Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не адпавядае новай канцэпцыі». У Вільні з музэя прыбралі экспазыцыю, прысьвечаную Якубу Коласу


Якуб Колас
Якуб Колас

Выстава зьявілася ў музэі Пушкіна ў віленскім раёне Маркуці 7 гадоў таму. Яна ўключала кнігі і артэфакты, зьвязаныя з творчасьцю беларускага паэта.

Пасьля рэарганізацыі ў сыстэме музэяў у Вільні з музэя ў Маркуцях прыбралі экспазыцыю, прысьвечаную беларускаму клясыку Якубу Коласу. Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч.

«Там поруч быў дом, дзе Якуб Колас жыў разам са сваёй першай жонкай Марыяй Камінскай. Некаторы час там быў музэй Коласа, але пасьля ён закрыўся. У 1963 годзе экспанаты перадалі ў музэй Пушкіна, які быў па суседзтве. У пачатку 90-х гадоў былі спробы па адраджэньні гэтага музэя, але дом разваліўся, бо яго зьеў грыбок, а новы пабудаваць не пасьпелі», — расказвае Алесь Адамковіч.

Экспазыцыя прысьвечаная Коласу зьявілася ў музэі імя Пушкіна ў 2018 годзе.

Выстава ўтрымлівала артэфакты, ксэракопіі дакумэнтаў, фатаздымкі і іншыя прадметы, кажа Адамковіч.

«Прайшла рэарганізацыя музэяў, музэй перайменавалі і зрабілі філіялам Віленскага музэя. А новае кіраўніцтва чамусьці вырашыла прыбраць гэты пакойчык Коласа. Нейкіх кансультацый з грамадзкасьцю на гэты конт не праводзілі», — дадае суразмоўца.

У 2023 годзе музэй зьмяніў назву, замест Літаратурнага музэя Пушкіна стаў называцца Музэй сядзіба Маркуці (Markučiai). А сёлета гарадзкі савет Вільні правёў рэарганізацыю, музэй стаў філіяй Віленскага гарадзкога музэя. У адказе на запыт Свабоды на імя кіраўніцы Віленскага гарадзкога музэя Расы Антанавічэне гаворыцца, што экспазыцыя Коласа не адпавядае новай канцэпцыі музэя ў Маркуцях.

Рукапісы з выставы ў музэі Якуба Коласа ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Рукапісы з выставы ў музэі Якуба Коласа ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Паводле кіраўніцы, прысьвечаная Коласу выстава зьявілася ў 2018 годзе па дамове з музэям Якуба Коласа ў Менску. Паводле пагадненьня, яна мусіла дзейнічаць да жніўня 2021 года, аднак адносіны з беларускім музэям Коласа былі разарваныя яшчэ ў 2020 годзе. Рашэньне пра дэмантаж экспазыцыі прынялі ў траўні 2025 году.

«Пасьля таго, як сядзіба Markučiai стала часткай гарадзкога музэя, мы вырашылі канчаткова адмовіцца ад статусу літаратурнага музэя і надаваць значна больш увагі гісторыі сядзібы і яе жыхароў, гістарычнаму кантэксту ўзьнікненьня і існаваньня сядзібы. Выстава, прысьвечаная Коласу, якая паводле дамовы павінна была быць зачыненая ў 2021 годзе, выпадае з пэўнага тэматычнага шэрагу», — паведаміла Раса Антанавічэне.

Калекцыя прадметаў, зьвязаных з Коласам, у музэі ў Маркуцях налічвае тры дзясяткі прадметаў. Цяпер яны будуць захоўвацца ў фондах установы.

«Музэй не плянуе аднаўляць экспазыцыю, прысьвечаную Якубу Коласу, аднак сапраўды ня будзе пазьбягаць згадваньня паэта, расказваючы гісторыі гораду Вільні і двара Маркуці ў сваіх часовых выставах», — адказвае Раса Антанавічэне

Экспазыцыя Коласа таксама існавала як культурная кропка, тут адбываліся беларускія імпрэзы і канцэрты.

У 1907–1908 годзе Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч) працаваў у рэдакцыі «Нашай Нівы» і жыў у Вільні. Час з 1908 па 1911 гады Колас правёў за кратамі. Пасьля вызваленьня ён паехаў працаваць настаўнікам у Пінск, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Каменскай, якая якраз жыла ў Вільні, а дакладней у тагачасным віленскім прыгарадзе. У доме маці Марыі Каменскай, у цяперашніх Маркуцях, Якуб Колас з жонкай праводзілі час на працягу 1913–1915 гадоў.

Беларускія літаратары, фота сярэдзіны 1930-ых. Якуб Колас сядзіць, першы зьлева.
Беларускія літаратары, фота сярэдзіны 1930-ых. Якуб Колас сядзіць, першы зьлева.

Пасьля таго, як Якуб Колас перабраўся ў Менск, у гэтым доме жыў швагер Коласа Іван Каменскі, які падтрымліваў ідэю стварэньня тут музэю Коласа і перадаў шэраг рэчаў для будучай экспазыцыі. Ідэя стварэньня музэю нават была замацавана пастановай Савету міністраў Літоўскай ССР у жніўні 1960 году. Аднак у доме выявілі грыбок, які нішчыў будынак, таму яго ліквідавалі, а новы не пабудавалі.

У Вільні ёсьць вуліца Якуба Коласа, а таксама мэмарыяльная шыльда на будынку факультэта крэатыўнай індустрыі Віленскага тэхнічнага ўнівэрсытэта імя Гедыміна, менавіта тут у 1907 годзе месьцілася рэдакцыя Нашай Нівы, дзе працаваў Колас.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG