не «дармаед»


Мастак Міхаіл Гулін: «Беларускі аптымізм» (з сэрыі «Квітней!»)
Мастак Міхаіл Гулін: «Беларускі аптымізм» (з сэрыі «Квітней!»)

На веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў мяркуецца ўхваліць Кодэкс Беларусі аб культуры. Законапраект прадугледжвае стварэньне экспэртнай камісіі пры Міністэрстве культуры, якая абавязана пацьвердзіць статус кожнага творчага работніка. Калі кандыдат ня будзе адпавядаць крытэрам ведамства, яго залічаць у дармаеды.

«Вольныя мастакі» не хаваюць абурэньня: пад прыкрыцьцём неадпаведнасьці «высокім патрабаваньням» зьявіцца магчымасьць для перасьледу «нядобранадзейных».

Ідэя «кадыфікацыі» заканадаўства ў галіне культуры абмяркоўвалася некалькі апошніх гадоў, але ўпершыню дэпутаты разгледзелі яе летась. Цяпер дакумэнт рыхтуецца да разгляду ў другім чытаньні. Па словах намесьніцы старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Натальлі Кучынскай, у законапраекце наўпрост прапісана: для пацьверджаньня статусу творцаў, якія не зьяўляюцца чальцамі творчых саюзаў, трэба будзе зьвяртацца ў экспэртную камісію пры галіновым ведамстве. Сябры ж саюзаў будуць пазбаўленыя ад гэтага клопату.

Як удакладніла дэпутатка, у сувязі з прыняцьцём дэкрэту «аб сацыяльным утрыманстве» насьпела неабходнасьць выдаваць адмысловыя дакумэнты. Той, хто атрымае сэртыфікат аб статусе творчага работніка, будзе вызвалены ад сплаты «падатку на дармаедзтва».

Прызнаньне аўтара «творцам» — ня проста тэхнічная працэдура рэгістрацыі. Сваё рашэньне камісія будзе прымаць на падставе экспэртнай ацэнкі. Сярод патрабаваньняў — твор павінен быць прынцыпова новым і самастойным вынікам інтэлектуальнай дзейнасьці, а яго мастацкі ўзровень павінен адпавядаць прафэсійнаму. Музычныя і друкаваныя творы павінны на працягу апошніх трох гадоў публікавацца, публічна выконвацца ці іншымі спосабамі даводзіцца да ўсеагульнага ведама. Пры гэтым выдадзены сэртыфікат могуць і ануляваць — калі дакажуць плягіят.

«Хто вы, уласна кажучы, такія? А судзьдзі хто?»

Менская майстрыня Маргарыта Верамейчык робіць аўтарскія лялькі. Летась у рамках сьвяткаваньня 250-гадовага юбілею Міхала Клеафаса Агінскага яе калекцыя выяваў дванаццаці прадстаўнікоў знакамітага роду з посьпехам экспанавалася ў фамільным палацы Агінскіх у літоўскім Рэтавасе. Але, як кажа спадарыня Верамейчык, шанцы на легалізацыю ў Беларусі мізэрныя:

Майстрыня Маргарыта Верамейчык
Майстрыня Маргарыта Верамейчык

«Патрабаваньні да творцы, які апрыёры ня ёсьць прафэсіяналам, проста неадэкватныя. Гэта прадугледжвае выпуск каталёгаў, водгукі мастацтвазнаўцаў. Фактычна трэба быць дзеячам найвышэйшай катэгорыі. Я з чыноўнікамі размаўляла яшчэ летась і зразумела: асабіста мне нічога ня сьвеціць. Прынамсі, зь іх гледзішча я зусім ня творчы работнік. Выставы ў гістарычным музэі іх не цікавяць, ім патрэбныя паўнавартасныя экспазыцыі з наведнікамі, з рэцэнзіямі і г.д.

Гэта што, мне самой зьбіраць крытыкаў, каб яны водгукі на мяне пісалі? А потым яшчэ мушу пайсьці ў камісію і нешта ім даказваць? Гэта, мякка кажучы, не падыход. Шчыра кажучы, прасьцей у творчы саюз уступіць, чым у нечым пераканаць чыноўніка. Хто вы, уласна кажучы, такія? Як кажуць, а судзьдзі хто?».

«Мастак брэша, а цягнік ідзе»

Папулярны мастак, аўтар шэрагу пэрформансаў Міхаіл Гулін некалькі гадоў таму выйшаў з Саюзу мастакоў — якраз на той падставе, што ўзамен за майстэрню сябрам суполкі выстаўляюць не заўсёды абгрунтаваныя патрабаваньні. Але неўзабаве небясьпека наблізілася зь іншага боку:

Міхаіл Гулін: відэапэрформанс «Мастак брэша, а цягнік ідзе»
Міхаіл Гулін: відэапэрформанс «Мастак брэша, а цягнік ідзе»

«Не ўяўляю, як гэта будзе адбывацца. Чалавечы фактар нікуды не падзець, таму вельмі цікава, хто мяне зьбіраецца ацэньваць. А галоўнае, ці можна гэта зрабіць бесстароньне? У мяне ўжо ёсьць пэўная рэпутацыя, і я не магу прагназаваць, ці змагу атрымаць статус і, адпаведна, легалізаваць сваю дзейнасьць як свабодны мастак. Дарэчы, якраз з падобнай прычыны я выйшаў з Саюзу мастакоў. Занадта там узьнялі плянку. Прыкладам, каб уступіць у „дарослы“ саюз, трэба мець 10 рэспубліканскіх выставаў. Гэта азначае, што папярэдне я 10 гадоў павінен без майстэрні недзе працаваць і пры гэтым штогод выстаўляцца. Але нават калі ты папулярны, запатрабаваны мастак, за год у лепшым выпадку праходзіць тры паказы такога рангу. А проста добры мастак усьцешаны, калі ўдаецца арганізаваць адну аўтарскую выставу, бо таксама трэба прайсьці адбор, конкурс і г.д. Пры гэтым замежныя выставы ніяк ня ўлічваюцца».

Статус «экспэртаў» — аўтаматычна?

Заканатворцы падкрэсьліваюць, што праект Кодэксу Беларусі аб культуры ня мае аналягаў у сьвеце. Што, уласна кажучы, і бянтэжыць шматлікіх творцаў — дзяржаўныя ноў-хаў часьцяком прыводзяць да дыскрымінацыі пэўнай сацыяльнай групы. Маргарыта Верамейчык выказвае меркаваньне адносна таго, навошта спатрэбіліся новыя экспэрымэнты:

Род Агінскіх у лялечнай галерэі Маргарыты Верамейчык
Род Агінскіх у лялечнай галерэі Маргарыты Верамейчык

«Зразумела, навошта гэта робіцца. Каб не было так званых дармаедаў, не было б патрэбы „фільтраваць“ творцаў. Усё вынікае адно з другога. Закон неправамерна прыняты дэкрэтам і сам па сабе проста абсурдны — хто даў права наклейваць ярлыкі? У выніку адзін абсурд цягне за сабой імітацыю бурнай дзейнасьці ў астатніх напрамках. Хоць насамрэч трэба было б паскарачаць тых „экспэртаў“, якія акупавалі шматлікія камісіі — вось дзе была б эканомія. А то атрымліваецца, што беспрацоўны мусіць дзяржаве грошы плаціць. Раскулачаць дармаедаў, каб пракарміць экспэртаў».

Мастак Міхаіл Гулін не выключае, што калі небясьпека стаць дармаедам набудзе рэальныя абрысы, то ён паспрабуе ўступіць у Беларускі саюз дызайнэраў. Прынамсі, выказвае скептыцызм наконт таго, ці выпішуць яму экспэрты камісіі Мінкульту сэртыфікат «творчага работніка». Дык хто яны — людзі, якія будуць распараджацца лёсамі мастакоў, дызайнэраў, кампазытараў?

Міхаіл Гулін. Паліптых: «Цудоўная пяцёрка» (з сэрыі «Квітней!»)
Міхаіл Гулін. Паліптых: «Цудоўная пяцёрка» (з сэрыі «Квітней!»)

«Я так мяркую, што гэта адны і тыя ж твары: нехта з Нацыянальнага мастацкага музэю, нехта зь Міністэрства культуры. Што, мяркуючы па ўсім, надае ім статус „экспэртаў“ аўтаматычна. Хоць зразумела, што людзі ня могуць быць аднолькава крутымі спэцыялістамі ў любой галіне. Таму такі падыход — ацэньваць агулам — выглядае як мінімум дзіўна. Хто гатовы ўзяць на сябе ролю цэнзара — пытаньне не шараговае. Скажам, сучаснае мастацтва, якім я, уласна кажучы, і займаюся, — гэта зусім маладая плынь, і цяжка знайсьці нават пяць дасьведчаных спэцыялістаў, якія могуць даць незалежную ацэнку. Няма, па сутнасьці, экспэртаў! Напрыклад, я займаюся пэрформансам — хто ў гэтым разьбіраецца? Адзіны экспэрт — Віктар Пятроў, які ладзіць фэст „Навінкі“. Хто будзе па акцыянізьме ацэньваць? А калі ты яшчэ відэа робіш? У нас па сучасным мастацтве зусім спрэчная сытуацыя».

Такім чынам, калі Кодэкс Беларусі аб культуры будзе ўхвалены, творцаў, якія ня пройдуць сіта экспэртнай камісіі Міністэрства культуры, аўтаматычна прыраўнаюць да дармаедаў з абавязковай выплатай гадавога «аброку» ў памеры 20 базавых велічынь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG