Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стывэн Кінг, Натаніэль Готарн і Марыё Варгас Льёса — улюбёныя аўтары паверанага ў справах ЗША ў Беларусі


Галоўная тэма стэнда амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі на Менскім міжнародным кніжным кірмашы — амэрыканскія нобэлеўскія ляўрэаты па літаратуры. У цэнтры экспазыцыі — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2016 году Боб Дылан, ягоныя кнігі, дыскі, кружэлкі.

«Прадстаўляючы творы нобэлеўскіх ляўрэатаў, мы прадстаўляем усю выбітную амэрыканскую літаратуру», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі.

На пытаньне Радыё Свабода, ці шмат цяпер чытае маладое амэрыканскае пакаленьне, ці карыстаюцца попытам друкаваныя кнігі альбо іх выцясьняюць электронныя, спадар Райлі адказаў так:

Робэрт Райлі
Робэрт Райлі

— Я быў вельмі зьдзіўлены, калі летась азнаёміўся з вынікамі аднаго дасьледаваньня, якое ладзіў адзін з амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Вынікі дасьледаваньня несуцяшальныя: людзі цяпер не чытаюць. Хоць я таксама лічу, што амэрыканцы чытаюць усё менш і менш. Але гэтае дасьледаваньне паказала, што манера, у якой яны чытаюць, адрозьніваецца ад той, у якой чыталі мы. Электронныя кнігі — усё ж такі таксама кнігі. Асабіста мне яны не даспадобы, мне яны падабаюцца менш, чым папяровыя. Але калі мне ўдасца прымусіць або заахвоціць маіх сыноў, каб яны чыталі з Kindle, хоць гэта і не папяровая кніга, я буду толькі ўсьцешаны.

Калі я вучыўся ва ўнівэрсытэце і трэба было здаваць залікі ці іспыты, я таксама чытаў нейкія творы ў скарочаным варыянце, каб здаць залік. Але гэта ня значыць, што я ўвогуле не любіў чытаць. Я думаю, што галоўная задача — заахвоціць і моладзь, і дарослых да чытаньня ня толькі дзеля забавы, а дзеля ведаў. Самы папулярны аўтар, які цяпер лепш за ўсіх прадаецца ў сьвеце, — гэта Джэймс Б. Патэрсан. Але ён піша толькі забаўляльныя кнігі. А людзей трэба заахвочваць, каб яны чыталі самыя разнастайныя жанры, сурʼёзную літаратуру. І я не лічу, што гэта так прынцыпова — чытаць электронныя ці папяровыя кнігі. Галоўнае — каб людзі наагул чыталі.

— А каго вы любіце чытаць, хто вашы любімыя аўтары?

— Стывэн Кінг. Але гэта як забаўляльнае чытво. А з сурʼёзных мой любімы аўтар — амэрыканскі пісьменьнік Натаніэль Готарн. Найбольш вядомая яго кніга называецца «Пунсовая літара».

Я таксама валодаю гішпанскай мовай, і мне вельмі падабаецца пэруанскі пісьменьнік Марыё Варгас Льёса, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ў 2010 годзе.

— А каго-небудзь зь беларускіх аўтараў вы ўжо пасьпелі прачытаць?

— Давайце на гэтае пытаньне я вам адкажу празь некалькі месяцаў. Я пачаў чытаць, але давайце пра гэта крыху пазьней пагаворым. Натуральна, я чытаў творы Сьвятланы Алексіевіч, я ведаю пра яе. Але я не хацеў бы даваць такі відавочны адказ.

Амбасада ЗША ў Беларусі бярэ ўдзел у Менскіх міжнародных кніжных кірмашах ужо дваццаты раз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG