Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Гэта настолькі ненатуральна для Караткевіч, што яна ператвараецца ў плястмасавую ляльку

абноўлена

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

У чарговай перадачы сэрыі «Кандыдаты прэзыдэнцкіх навук» кандыдат у прэзыдэнты ў 2010 годзе Ўладзімер Някляеў адказвае на пытаньне, чаму на тых выбарах ён прапаноўваў Расеі скупляць беларускія прадпрыемствы, і чаму за некалькі дзён да галасаваньня ён заклікаў усіх кандыдатаў зьняцца, распавядае, каго, акрамя сябе, ён вылучаў у адзіныя кандыдаты, і тлумачыць, як ён ставіцца да Тацяны Караткевіч.

11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць пятыя ў гісторыі краіны прэзыдэнцкія выбары. Свабода працягвае цыкль інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Усіх калісьці зарэгістраваных кандыдатаў мы спытаем, што яны цяпер кажуць пра свой удзел у выбарах, і што думаюць пра сёлетнюю кампанію. На выбарах 2010 году Ўладзімер Някляеў, паводле афіцыйных дадзеных, набраў 1,78 працэнта галасоў.

Цыганкоў: Калі ўспамінаць выбары 2010 году, у якіх вы бралі ўдзел, то мне, сярод іншага, згадваецца адзін эпізод. За некалькі дзён да даты галасаваньня вы заклікалі ўсіх дэмакратычных кандыдатаў зьняцца. Чаму? Ці ў вас ужо было адчуваньне, чым гэта можа скончыцца?

Някляеў: У мяне быў факт. 9 сьнежня, за 10 дзён да галасаваньня, Аляксандра Лукашэнку, якога Расея да гэтага цягам усяго году пляжыла, зьневажала, паказвала фільмы «Хросны Бацька», паклікалі ў Крэмль. Расея дала знак, што яна падтрымае Лукашэнку на выбарах. І гэта карэнным чынам зьмяніла сытуацыю і зьмяніла мае адносіны, маё бачаньне дня галасаваньня, і таго, што будзе ўвечары і назаўтра пасьля выбараў. Таму я тады каля рэзыдэнцыі Лукашэнкі паставіў пікет і заклікаў усіх кандыдатаў ад дэмакратычнай апазыцыі зьняцца з выбараў і пакінуць Лукашэнку аднаго. На жаль, гэтага не сталася.

Цыганкоў: Тады падчас кампаніі вы зрабілі некалькі спрэчных заяваў —што вам дагэтуль некаторыя ўзгадваюць. Напрыклад, што расейцы павінны мець права на прыватызацыю, што яны маюць права купляць у Беларусі, што хочуць. Чым былі выкліканыя гэтыя заявы? Вы так самі думалі ці скажам, гэта быў такі паліттэхналягічны ход?

Някляеў: На той момант Расея, здавалася, разьвітваецца з Лукашэнкам, шукае нейкі іншы варыянт. Трэба было з Расеяй на гэтай пляцоўцы гуляць. Гэта палітыка. І калі Расея заяўляла, што ў яе ёсьць нейкія правы на тую маёмасьць, якая засталася тут ад Савецкага Саюзу, у прыватнасьці, газаправоды — то дзеля дасягненьня мэты (а мая мэта была перамагчы, мой дэвіз быў «Я прыйшоў, каб вы перамаглі») можна было рабіць і больш сур’ёзныя заявы.

Цыганкоў: 19 сьнежня да Плошчы вы не дайшлі. Вашую калёну разграмілі недалёка ад вашага офіса, каля вуліцы Няміга. Вас жорстка зьбілі, у выніку чаго вы страцілі прытомнасьць. Навошта яны гэта зрабілі яшчэ да Плошчы толькі з адным кандыдатам, менавіта з вамі?

Мы зь ім узгаднялі нашыя пляны позна ўвечары, 18 сьнежня. Мы ўзгаднялі пляны наконт Плошчы і раней, утрох: я, Мікола Статкевіч і Зьміцер Дашкевіч. І назаўтра ж пасьля ўзгадненьня гэтых плянаў Дашкевіча разам з Лобавым арыштавалі.

Някляеў: Шмат можна было пачуць папрокаў адносна таго, што апазыцыя ня мела ніякага пляну на дзень галасаваньня. Няпраўда — я, ва ўсякім разе такія пляны меў. І не адзін я, а таксама Мікола Статкевіч. Мы зь ім узгаднялі нашыя пляны позна ўвечары, 18 сьнежня. Мы ўзгаднялі пляны наконт Плошчы і раней, утрох: я, Мікола Статкевіч і Зьміцер Дашкевіч. І назаўтра ж пасьля ўзгадненьня гэтых плянаў Дашкевіча разам з Лобавым арыштавалі. Я перакананы, што плян дзеяньняў быў перададзены ў адпаведныя інстанцыі, і менавіта там было прынятае рашэньне, якое прывяло да падзеяў спачатку на вуліцы Калектарнай, а потым і на Плошчы каля Дому ўраду.

Цыганкоў: Вы вядомы паэт, былы Старшыня Саюзу пісьменьнікаў. Як для вас было з вашым жыцьцёвым досьведам апынуцца за кратамі?

Някляеў: Нічога добрага ў турме няма. Няволя ёсьць няволя, краты ёсьць краты. Але дайце мне веры, што там я больш пакутваў не праз тое, што мяне дапытвалі, зьдзекваліся зь мяне. А праз тое, што мне не ўдалося зьдзейсьніць задуманае. Я ня думаў пра сваю турму, я думаў пра тую турму, у якой застаецца Беларусь, 10 мільёнаў людзей, якія застаюцца за кратамі.

2012 г.
2012 г.

Гэта не высокія словы. Я вельмі перажываў за сваю памылку. А я лічыў, што дапусьціў істотную памылку, калі ня здолеў абараніць сябе і сваіх паплечнікаў ад нападу, ня здолеў ня трапіць у турму, і давесьці да канца задуманае. Магчыма, я перабольшваў свае сілы. Але ў мяне была такая вера, што мы здольныя гэта зрабіць, нязрушная. І я проста ня мог паверыць, што гэтага не адбылося. І менавіта гэты момант быў для мяне самым пакутлівым за кратамі.

Цыганкоў: Калі пераходзіць да гэтай выбарчай кампаніі, то цяпер вы заклікаеце ўсіх дэмакратычных кандыдатаў зьняцца. Але ваша пазыцыя не заўсёды была такой. Калі восеньню, зімой абмяркоўвалася пытаньне адзінага кандыдата, то вы не выключалі такую магчымасьць. У які момант вы вырашылі, што ўдзельнічаць у гэтых выбарах ня варта?

Някляеў: Перш за ўсё хачу сказаць, што я прымаў рашэньне ўдзельнічаць у выбарах ня сёньня, ня ўчора і нават ня ў той момант, калі заявіў пра свой выхад з апазыцыі. Я прыняў гэтае рашэньне адразу, калі выйшаў з турмы. І заявіў, што я пайду на выбары 2015 году дзеля сатысфакцыі за 2010 год. Я шчыра быў перакананы, што мой грамадзянскі абавязак і мужчынскі доўг — паквітацца з тымі людзьмі, якія так абышліся ня толькі са мной, але і ўсім беларускім народам.

Але потым адбылася Ўкраіна. І я, у адрозьненьні ад іншых, быў на Майдане, нават тады, калі там стралялі, вырашалі, што штурмаваць. І раптам мне адкрылася тое, што ня бачылася ў 2010 годзе — што захоп нейкага будынку, які належыць уладзе, ці нейкая перамога на лякальным участку ці нават у горадзе, не вырашае, на жаль, праблему рэжыму. І я пачаў шукаць іншыя магчымасьці. І такой магчымасьцю мне здаўся адзіны кандыдат, які б акумуляваў усе сілы, якія засталіся пасьля 2010 году. Які б сабраў гэтыя 20-25 працэнтаў адназначнай падтрымкі выбарцаў плюс набраў бы 15-20 працэнтаў сваёй актыўнай працай на выбарах. На жаль, людзі не змаглі падняцца над асабістымі і карпаратыўнымі інтарэсамі, і выбралі не інтарэсы Беларусі, а інтарэсы сваёй партыі ці руху.

Цыганкоў: То бок, калі б восеньню ці зімой было б прынятае агульнае рашэньне выходзіць на адзінага кандыдата — вы б падтрымалі гэта рашэньне?

Я не хаваю, я прапаноўваў сябе. Але — ня выйшла. Тады я прапанаваў Мілінкевіча — зноў ня выйшла. Лябедзьку, Калякіна — не выйшла.

Някляеў: Безумоўна, я пра гэта ня раз гаварыў. Я не хаваю, я прапаноўваў сябе. Але — ня выйшла. Тады я прапанаваў Мілінкевіча — зноў ня выйшла. Лябедзьку, Калякіна — не выйшла. Толькі пасьля таго, як я скарыстаў усе магчымасьці, я выйшаў з апазыцыі, якая гуляла дзеля сябе, але гэта ніяк не адлюстроўвала інтарэсы Беларусі.

Цыганкоў: Вы выйшлі з кампаніі Гавары праўду, але ў інтэрвію гаварылі, што асабіста будзеце падтрымліваць Тацяну Каратквіч. Але гэтае вашае асабістае стаўленьне супярэчыць вашым палітычным падыходам, бо вы заклікаеце ўсіх, у тым ліку Караткевіч, зьняцца з выбараў. Вы па-ранейшаму гатовыя яе падтрымаць?​

Някляеў: Да гэтай пары магчымасьць кансалідавацца ў супрацьстаяньні рэжыму не страчаная. І замест таго, каб зараз сабачыцца, грызьці адзін аднаго, я паспрабаваў бы скарыстаць магчымасьці для аб’яднаньня. Калі выходзіць, што Караткевіч застаецца як бы адзіным кандыдатам, так склалася, — то чаму б не пагаварыць зь ёй, паставіць адпаведныя прынцыповыя умовы. Каб яна сказала наўпрост «калі вы не вызваляеце палітвязьняў, я здымаюся». Ці «калі вы не выконваеце нават свае выбарчыя законы — я здымаюся». І калі б зьняўся адзіны кандыдат праз тое, што ён ня згодны ўдзельнічаць у выбарах, якія праводзіць рэжым пры ўтрыманьні палітвязьняў, наборам новых вязьняў, пагардлівымі адносінамі да дэмакратыі, да народу — тады гэты палітычны крок быў бы значна больш мацнейшы.

Вось чаму я заяўляю, што нягледзячы ні на што, я гатовы падтрымаць Караткевіч. Але для гэтага мне найперш патрэбны доказ, што гэта кампанія сапраўды сабрала сто тысяч подпісаў. Калі гэта ня будзе даказана, то ніхто не паверыць, і апазыцыя проста згрызе сама сябе да рэшты.

Цыганкоў: Вы працавалі з Караткевіч некалькі гадоў у «Гавары праўду». Якое ваша ўражаньне — ці яна палітычна дастаткова самастойны чалавек, ці яна прадстаўляе на сёньня перш за ўсё не сябе як асобу, а тых людзей, якія раяць і падказваюць ёй, што гаварыць і рабіць?

Някляеў: Караткевіч сёньня прадстаўляе ідэалёгію кампаніі «Гавары праўду». Тую, якая склалася на сёньняшні момант. І якая мне асабіста без патрэбы. Гэта была адна з прычын, па якіх у нас узьнік унутраны канфлікт, які разьвіваўся і прывёў да таго, да чаго прывёў. Але кампанія «Гавары праўду» ня горшая за іншыя апазыцыйныя структуры, яна такая самая.

2011 г.
2011 г.

І Тацяна ня горшая за іншых кандыдатаў, у яе ёсьць свае перавагі, яна вельмі натуральная. Але ёй не дае быць натуральнай сытуацыя.

І Тацяна ня горшая за іншых кандыдатаў, у яе ёсьць свае перавагі, яна вельмі натуральная. Але ёй не дае быць натуральнай сытуацыя. Гэта дзяўчына, якая адстаяла некалі са мной у пікетах, на марозе, якая стаяла з маёй жонкай разам на прыступках будынку КДБ, дзе сядзеў Статкевіч, і, зрываючы голас, крычала людзям «Стойце, дапамажыце!». І раптам сёньня яна глыбакадумна заяўляе, што вылучаць Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты непрагматычна з пункту гледжаньня палітыкі. Гэта абсалютна не яе, гэта настолькі для яе не натуральна, што яна ператвараецца ў плястмасавую ляльку, прычым камсамольскую плястмасавую ляльку.

Я ня маю ніякіх злосных намераў у дачыненьні да лідэраў апазыцыйных структураў, тым больш, да людзей, якія працавалі ў кампаніі «Гавары праўду». Яны найблізкія да мяне людзі, але, выбачайце за банальнасьць, прынцыповыя рэчы для мяне важней за асабістыя.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG