Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International зьвярнула ўвагу на супрацу беларускіх мабільных апэратараў са спэцслужбамі ў галіне праслухоўваньня: у новым дакладзе сьцьвярджаецца, што тэлекамунікацыйныя фірмы палягчаюць ураду Беларусі ў незаконным сачэньні за людзьмі. Але падобна, што нярэдка права слухаць каго заўгодна цалкам адпавядае беларускім законам.
Кампанія Telekom Austria Group, якой належаць 100% беларускай кампаніі velcom, адказала аўстрыйскай газэце Der Standard, што была абавязаная выконваць беларускае заканадаўства ў галіне праслухоўваньня. Але пры гэтым кампанія згадвае «сумнеўныя практыкі і прыёмы».
«Мы як кампанія асэнсоўваем палітычныя абмежавальныя фактары і тэматыку правоў чалавека, — адказвае Telekom Austria на абвінавачаньні ў парушэньні Due diligence («забесьпячэньня належнай сумленнасьці» — працэдуры праверкі аб’екту фінансаваньня). — Адначасова мы назіраем станоўчы ўплыў адкрыцьця эканомікі Беларусі для заходніх інвэстараў».
Уладальнікі life:) (80% у Turkcell) і МТС-Беларусь (палова ў расейскага МТС, палова ў Белтэлекам) не камэнтавалі заявы Amnesty International.