«Я за вамі». У чарзе людзей, што стаяць каля менскага ізалятара часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна, займаюць чаргу яшчэ і на бязьмен. Кручкастая прылада ідзе па руках. Вось жанчына ўзважвае перадачу — і, пабачыўшы, што стрэлка не дайшла да 5 кілё, кладзе ў пакунак яшчэ пачак печыва.
Абаронца сквэра ў Катоўцы
Аляксандар Ярашэвіч складае пакет для жонкі Алены. Харчоў няшмат, бо Алена Дубовік, вядомая актывістка-эколяг, а паводле палітычных поглядаў — анархістка, учора ў судзе абвясьціла галадоўку.
«Яна ўпартая. Калі сказала, што будзе галадаваць, дык, мяркую, не адступіць. Хоць 12 дзён галадоўкі і для яе зашмат. А харчы папрасіла для таварышак па камэры», — тлумачыць Аляксандар.
Згадвае ўчорашні суд над Аленай Дубовік, яе расповед пра тое, як павалілі на зямлю і за вопратку цягнулі па асфальце ў міліцэйскі бусік. І пытаньне Алены сьведку-амапаўцу: «Калі вы кажаце, што мяне суправадзілі ў ваш аўтобус, дык чаму мае куртка і заплечнік такія забруджаныя? Вы хлусіце!»
Яшчэ пра жонку Аляксандар згадаў, што пасьля Плошчы-2010 яна таксама атрымала два тыдні арышту і новы 2011 год сустракала за кратамі. Але ад грамадзкай актыўнасьці не адышла: занялася экалягічнымі праблемамі, праваабарончай дзейнасьцю. Вось нядаўна бараніла сквэр у Катоўцы — і пасьпяхова.
Лібэртарыянец Маркелаў
Ірына Маркелава працуе лекарам. Адпрасілася на гадзінку з працы, каб перадаць сыну Пятру пасылку з харчамі і кнігі. «Возера радасьці» Віктара Марцінкевіча і «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата.
«Добрыя кніжкі, сама чытала. Рэкамэндую», — кажа Ірына Маркелава.
Учора на суд над Пятром Маркелавым сабралася больш за 20 чалавек: сябры, журналісты, аднадумцы, неабыякавыя знаёмыя. Актывістка Галіна Сіўчык ведае Пятра як аднаклясьніка свайго ўнука. Суд даў Пятру Маркелаву 12 сутак арышту, хоць на дазволенай акцыі ён працаваў як блогер — вёў відэарэпартаж у свой Фэйсбук.
«Але суду ўсё роўна: нібыта ішоў у масцы, нібыта хаваўся і не падпарадкоўваўся. Але чаго яму насіць маску? Ён не анархіст, ён у нас лібэртарыянец», — кажа Ірына і ўсьміхаецца, бо доўгае слова цяжка вымавіць.
І зноў — сур’ёзны выраз твару, калі ідзе пра здароўе сына. У Пятра хворае сэрца, кожны дзень яму трэба прымаць пэўныя лекі. Лекі ўчора ў судзе ахоўнікі прынялі і перадалі Пятру. «Але як яно будзе цягам арышту на Акрэсьціна?»
Пятро Маркелаў — былы студэнт БДУ. Пазалетась яго выключылі за пропускі заняткаў пры сярэднім бале 8,6. Да адлічэньня Маркелаў балятаваўся ў дэпутаты Менскага гарадзкога савету ў 2014 годзе, а падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015-га быў актыўным назіральнікам і ладзіў відэатрансьляцыю з выбарчага ўчастку. Спрабаваў зарэгістраваць студэнцкае аб’яднаньне «Інтэрмарыюм», якое б бараніла адлічаных студэнтаў. У сьнежні 2016 году Пятра Маркелава зноў адлічылі з БДУ — афіцыйна за пропускі заняткаў. «Ды ён стараўся, наведваў. Бывала, што прапускаў, але хто ж не прапускае. І вось...» — кажа пра сына Ірына Маркелава.
Зможа дачытаць «Архіпэляг ГУЛАГ»
Група з чатырох сяброў прынесла перадачу Паўлу Фадзееву. Пра яго кажуць самыя лепшыя словы: таленавіты музыка і мастак, добры і цікавы чалавек. Акрамя ежы, перадалі сябру кнігу Аляксандра Салжаніцына «Архіпэляг ГУЛАГ».
«Перад арыштам якраз чытаў, не пасьпеў дачытаць, дык, спадзяёмся, будзе задаволены», — кажуць Паўлавы сябры і не адмаўляюцца зьняцца на фота разам: «Трымайся!»
Затрымалі за гадзіну да маршу
Алена прынесла перадачу брату Яўгену. Таго затрымалі яшчэ да мітынгу, на прыпынку. «Такім чынам, у „Маршы недармаедаў“ брат дакладна ня ўдзельнічаў, але на судзе яму, як усім, прыпісалі маску і непадпарадкаваньне», — абураецца Алена.
Пазаўчора ўначы Алена знайшла брата ў Першамайскім РУУС. Кажа, што гэта амаль дэтэктыўная гісторыя.
«Занепакоілася за яго ды пачала шукаць Але нідзе няма, ня кажуць нічога. У тым ліку ў Першамайскім райаддзеле, куды прыехала, сказалі, што няма тут такога. А тут якраз вядуць па калідоры — нос у нос сутыкнуліся. Вось так у іх — няма».
Судзіла брата Алены судзьдзя Сьвятлана Чараповіч. Яшчэ Алена запомніла прозьвішчы сьведак-міліцыянтаў Радзько і Маскалёва, пра якіх кажа, што яны хлусілі і блыталіся ў паказаньнях, бо ўказвалі розныя месцы затрыманьня яе брата.
З перадачы, якую Алена сабрала для брата Яўгена, не прынялі толькі каву. «Затое цяпер дазваляюць вітаміны — садавіну і гародніну», — кажа Алена, якой у мінулыя гады ўжо даводзілася перадаваць перадачы на Акрэсьціна.
Маці і дачка
Вольга — маці 22-гадовай Лідзіі, якая атрымала 12 сутак і цяпер сядзіць на Акрэсьціна, хаця, паводле яе заявы на судзе, у мітынгу ня брала ўдзелу.
«Ёсьць відэа з таго тралейбуса, дзе мая дачка сядзіць з хлопцам. Яе цягнуць, яна за хлопца трымаецца — і за гэта судзіць?»
Вольга мяркуе, што дачка ня брала ўдзелу ў «Маршы недармаедаў», але дапускае і адваротнае. «А калі і брала — хіба гэта злачынства, удзельнічаць у дазволенай акцыі? Я і сама магла б там быць, што тут такога? Колькі гадоў ужо гэтак жывём, баімся. Да чаго дайшлі!»