Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята можа ня быць. Чаго чакаць ад чарговага чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі?


Адны баяцца новых пасадак, іншыя рады разьвіцьцю хакею і турыстычнай сфэры.

Беларусь другі раз у гісторыі прыме хакейны чэмпіянат сьвету. Гэтая навіна зьявілася ў пятніцу 19 траўня. Свабода сабрала плюсы і мінусы.

Мінус — магчымыя «пасадкі»

«Я ўвесь папярэдні чэмпіянат практычна праседзеў на Акрэсьціна, якая ў мяне магла быць рэакцыя на навіну пра тое, што яго зноў у нас правядуць? У мяне прыкладна такія ж чаканьні. Зноў будуць прэвэнтыўныя пасадкі, зноў ідэалягічная накрутка. Усіх нядобранадзейных будуць альбо саджаць, альбо высылаць. Алькаголікаў — у ЛТП, прастытутак — альбо на Акрэсьціна, альбо яшчэ некуды. Ізноў — прывітаньне, Алімпіяда-80», — кажа мянчук Андрэй Ткачоў.

Аўтазакі ў цэнтры Менску
Аўтазакі ў цэнтры Менску

Андрэй не актывіст ніякіх палітычных арганізацый. Ён ня ўдзельнічае ў выбарах і ня ходзіць начамі маляваць лёзунгі на сьценах. У 2011 годзе, падчас «маўклівых акцый», Андрэй выйшаў на плошчу папляскаць у ладкі. Гэтага хапіла, каб трапіць у поле зроку праваахоўных органаў.

«Мне спачатку ўчастковы пазваніў. Дадому прыходзілі апэратыўнікі, хацелі мяне з дому выцягнуць. Потым зноў званіў участковы. Запрасіў на прафіляктычную гутарку. Сказаў, што ў нас жа чэмпіянат, каб чаго ня выйшла. Я прыйшоў. А там на мяне ўжо складзеныя два пратаколы. Адвезьлі ў РУУС — суд, 15 сутак. Паехаў. Дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Там усё Акрэсьціна было ў такіх жа людзях. Так я і праседзеў там увесь чэмпіянат. Таму нічога добрага ад новага я не чакаю», — дадае ён.

Пра пляны на травень 2021 году Андрэй пакуль не ведае, часу яшчэ шмат. Але ён амаль упэўнены, што на гэты час зьедзе з краіны. На ўсякі выпадак.

Плюс — ня трэба будаваць арэны і гатэлі, адносна невялікія выдаткі

«У адрозьненьне ад чэмпіянату 2014 году, я мінусаў відавочных ня бачу, — кажа журналіст „Прессбола“ Вячаслаў Федарэнкаў. — Тады трэба было шмат чаго будаваць, траціць вялікія грошы. Цяпер ужо ўсё ёсьць. Усё пабудавана. Арэны, гатэлі, аэрапорт абнавілі, дзякуй богу. Гатэляў увогуле больш, чым патрэбна. Фінансавых выдаткаў ня так шмат будзе».

Вячаслаў Федарэнкаў
Вячаслаў Федарэнкаў

Заўвага слушная. Мы дагэтуль ня ведаем, колькі каштаваў краіне чэмпіянат 2014 году. Для яго будавалі «Чыжоўка-Арэну», шматлікія гатэлі, правялі рэканструкцыю Нацыянальнага аэрапорту, адрэстаўравалі вакзалы ў Берасьці і Горадні. Наколькі хакейная арэна ў Чыжоўцы патрэбная Менску — пытаньне дыскусійнае. Можна яго задаць і пра мноства набудаваных гатэляў.

Плюс — даступныя відовішчы для аматараў спорту

У той жа час Вячаслаў Федарэнкаў кажа, што спартовых сьвятаў такога ўзроўню з даступнымі квіткамі ў Беларусі зусім няшмат. Таму чэмпіянат сьвету ў Беларусі — гэта заўсёды радасьць.

Латвійскі заўзятар ў Менску падчас Чэмпіянату сьвету па хакеі, 2014 год
Латвійскі заўзятар ў Менску падчас Чэмпіянату сьвету па хакеі, 2014 год

«Беларусы — ня вельмі багатая нацыя, — кажа Федарэнкаў. — А ахвотных паглядзець хакейныя матчы чэмпіянату сьвету нашмат больш, чым тых, хто гэта можа сабе дазволіць. Я быў на матчах у 2014 годзе. Не заўважыў я там нейкага адміністрацыйнага фактару. Гэта была шчырая зацікаўленасьць».

Плюс — разьвіцьцё беларускага хакею

На хатнім чэмпіянаце 2014 году зборная Беларусі ўвайшла ў лік васьмі найлепшых: яна апынулася на сёмым месцы. Беларусы дайшлі да адной восьмай фіналу, дзе прайгралі швэдам зь лікам 2:3. Запалу хапіла і на наступны чэмпіянат, які праходзіў у Чэхіі. Там зборная Беларусі таксама заняла сёмае месца. Да першага хатняга чэмпіянату Беларусь тройчы была на 14 месцы. Вось жа, прагрэс відавочны. У апошнія гады зборная зноў вярнулася ў «падвал» турнірнай табліцы элітнага дывізіёну.

Хакейны экспэрт Федарэнкаў узгадвае, што пасьля першага чэмпіянату ў краіне быў сапраўдны хакейны бум.

«Чэмпіянат 2014 году паўплываў на цікавасьць дзяцей да хакею, — кажа Федарэнкаў. — Увосень 2014 году было значна больш ахвотных пайсьці ў хакейныя сэкцыі, чым раней. Гадоў праз 10–12, магчыма, і будзе нейкі выбух».

Таксама паказальна, што на наступны чэмпіянат сьвету па хакеі, які праходзіў у Чэхіі, прыехала шмат беларускіх заўзятараў.

«Нягледзячы на тое, што гэта Чэхія, візавая краіна, — кажа Федарэнкаў. — Я ўпершыню столькі пабачыў. Магчыма, нешта падобнае было ў 2007 годзе ў Расеі. Але туды прасьцей даехаць».

Мінус — больш ня будзе той навізны, якая была ў 2014 годзе

Экспэрты ў галіне турызму кажуць, што першы беларускі чэмпіянат сьвету па хакеі добра паўплываў на стан турыстычнай галіны. Разьвілася гатэльная і турыстычная інфраструктура. Хоць з турыстамі акурат у 2014 годзе было ня так проста: замежнікаў у Беларусь прыехала нават менш, чым звычайна.

«Але як разавая падтрымка той чэмпіянат атрымаўся, — успамінае галоўная рэдактарка газэты „Туризм и отдых“ Лілія Кобзік. — Атмасфэрнае мерапрыемства было. І на мяжы ўсё было гасьцінна, і ў краіне весела ўсё было. Народ неяк уздыхнуў. Гэта ж немагчыма штучна стварыць. Гэта нельга імітаваць, гэта толькі натуральна можа быць».

Лілія Кобзік
Лілія Кобзік

Праўда, набудаваныя да чэмпіянату гатэлі неўзабаве апусьцелі: бязьвізавы рэжым скончыўся разам з чэмпіянатам. Каб завабіць кліентаў, гатэлі вымушаныя былі зьніжаць кошты.

Разам з тым Кобзік папярэджвае: ня варта ад 2021 году чакаць таго, што было ў 2014-м. Хутчэй за ўсё, чэмпіянат выйдзе нашмат сьціплейшы. Беларусь яго разьдзеліць з Латвіяй, якая і ў Эўразьвяз уваходзіць, і міжнародныя мерапрыемствы часта прымае.

«Я ня думаю, што ў 2021-м усё будзе так узьнёсла і настолькі пазытыўна, як у 2014-м, — лічыць Кобзік. — У 2014 годзе для нас гэта была важная падзея. Плянэтарнага маштабу. Тады людзі першы раз прыехалі. Было адкрыцьцё, сэнсацыя. Цяпер так ня будзе.

Плюс — практыка для турбізнэсу

Улады ўжо заявілі, што падчас чэмпіянату 2021 году паўтораць экспэрымэнт зь бязьвізавым уездам. Трапіць у Беларусь кожны ахвотны зможа, проста паказаўшы на мяжы квіток на любы хакейны матч.

Гатэль "Мінск"
Гатэль "Мінск"

Лілія Кобзік бачыць у гэтым яшчэ адзін плюс.

«Турбізнэс папрактыкуецца. Гатэлі, рэстараны. Турыстаў жа ў нас усё ж ня так шмат. А тут гарантавана прыедуць. І гэта дасьць падставу разьвіваць інфраструктуру. Гэта плюс».

Нявызначанасьць

Фанаты на Чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Менску ў 2014 годзе
Фанаты на Чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Менску ў 2014 годзе

«Ці будзе гэта сьвятам для народу? Тут пакуль цяжка сказаць. Вельмі важна, які будзе стан эканомікі. У 2014 годзе ўсё было больш-менш добра. Напярэдадні крызісу акурат, напярэдадні Крыму, які карэнным чынам зьмяніў сытуацыю на турыстычным рынку ў нашым рэгіёне. Што зараз будзе, пакуль невядома. Калі ў людзей ня будзе грошай, то сьвята не адбудзецца», — кажа Лілія Кобзік.

Агульны лік

Такім чынам, маем лік 2:4 на карысьць плюсаў. Як выйдзе ў рэальнасьці, пабачым праз тры гады.

Крыху статыстыкі

Беларусь прыме чэмпіянат сьвету па хакеі другі раз за сваю незалежную гісторыю. Калі браць пэрыяд ад абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе да 2022 году (апошняя на дадзены момант прызначаная дата), то часьцей за ўсё хакейныя чэмпіянаты праходзілі ў Фінляндыі — пяць разоў (двойчы сумесна са Швэцыяй).

На другім месцы нечакана Нямеччына — чатыры разы. У Швэйцарыі, Швэцыі, Чэхіі і Расеі чэмпіянат сьвету па хакеі адбываўся па тры разы. У Латвіі і Славаччыне, таксама як і ў Беларусі, — два. А вось самая хакейная краіна сьвету, Канада, з 1991 году прымала чэмпіянат толькі аднойчы — у 2008 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG