Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) займаецца абаронай правоў работнікаў. Дзейнасьць РЭП за адзін год у лічбах:
- Больш за 1000 бясплатных юрыдычных кансультацый;
- Каля 100 касацыйных скаргаў у суды розных інстанцый і пракуратуру;
- Каля 400 скаргаў у структуры ўлады і наймальнікам;
- Каля 30 выйграных судоў;
- Больш за 90 000 рублёў, вернутых сябрам прафсаюзу;
- Больш за 55 000 подпісаў за адмену «дармаедзкага» дэкрэту;
- Больш за 30 актывістаў адседзелі на сутках за ўдзел у акцыях сацыяльнага пратэсту;
- Больш за 10 000 рублёў штрафаў за ўдзел у акцыях сацыяльных пратэстаў.
Бухгальтар прафсаюзу Ігар Комлік быў затрыманы 2 жніўня, адпушчаны пад падпіску пра нявыезд 2 кастрычніка. У Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў ад 2 жніўня знаходзіцца ўся бухгальтарская дакумэнтацыя і сем адзінак аргтэхнікі РЭП.
«Больш за ўсё пацярпела праца бухгальтарскай службы. А вось юрыдычная, інфармацыйная і PR-службы прафсаюзу ні на дзень не спынялі сваёй працы», — кажа Свабодзе актывіст РЭП Андрэй Стрыжак.
Камітэт дзяржаўнага кантролю ўзбудзіў крымінальную справу паводле фактаў ухіленьня ад выплаты падаткаў Ігарам Комлікам.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч патлумачыў Свабодзе неўзабаве пасьля пачатку справы РЭП:
«Улада распачала гэтую справу, наколькі я разумею, пры няўцямнай доказнай базе, таму што інфармацыя аб выдачы нейкага рахунку пакуль што не пацьвярджаецца, і невядома, ці ёсьць сапраўды такія доказы».
За час утрыманьня за кратамі зь Ігарам Комлікам ня ладзілі сьледчых дзеяньняў. «Два месяцы проста праседзеў, і ўсё. І цяпер прынялі рашэньне выпусьціць», — кажа Свабодзе Ігар Комлік.
Падчас вясновых «акцый дармаедаў» РЭП даў юрыдычную дапамогу сотням чалавек.
«„Справа прафсаюзаў“ — гэта помста за нашу актыўную пазыцыю па адстойваньні правоў людзей. Я вітаю вызваленьне Ігара Комліка з-пад варты, але гэтага недастаткова — „справа прафсаюзаў“ павінна быць закрытая», — сказаў Свабодзе Андрэй Стрыжак.