Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба разумець мову акопаў і крыжоў»: 100 гадоў бітве каля Нарачы. УНІКАЛЬНЫЯ ФОТА


100 гадоў таму, якраз 17 сакавіка 1916 году, каля славутага беларускага возера Нарач пачалася адна з самых вядомых і трагічных бітваў Першай сусьветнай вайны 1914–1918 гадоў. За некалькі дзён тут загінула каля 100 тысяч чалавек з абодвух бакоў. Бітва стала канцом надзей расейскага войска на хуткі і пераможны пералом у акопнай вайне з германцамі, але адначасова падарыла такія надзеі саюзьнікам, якім імпэратарская расейская армія коштам шматтысячных ахвяр дапамагла стрымаць наступ на Парыж. Дасьледчык, журналіст і зьбіральнік рарытэтаў «мікалаеўскай вайны» Ўладзімер Багданаў да ўгодкаў бітвы прэзэнтаваў сваю кнігу «Бітва каля Нарачы».

Здымкі зь нямецкіх альбомаў, якіх ня бачылі ў Беларусі

«Унікальнасьць кнігі, бадай, у тым, што ў ёй зьмешчаны сотні здымкаў пра тую вайну пад Нараччу, якія зрабілі самі ўдзельнікі баёў зь нямецкага боку і якіх ніхто ў Беларусі яшчэ ня бачыў», — гэтак вызначыў каштоўнасьць сваёй кнігі аўтар, Уладзімер Багданаў.

Аўтар кнігі «Бітва каля Нарачы» Ўладзімер Багданаў
Аўтар кнігі «Бітва каля Нарачы» Ўладзімер Багданаў

«Да рэдкіх здымкаў, якія ён набыў праз інтэрнэт у Нямеччыне, дададзеныя арыгінальныя гісторыі ваенных часьцей, якія ваявалі пад Нараччу ў 1916 годзе, тэксты, напісаныя пра тыя падзеі вядомым нямецкім літаратарам Вальтэрам Флексам, ды ўласныя дасьледаваньні журналіста Ўладзімера Багданава, які аб’езьдзіў «зь лейкай і блякнотам» Браслаўскі, Пастаўскі, Мядзельскі і Вілейскі раёны. Адна з частак кнігі гэтак і завецца — «Мэмарыял». Гэта дакладныя зьвесткі пра пахаваньні воінаў з пазначэньнем месцаў на мапах і фатаздымкамі мінулых ды цяперашніх часоў.

Арыгінальныя фота часоў Першай сусьветнай дасьледчык Багданаў купляе праз інтэрнэт на нямецкіх аўкцыёнах
Арыгінальныя фота часоў Першай сусьветнай дасьледчык Багданаў купляе праз інтэрнэт на нямецкіх аўкцыёнах

Беларускі сьлед «мікалаеўскай вайны»

У Расейскай імпэрыі вайна, якая цяпер завецца Першай сусьветнай, спачатку называлася Вялікай эўрапейскай, Айчыннай альбо германскай. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі чырвоныя ідэолягі прысвоілі ёй найменьне «першай імпэрыялістычнай», маючы на ўвазе выключна клясавыя прычыны вайны, хоць насамрэч іх было значна больш. А пад якой назвай вайна засталася ў памяці беларусаў?

Нямецкія салдаты змагаюцца зь беларускай зімой
Нямецкія салдаты змагаюцца зь беларускай зімой

Нямецкія ўлады прымусілі беларускіх сялян пранумараваць дамы
Нямецкія ўлады прымусілі беларускіх сялян пранумараваць дамы

Першыя палонныя рускія салдаты ў бітве каля Нарачы
Першыя палонныя рускія салдаты ў бітве каля Нарачы

Уладзімер Багданаў пачаў свае дасьледаваньні сьлядоў вайны на беларускіх землях больш за 20 гадоў таму і ў першых вандроўках уздоўж лініі фронту ад Нарачы да Пінскіх балот яшчэ сустракаў сьведак, якія памяталі расейскіх салдатаў у картузах ды нямецкіх у шлемах з шышакамі. «Гэтыя сьведкі, іх дзеці і сваякі часьцей ужывалі назву «мікалаеўская вайна», — кажа дасьледчык Уладзімер Багданаў.

І далей распавядае, чым стала «мікалаеўская вайна» для Беларусі.

Па-першае, гэта шматлікія ахвяры сярод мірнага насельніцтва, бо вайна вялася з ужываньнем моцнай артылерыі, ад абстрэлаў якой гінула і шмат цывільных. Тысячы людзей загінулі ад эпідэміяў і голаду, выкліканых разрухай гаспадаркі. Да гэтага варта дадаць і наступствы тактыкі расейскага войска, якое паліла і разбурала ўсе пабудовы, якія пакідала пры адступленьні, каб не дасталіся ворагу.

Па-другое, згодна з падлікамі гісторыкаў, каля мільёна беларусаў былі прымусова эвакуаваныя з прыфрантавой паласы ў глыб Расеі, адкуль шмат хто не вярнуўся. Увогуле, фронт стаяў у Беларусі настолькі працяглы час, што гаспадарка прыйшла ў вялікі заняпад, азнакі якога відаць сям-там аж дагэтуль.

Разбураныя гаспадарчыя пабудовы ў вёсцы Мокрыца Мядзельскага раёну
Разбураныя гаспадарчыя пабудовы ў вёсцы Мокрыца Мядзельскага раёну

Зьнішчаны расейскай артылерыяй і разабраны нямецкімі сапёрамі касьцёл у вёсцы Задзеўе Пастаўскага раёну
Зьнішчаны расейскай артылерыяй і разабраны нямецкімі сапёрамі касьцёл у вёсцы Задзеўе Пастаўскага раёну

Гэтыя страты добра відаць на фатаздымках, якія знайшоў і зьмясьціў у сваёй кнізе Ўладзімер Багданаў. Прыкладам, вось здымак касьцёла ў вёсцы Задзеўе на Пастаўшчыне, зроблены ў 1915 годзе. Магутны двухвежавы храм з чырвонай цэглы, які ўзвышаецца над мясьцінамі як помнік цэлай эпосе. А вось ужо руіны гэтага касьцёла ў 1916 годзе і цяперашні хісткі крыжык на тым месцы, якое парасло лесам і быльлём. Гэткая ж мэтамарфоза адбылася з дамамі сялян і шляхты, з гаспадарчымі пабудовамі, вёскамі, мястэчкамі, гарадамі.

Калючы дрот на беразе Нарачы
Калючы дрот на беразе Нарачы

Нямецкія салдаты ў акопе
Нямецкія салдаты ў акопе

Пахаваньне рускіх салдат
Пахаваньне рускіх салдат

«Гісторыя „мікалаеўскай“ вайны напісаная на беларускай зямлі, толькі трэба разумець мову акопаў і памятных крыжоў», — кажа дасьледчык месцаў баёў Першай сусьветнай у Беларусі Ўладзімер Багданаў.

З 17 па 19 сакавіка ў Менску, а таксама ў Пастаўскім ды Мядзельскім раёнах адбудуцца навуковыя і ўрачыстыя мерапрыемствы, прысьвечаныя бітве пад Нараччу.

Біяграфічныя зьвесткі. Уладзімер Багданаў, 52 гады. Нарадзіўся ў Берасьці, жыве ў Менску. Бізнэсовец, выдавец, журналіст, дасьледчык. Аўтар шматлікіх фатавыставак і публікацыяў па гісторыі Першай сусьветнай вайны. Знайшоў і дасьледаваў больш за сто пахаваньняў удзельнікаў баёў на тэрыторыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG