У праекце бюджэту Беларусі на 2018 год на разьвіцьцё навукі закладзена 0,58% ад валавога ўнутранага прадукту. Гэта болей, чым было тры апошнія гады, бо ў 2015, 2016 і 2017 гадах на гэтыя ж мэты штогод выдзялялася 0,52% ВУП.
Гэтыя лічбы прагучалі сёньня ў Палаце прадстаўнікоў, дзе прайшоў круглы стол «Праблемы ўкараненьня айчынных інавацый прадпрыемствамі прамысловасьці краіны».
Аднак невялікае падвышэньне, якому, дарэчы, яшчэ трэба надаць юрыдычную сілу закону, не ўвяло прысутных у зман.
Першы намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналёгіях Андрэй Касоўскі згадаў, што на пачатку 2000-х на навуку ішло больш за 1% ВУП. І дадаў, што, паводле міжнародных стандартаў, калі краіна выдзяляе на навуковыя распрацоўкі меней за 1% свайго ВУП, то навука ў такой краіне дэградуе.
Першы намесьнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык сваёй рэплікай толькі падкрэсьліў складаную для Беларусі сытуацыю: «У такой цікавай краіне, як Ізраіль, на навуку трацяць 4,5% ад ВУП».
Колькасьць навукоўцаў скарацілася ў чатыры разы
Удзельнікі дыскусіі склалі своеасаблівы трохкутнік: навукоўцы, практыкі і заканадаўцы. Кожны скардзіўся на свае праблемы. Навукоўцы незадаволеныя тым, што прадпрыемствы мала ўвагі аддаюць іхным навінкам. Практыкі з прадпрыемстваў прызнаваліся, што вельмі асьцярожна бяруць бюджэтныя грошы на ўкараненьне інавацый. Маўляў, ня кожная навінка сябе апраўдвае, а кантралёры патрабуюць справаздачы за кожны бюджэтны рубель. Заканадаўцы цікавіліся, чым яны могуць дапамагчы і навукоўцам, і практыкам.
А перамены сапраўды патрэбныя. Як падкрэсьліў спадар Чыжык, калі прадпрыемства не прапаноўвае новай прадукцыі, яно вымушана сыходзіць са зьнешніх рынкаў. А ўнутраны беларускі рынак невялікі. Без прыстойнага экспарту нас чакаюць усё новыя складанасьці. Таму прагучаў заклік да недзяржаўных кампаній, кшталту «Амкадору», выдзяляць болей сродкаў на навуковыя распрацоўкі. А цікавыя навінкі, калі верыць удзельнікам круглага стала, ёсьць. Нягледзячы на тое, што цяпер у Беларусі працуюць 25 тысяч навукоўцаў, а ў 1991 годзе, яшчэ ў БССР, іх было 100 тысяч.