Дональд Трамп пракамэнтаваў гэта пасьля завяршэньня перамоў у Эр-Рыядзе паміж дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё, іншымі афіцыйнымі асобамі ЗША і расейскай дэлегацыяй на чале зь міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым.
«Я думаю, што ў мяне ёсьць сіла спыніць гэтую вайну», — сказаў ён журналістам, выступаючы на прэс-канфэрэнцыі ў сваім доме ў Мар-а-Ляга ў Флорыдзе.
Ён сказаў, што можа сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у гэтым месяцы і сказаў, што ня будзе супраць, калі эўрапейцы адправяць міратворчыя войскі ва Ўкраіну (ідэя, якая абмяркоўвалася падчас саміту ў Парыжы 17 лютага).
«Калі яны хочуць гэта зрабіць, я цалкам за», — сказаў Трамп, дадаўшы, што Злучаныя Штаты не плянуюць уводзіць войскі ў любы кантынгент, накіраваны ва Ўкраіну для гарантый бясьпекі.
Ён таксама адхіліў заклапочанасьць Украіны з нагоды таго, што яе пакінулі ў баку ад перамоваў у Саудаўскай Арабіі, паўтарыўшы сваё сьцьвярджэньне, што калі б ён быў прэзыдэнтам у 2022 годзе, ён мог бы заключыць угоду з Расеяй, каб перадухіліць уварваньне.
«Сёньня я пачуў „ой, нас не запрасілі“. Вы там тры гады, — сказаў Трамп, маючы на ўвазе Ўкраіну. — Ты ніколі не павінен быў пачынаць. Ты мог заключыць угоду».
Трамп не ўдакладніў, што ён меў на ўвазе, але часта вінаваціў у вайне жаданьне Ўкраіны ўступіць у NATO. Экспэрты кажуць, што поўнамаштабнае ўварваньне Расеі было абумоўлена імпэрскімі амбіцыямі Пуціна, а не амбіцыямі Ўкраіны ў NATO, якія ў той час ня мелі падтрымкі з боку Захаду.
Трамп дадаў, што Ўкраіна павінна правесьці выбары, кажучы: «Гэта не ад Расеі, гэта тое, што ідзе ад мяне і ад многіх іншых краінаў».
Іншыя афіцыйныя асобы ЗША выказалі здагадку, што Ўкраіна магла б правесьці выбары пасьля пагадненьня аб спыненьні агню, і гэта было б «добра для дэмакратыі».
Але Канстытуцыя Ўкраіны забараняе праводзіць выбары ва ўмовах ваеннага становішча, якое было ўведзена, калі Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ў лютым 2022 году і працягваецца дагэтуль пасьля неаднаразовых падаўжэньняў.
Пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага павінен быў скончыцца ў траўні 2024 года пасьля выбараў у сакавіку, і Пуцін заявіў, што ня будзе весьці перамовы зь Зяленскім, таму што ў яго ня будзе паўнамоцтваў падпісаць мірнае пагадненьне.
На перамовах у Эр-Рыядзе, першых афіцыйных перамовах на высокім узроўні паміж Вашынгтонам і Масквой пасьля ўварваньня ў 2022 годзе, Расея і Злучаныя Штаты дамовіліся стварыць групы для перамоваў аб шляху да спыненьня вайны «як мага хутчэй», сказаў дзяржсаратар ЗША Марка Рубіё.
Юрый Ушакоў, памочнік Пуціна ў замежнай палітыцы, пацьвердзіў дамоўленасьць аб перамоўных групах, але сказаў, што «цяжка» абмяркоўваць дату патэнцыйнай сустрэчы Трампа і Пуціна.
Рубіё сказаў, што Эўрапейскаму зьвязу «ў нейкі момант давядзецца сесьці за стол» з прычыны санкцый, якія гэты блёк увёў.
Санкцыі былі ўведзеныя ў выніку канфлікту, сказаў ён, выступаючы ў інтэрвію Associated Press і CNN:
«Каб пакласьці канец любому канфлікту, усе бакі павінны пайсьці на саступкі».
Рубіё адзначыў неабходнасьць удасканаленьня пасольстваў ЗША і Расеі з мэтай стварэньня місій па падтрымцы мірных перамоваў, двухбаковых адносін і супрацоўніцтва ў больш шырокім пляне.
«Калі нашы дыпляматычныя каналы будуць парушаныя, будзе вельмі цяжка пасьлядоўна абмяркоўваць мноства тэмаў, у тым ліку некаторыя не зьвязаныя паміж сабой раздражняльнікі, якія могуць сарваць больш шырокія перамовы па Украіне», — сказаў Рубіё.
Ён заклікаў да хуткіх дзеяньняў па аднаўленьні «нармальнасьці» ў амбасадах, дадаўшы, што было б «важна падрыхтаваць глебу для дзьвюх іншых рэчаў, якія мы хочам зрабіць».
Некаторыя эўрапейскія лідэры, устрывожаныя радыкальнымі зьменамі ў палітыцы ЗША ў дачыненьнях з Расеяй, баяцца, што Вашынгтон пойдзе на сур’ёзныя саступкі і перапіша рэжым бясьпекі кантынэнту.
Зяленскі, які адклаў да наступнага месяца візыт у Саудаўскую Арабію, што быў заплянаваны на 19 лютага, заявіў, што любыя перамовы, накіраваныя на спыненьне вайны, павінны быць «справядлівымі» і з удзелам эўрапейскіх краін, у тым ліку Турэччыны, якая прапанавала правесьці перамовы.
Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Майкл Уолц заявіў, што любая гарантыя пасьляваеннага міру павінна быць «пад кіраўніцтвам Эўропы», паўтарыўшы заклікі афіцыйных асоб ЗША да эўрапейскіх саюзьнікаў павялічыць выдаткі на абарону і пахваліўшы Вялікую Брытанію і Францыю за «размовы пра большы ўклад у бясьпеку Ўкраіны».
Падчас саміту 17 лютага ў Парыжы эўрапейскія лідэры выказалі гатоўнасьць прапанаваць Украіне гарантыі бясьпекі, але папярэдзілі, што ўзровень такіх гарантыяў будзе залежаць ад удзелу Вашынгтону ў выпадку ўсёабдымнага мірнага пагадненьня.
19 лютага ў Францыі адбудзецца другая сустрэча, на якой будуць абмяркоўвацца вайна ва Ўкраіне і эўрапейская бясьпека. На гэты раз Канада і эўрапейскія краіны, якія не прысутнічалі на папярэднім надзвычайным саміце, будуць удзельнічаць.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.