«Скарына апярэдзіў час, зьдзівіўшы ведамі навукоўцаў-сучасьнікаў, — кажа пра галоўнага героя спэктакля яго рэжысэр, літовец Саўлюс Варнас. — Спачатку сваёй любоўю да вучобы, а ў далейшым — навуковай працай і выбарам місіі першадрукара».
У п’есе беларускага асьветніка і друкара будуць суправаджаць чатырохмэтровы пітон, юная гімнастка на ровары ды анёл на цыркавым шары.
У рэпэртуары магілёўскага тэатру няшмат пастановак, галоўнымі героямі якіх выступаюць беларускія гістарычныя пэрсанажы. У новым спэктаклі адзін з самых вядомых, беларускі першадрукар Францыск Скарына, зьвернецца да гледача на расейскай мове. На афішы назва спэктакля таксама пададзена па-расейску. Чытаць імя славутага беларускага асьветніка на мове суседняй дзяржавы нязвыкла.
Слушна было б іграць спэктакль на беларускай
— Саўлюс, спэктакль «Скарына» — расейскамоўны. Чаму? Ці дарэчы ў Беларусі рабіць спэктаклі пра гістарычных беларускіх пэрсанажаў па-расейску?
— Я згодны, што слушна было б іграць спэктакль на беларускай мове. Але, на жаль, п’еса была напісаная па-расейску, дый над тэкстам я працягваў працаваць таксама на расейскай мове, бо на беларускай пісаць пакуль ня ўмею. Магу толькі разумець гаворку, але ня болей за тое. Прымаю ваша пытаньне як дакор і згаджаюся, што вы маеце рацыю. Трэба падумаць, як выправіць гэтую памылку — можа, ужо ня ў гэтай, а ў будучай пастаноўцы.
— А чаму ўзяліся за пастаноўку гэтага спэктакля? Што вас зацікавіла: сама асоба Скарыны, час, у якім ён жыў? Якая асноўная думка спэктакля?
— Усіх і заўжды прыцягваюць асобы, якія апярэджваюць свой час. Скарына апярэдзіў яго, зьдзівіўшы ведамі навукоўцаў-сучасьнікаў — спачатку сваёй любоўю да вучобы, а ў далейшым — навуковай працай і выбарам місіі першадрукара. Ён першым пераклаў на беларускую мову Біблію.
У той час існавала мноства розных тайных арганізацыяў, якія маглі ўвесьці ў зман маладога чалавека і адцягнуць яго ад сапраўднай місіі — несьці сьвятло ведаў беларускаму народу, сярод якога ён нарадзіўся і зрабіў першыя крокі пазнаньня.
Спрыяла раскрыцьцю здольнасьцяў Скарыны і тое, што ён нарадзіўся ў Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Дзякуючы гэтаму першадрукар увабраў эўрапейскія веды таго часу, вярнуўся ў сваю краіну, да свайго народу, і падарыў яму гэтыя веды праз самастойна перакладзеныя і выдрукаваныя кнігі.
Чалавецтва даўно ўжо страціла любоў да бліжняга ў тым разуменьні, якое падаецца ў Бібліі. Але калі ў чалавеку запаноўвае абыякавасьць да бліжняга, з таго моманту пачынаецца тэрыторыя зла. Імпэт да нажывы, да грошай займае сабою ўсё — сумленьне, імкненьне да ісьціны, жаданьне ствараць...
Спадзяюся, што сустрэча з ідэямі Скарыны, некаторымі эпізодамі ягонага жыцьця дапаможа ўсім нам устаць на шлях ачышчэньня нашых душ і пакладзе пачатак нашаму духоўнаму выздараўленьню.
Мяркую, што ў спэктаклі кожны знойдзе для сябе тое, што ўмацуе ў ім веру ў мару, дасьць сілы і натхненьня ісьці да абранай мэты.
— Саўлюс, а ў чым інтрыга спэктакля? Ці будуць у ім нечаканыя выдумкі?
— Спэктакль пачнецца са звароту да гледача маладога чалавека, які падзеліцца агульнавядомай інфармацыяй пра Скарыну.
У спэктаклі будзе занятая амаль уся акторская трупа тэатру, а таксама некалькі людзей па дамове — утаймавальнік зьмеяў з чатырохмэтровым пітонам ды юная гімнастка на спэцыяльным ровары.
Будуць і іншыя трукі. Напрыклад, Анёл на вялікім цыркавым шары будзе суправаджаць Скарыну па ягоным жыцьцёвым шляху.
— Саўлюс, ці можна ў Скарыне разгледзець цяперашняга беларуса? Ці ёсьць хоць нейкае характэрнае падабенства?
— Усе мы хрысьціяне, і між намі нашмат больш агульнага, чым адрознага, хоць мы ўсе дужа розныя. Для многіх з нас жыцьцё Францыска Скарыны можа стаць прыкладам, і кожны возьме ад яго нешта для сябе, у залежнасьці ад таго, які шлях ён прайшоў, куды і якой дарогай ідзе...
— А ці вядомы беларусам Скарына, каб зь яго браць прыклад?
— Думаю, што імя Скарыны вядомае беларусам. Кожны пра яго хоць нешта чуў, чытаў — нехта больш, а нехта менш. Аднак усе нашы веды адносныя, таму варта рухацца шляхам пазнаньня. Кожны чалавек — таямніца нават для самога сябе, ня кажучы ўжо пра другіх.
— Саўлюс, вы самі зь Літвы, а якімі вы ўбачылі беларусаў? Ці любяць беларусы тэатар? Які жанр нам бліжэйшы: драма, сатыра?..
— Мне падабаюцца беларусы. Мне падаецца, што беларусы зычлівыя, справядлівыя (ва ўсякім разе, яны імкнуцца да гэтага). Яшчэ працавітыя ды законапаслухмяныя. Мяне яны «перавыхавалі». Напрыклад, навучылі не пераходзіць вуліцу на чырвонае сьвятло, нават калі паблізу няма машын...
З гледачамі назіраецца тая ж тэндэнцыя, што і ў Літве. Гледачоў, якія жадаюць працаваць, то бок разважаць падчас спэктакля, становіцца ўсё меней. Гэта дужа небясьпечная тэндэнцыя — адмаўляцца ад сталай працы мозгу, ад сталага самаўдасканальваньня. Яна пагражае мэнтальнаму і маральнаму здароўю ня толькі асобна ўзятага чалавека, але і ўсёй нацыі. Мы не павінны задавальняцца духоўнай «ежаю», якая труціць нашу душу. Нібыта яна смачная, лёгка засвойваецца, але насамрэч далёка не карысная і не спажыўная.
— Калі вы прыехалі ў Беларусь, ці зьдзівіліся, што беларусы не гавораць на сваёй мове? Якая была ваша рэакцыя?
— Я не зьдзівіўся. У шмат якіх былых рэспубліках Савецкага Саюзу дамінавала расейская мова. Нават у Рызе пад 50 працэнтаў насельніцтва было расейскамоўным. Амаль усе гаварылі на расейскай мове.
Памятаю, як аднойчы працаваў з галоўным мастаком аднаго рыскага тэатру. Неяк ён вярнуўся дужа ўзбуджаны і зьбянтэжаны з пасяджэньня па вырабе дэкарацыяў. Ён паскардзіўся мне, што дзьве гадзіны абмяркоўваў праблемы на расейскай мове, а пры канцы гутаркі высьветлілася, што ўсе прысутныя былі латышы...
У Прыбалтыцы толькі Літве і Эстоніі заўжды ўдавалася абараняць сваю мову. Хоць, як вы цудоўна ведаеце, за часамі Вялікага Княства Літоўскага быў пэрыяд, калі дзяржаўнай мовай была беларуская і на ёй складаліся ўсе афіцыйныя дакумэнты.
Дужа добра, што сёньня, нягледзячы ні на што, усе мы здолелі захаваць сваю родную мову. На шчасьце, адбываецца і адраджэньне беларускай мовы, у тым ліку і ў штодзённай гаворцы, што дужа важна для самасьвядомасьці народу.
— Саўлюс, што б вы хацелі пажадаць беларусам і сабе ў Беларусі?
— Хачу пажадаць кожнаму ісьці за сваёю марай, як гэта рабіў Скарына, і тады аднойчы адбудзецца тое, пра што пісаў вялікі японскі паэт Басё:
У водары сьліў
Раптам сонейка ўзышло
Над горнай сьцежкай