Кнігі ўкладалі навукоўцы Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа, які ўваходзіць у склад Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук. З нагоды выданьня дырэктар інстытуту Ігар Капылоў расказаў БелаПАН пра ўнікальнасьць слоўніка, што «адлюстроўвае гісторыю беларусаў на працягу 500 гадоў».
Капылоў заявіў, што слоўнік — чарговае пацьвярджэньне таго, што ў беларусаў ёсьць «старажытная гісторыя, багатая культура і старажытная адметная высокаразьвітая эўрапейская мова».
Існуе думка, што сучасная беларуская літаратурная мова заснаваная цалкам на базе народных гаворак, дыялектаў, а старабеларуская — гэта зусім іншая мова. Але слоўнік даказвае, што пераемнасьць існуе.Ігар Капылоў
«На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў неаднаразова дыскутавалася пытаньне адносна пераемнасьці паміж старабеларускай і сучаснай беларускай літаратурнай мовамі, — распавядае Капылоў. Пытаньне вельмі складанае і да канца ня вырашанае, бо існуе думка, што сучасная беларуская літаратурная мова заснаваная цалкам на базе народных гаворак, дыялектаў, а старабеларуская — гэта зусім іншая мова. Але слоўнік даказвае, што пераемнасьць існуе. Яна адназначна была, прынамсі ў вуснай форме. Іначай бы сёньня мы ня мелі мовы, якая на працягу больш чым 300 гадоў фактычна не ўжывалася ў афіцыйнай пісьмовай форме.
І нават у літаратурнай пісьмовай мове пераемнасьць ёсьць. Напрыклад, слова „мыта“ і „мытнік“ зьявілася [у сучаснай беларускай мове] адносна нядаўна, але яно шырока ўжывалася ў старабеларускі пэрыяд у помніках XIV–XVII стагоддзяў. Калі ўважліва пагартаць слоўнік, то многія іншыя словы мы можам сёньня ўзяць ва ўжытак, паступова яны пранікнуць і ў хуткім часе стануць літаратурнай нормай. Гэты працэс завецца дэархаізацыяй лексыкі».
Набыць усе кнігі сэрыі адначасова сёньня складана, але навукоўцы абяцаюць зрабіць лічбавую вэрсію слоўніка.