Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Польшчы не забараняла мясцовым органам прымаць у беларусаў дакумэнты савецкага ўзору без апастылю — СМІ


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) Польшчы не забараняла мясцовым органам улады прымаць у беларусаў у рамках працэдур легалізацыі дакумэнты савецкага ўзору без апастылю.

Пра гэта са спасылкай на МУС Польшчы паведамляе тэлеканал «Белсат».

Адзначаецца, што МУСіА накіравала ў аддзелы грамадзянскіх спраў і раўназначных ваяводзкіх управаў

«інфармацыйны ліст, які тычыцца дакумэнтаў грамадзянскага стану, выдадзеных сярод іншага ўстановамі былога Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».

У лісьце гаворыцца, што беларускія дакумэнты савецкага ўзору «павінны ацэньвацца гэтак жа, як і раней, і апастыль не павінен запытвацца ў кожным выпадку (кіраўнік ЗАГСу павінен ацэньваць пададзены яму дакумэнт у кантэксьце праведзенай працэдуры)».

Толькі калі кіраўнік ЗАГСу «сумняваецца ў афіцыйным характары або сапраўднасьці канкрэтнага дакумэнту», ён «можа запытаць яго пацьверджанне, напрыклад, апастыль», падкрэсьліваецца ў публікацыі.

У міністэрстве паабяцалі разаслаць у мясцовыя органы ўлады яшчэ адзін такі ліст, каб яго сутнасьць «не выклікала сумневаў».

МУСіА таксама падкрэсьліла, што ўцекачы зь Беларусі «заўсёды могуць разьлічваць» на падтрымку ў Польшчы, «ім прадстаўляецца абарона і неабходная дапамога».

Апошнім часам у беларусаў, якія жывуць у Польшчы, мясцовыя ўлады адмаўляюцца прымаць дакумэнты, якія ня маюць афіцыйнага пацьвярджэньня. Гаворка ў асноўным ідзе аб пасьведчаньнях аб нараджэньні і шлюбе пры іх замене на польскія аналягі. Меркавалася, што гэта зьвязана з указаньнямі МУСіА Польшчы ад 28 ліпеня. Раней паведамлялася, што ў лісьце ведамства гаварылася, што, калі грамадзяне Беларусі маюць намер выкарыстоўваць на тэрыторыі Польшчы дакумэнты, атрыманыя ў савецкія часы, ім неабходна атрымаць дублікат і пацьвердзіць яго апастылем у МЗС на радзіме. Арыгіналы на старых блянках не прымаюцца.

14 жніўня стала вядома, што тлумачэньне сытуацыі з апастылем, які неабходна ставіць у МЗС Беларусі на дублікаты дакумэнтаў савецкага пэрыяду, накіраваў у МУСіА і МЗС Польшчы намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павел Латушка.

Ён адзначыў, што, згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасьня 2023 году № 278, атрыманьне такіх дублікатаў і апастылю магчымае выключна пры асабістай прысутнасьці зацікаўленай асобы на тэрыторыі Беларусі альбо на падставе аформленай там даверанасьці.

«Відавочна, што пераважная большасьць беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь з прычыны рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і працягваюць апазыцыйную дзейнасьць у падтрымку дэмакратызацыі Беларусі, ня могуць выехаць у Беларусь для выкананьня гэтых умоў. Вяртаньне на радзіму пагражае ім пазбаўленьнем волі і катаваньнямі», — гаворыцца ў лісьце.

Таксама Латушка падкрэсьліў беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій: толькі ў 2025 годзе ў дачыненьні да беларусаў было заведзена больш за 870 крымінальных спраў за ўдзел у легальных акцыях і маршах за мяжой, перш за ўсё ў Польшчы.

«Паколькі канкрэтны сьпіс асоб невядомы, вяртаньне ў Беларусь пагражае крымінальным перасьледам неабмежаванаму колу людзей», — падкрэсьліў палітык.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG