Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International зьвярнула ўвагу на супрацу беларускіх мабільных апэратараў са спэцслужбамі ў галіне праслухоўваньня: у новым дакладзе сьцьвярджаецца, што тэлекамунікацыйныя фірмы палягчаюць ураду Беларусі магчымасьці незаконнага сачэньня за людзьмі. Але выходзіць на тое, што нярэдка права падслухваць каго хочаш цалкам адпавядае беларускім законам.
Зь непажаданым праслухоўваньнем змагаюцца па ўсім сьвеце. Даходзіць і да таго, што некаторыя, як стваральнік Facebook Марк Цукербэрг, залепліваюць камэру і мікрафон на сваіх ноўтбуках.
Свабода спытала беларускіх палітыкаў, ці давяраюць яны важныя размовы тэлефонам, ці карыстаюцца звычайнымі альбо бясьпечнымі мэсэнджэрамі і ці залепліваюць яны камэры на ноўтбуках.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што ўжо даўно вядзе важныя размовы толькі сам-насам і не давярае важныя тэмы тэлефонным размовам і мэсэнджэрам, а таксама залеплівае камэру на сваім ноўтбуку.
Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, ён двойчы зь інтэрвалам у 7 год знаходзіў жучкі ў сурвэтніцах у публічных месцах. Таму ў істотных размовах і тых размовах, якія могуць «падставіць» іншых людзей, не давярае тэлефонам і іншым сродкам сувязі, пакідае тэлефон далёка. Ён карыстаецца і тэлефонам, і мэсэнджэрамі, акрамя «асобных выпадкаў». А камэру на ноўтбуку не залеплівае, бо «калі думаць і пра гэта, то можна проста паралізаваць сваю дзейнасьць».
Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў мяркуе, што калі чалавек жыве ў Беларусі, то мусіць ведаць, што ўсё, што кажа па тэлефоне, «ідзе ў эфір». Пры сур’ёзных асабістых размовах ён пакідае тэлефон далёка: напрыклад, у машыне. Такую звычку ён заўважаў і за бізнэсоўцамі. Не давярае ён і звычайнай электроннай пошце. Калі няма магчымасьці абмеркаваць важныя рэчы асабіста, ён раіць карыстацца абароненымі мэсэнджэрамі — найперш Telegram, а таксама WhatsApp.
Старшыня БСДП «Народная грамада» Мікалай Статкевіч кажа, што ня можа нават прыгадаць, калі апошні раз давяраў важныя размовы тэлефону. Ён згадвае, як у яго судовай справе за «Плошчу-2010» прадстаўляліся раздрукоўкі яго тэлефонных размоваў, хоць санкцыі пракурора на праслухоўваньне ён ня бачыў. Палітык кажа, што пастаянна праслухоўваць кожнага беларуса цяжка: на аднаго грамадзяніна трэба тры «праслухоўніка» пазьменна. Ён не залеплівае камэры ноўтбука, бо рэдка ім карыстаецца. Але не давярае канфідэнцыйнасьці любой тэхнікі («адзін чалавек прыдумаў — іншы разьбярэцца і падслухае») і раіць весьці важныя перамовы на вольным паветры, пакінуўшы тэлефон далей.
Лідэр «Беларускай патрыятычнай партыі» Мікола Улаховіч не давярае тэлефону ня толькі працоўныя размовы, але і інтэрвію.
Сустаршыня БХД Павал Севярынец кажа, што не давярае важныя тэлефонныя размовы, хіба можа дамовіцца пра сустрэчу, бо 80% зьвестак для спэцслужбаў здымаецца менавіта з тэлефонных размоваў. І падчас важных прыватных размоваў пакідае тэлефон як мага далей. У электроннай пошце ён давярае PGP-шыфраваньню. Камэру на сваім ноўтбуку ён звычайна не залеплівае, бо сваю дзейнасьць лічыць адкрытай. Але і ноўтбук у важныя паездкі звычайна не бярэ, а калі ёсьць акалічнасьці, якія могуць пашкодзіць іншым людзям, прымае ўсе меры бясьпекі.
Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч заяўляе, што заўсёды ставіўся насьцярожана да мабільнай сувязі, але зьвяртае ўвагу, што даўно кажуць пра праслухоўваньне па ўсім сьвеце — напрыклад, пра праслухоўваньне Ангелы Мэркель і іншых кіраўнікоў дзяржаваў. «Ах, у нас у Беларусі слухаюць! А што, нідзе да таго ня слухалі?» — пытае ён.
Аляксандар Лукашэнка ж відавочна карыстаецца асаблівымі каналамі сувязі пры важных перамовах, яго ні разу не заўважалі са звычайным мабільным тэлефонам. Але смартфонам iPhone прынамсі некалі карыстаўся яго сын Мікалай. Праўда, на яго рабочым стале ў Палацы Незалежнасьці быў заўважаны кампутар Apple iMac, на якім камэра не залепленая.