Падзеі 17 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.
Афіша
«Беларускія ўікэнды» ў Менску
Аб’яднаньне «Кінаконг» і кінатэатар «Масква» правядуць новыя «Беларускія ўікэнды» — сэрыю паказаў кіно, агучанага па-беларуску. На 17–18 сакавіка заплянаваны мультфільм «Таямніца Келза» — казачная гісторыя, заснаваная на рэальных падзеях 9 стагодзьдзя ў Ірляндыі.
Кінатэатар «Масква» (праспэкт Пераможцаў, 13 ).
Пачатак у 17:00.
Квіткі каштуюць 5 рублёў.
Прэзэнтацыя зборніка Яўгена Бясчаснага «Стой!»
Напярэдадні Сусьветнага дня паэзіі, які адзначаецца 21 сакавіка, Літаратурны музэй Максіма Багдановіча запрашае на прэзэнтацыю дэбютнага паэтычнага зборніка Яўгена Бясчаснага «Стой!», які выйшаў у лютым.
Менск, музэй Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7а).
Пачатак у 17:30.
Уваход вольны.
Дзень у гісторыі
1597 — Жыгімонт ІІІ Ваза надаў Віцебску магдэбурскае права. Горад атрымаў герб: у блакітным полі выява Хрыста, пад якой чырвоны меч.
1948 — Бэльгія, Вялікая Брытанія, Люксэмбург, Нідэрлянды і Францыя падпісалі Брусэльскі пакт. Так быў утвораны абарончы Заходнеэўрапейскі саюз, які паклаў пачатак НАТО.
1983 — у Купалаўскім парку ў Менску ўпершыню было наладжана Гуканьне вясны. У наступныя гады сьвяткаваньне стала штогадовым і масавым, яно давала магчымасьць зьбірацца разам патрыятычна настроеным людзям.
1991 — у СССР прайшоў рэфэрэндум аб праекце новага саюзнага пагадненьня. У Беларусі за захаваньне Савецкага Саюзу выказаліся 82,7% выбарнікаў, гэта быў самы вялікі адсотак пасьля Сярэдняй Азіі.
2012 — Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне паведаміла пра расстрэл Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, меркаваных выканаўцаў тэракту ў менскім мэтро.
У гэты дзень нарадзіліся
1789 — Вінцэнт Бучынскі, прафэсар філязофіі Полацкай езуіцкай акадэміі, заснавальнік і рэдактар першага ў Беларусі літаратурна-навуковага часопіса, які называўся «Полацкі штомесячнік» і пачаў выходзіць у 1818 годзе.
1900 — Яфрэм Карнейчык, беларускі гісторык.
1948 — Ўільям Гібсан, канадзкі пісьменьнік, пачынальнік літаратурнага жанру «кібэрпанк».
У памяці
1951 — памёр беларускі паэт і перакладчык Альберт Паўловіч. У менскім доме Паўловіча на пачатку ХХ стагодзьдзя быў літаратурны салён, дзе зьбіраліся беларускія пісьменьнікі.
1956 — памерла Ірэн Жаліё-Кюры, францускі фізык і хімік, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па хіміі.