На думку Кента, гэты тэлеканал павінен стаць прыкметнай зьявай на рынку расейскамоўных сродкаў масавай інфармацыі. Назва «Настоящее время» апісвае задачы новага каналу — забясьпечыць расейскамоўную аўдыторыю праўдзівай, актуальнай і аб’ектыўнай інфармацыяй.
«Настоящее время» вядзе кругласутачнае вяшчаньне ў інтэрнэце і тэлеэфіры. Місія каналу — забясьпечыць расейскамоўнай аўдыторыі ва ўсім сьвеце доступ да аб’ектыўнай інфармацыі і стаць альтэрнатывай крамлёўскім сродках масавай інфармацыі.
Аснову вяшчаньня складаюць выпускі навін, інфармацыйныя праграмы, якія выходзяць штодзённа з 2015 году, а таксама падрыхтаваныя Рускай службай Радыё Свабода ток-шоў па актуальных пытаньнях грамадзкага жыцьця. Тэлеканал таксама дэманструе дакумэнтальныя фільмы, у тым ліку кінастужкі, зьнятыя ў рамках праекту Рускай службы Радыё Свабода «Прыкметы жыцьця».
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая ўваходзіць у сыстэму міжнароднага вяшчаньня ЗША — ставіць сваім заданьнем распаўсюджваньне каштоўнасьцяў дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці, зьвяртаючыся да аўдыторыі тых краінаў, у якіх свабода прэсы або забароненая, або абмежавана ўладамі, або пакуль ня стала нормай жыцьця грамадзтва.