Сяргей Шупа нарадзіўся ў 1961 годзе, вырас на менскім бруку (Доўгі Брод), скончыў інстытут замежных моваў, працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», Скарынаўскім цэнтры, у 1991-2001 у Вільні — удзел у выданьні «Нашай Нівы», укладаньне «Архіваў БНР», праца на «Радыё Балтыйскія хвалі».
У 1997-1999 і ад 2001 у Празе, журналіст «Радыё Свабода». Перакладаў, сярод іншага, творы П. Мэрымэ, Г. Мапасана, Э. По, Х. Л. Борхеса, Б. Шульца, Э. Керэта, Л. Дарэла, Б. Віяна, Дж. Джойса. Пераклады выходзілі асобнымі выданьнямі, а таксама ў альманахах «Далягляды» і «Братэрства», газэтах «ЛіМ», «Наша Ніва», часопісах «Крыніца», «Фрагмэнты», «АРХЭ» ды на сайце litaratura.org
1. Для каго вы перакладаеце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Для сусьвету маёй мовы.
2. Дзе вам найлепш перакладаецца, і калі?
Вядома ж, дома, абклаўшыся слоўнікамі і па вушы ў інтэрнэце. Але найлепшыя ідэі прыходзяць за мыцьцём посуду або ў трамваі №22 па дарозе на працу і з працы.
3. Перакладчыкам якой ужо перакладзенай кнігі вы хацелі б быць?
Ёсьць калегі, працай якіх я захапляюся, але не зайздрошчу ім – я як перакладчык хацеў бы быць толькі сам сабою.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Анцалот зь «Беларускага Трышчана».
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Іх шмат – бо з часам да сьпісу дадаюцца новыя, а старых шкада выкрэсьліваць. У розныя часы гэта былі Эдгар По, Хорхе Луіс Борхес, Лорэнс Дарэл. Мае пісьменьнікі апошніх гадоў – Этгар Керэт, Рабэрта Баланьё, Міленка Ергавіч. Зь беларускіх – Гарэцкі, Караткевіч, Бахарэвіч.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Учора дачытаў «Успамін пра маіх сумных курваў» Маркеса.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Стараюся чытаць цікавых мне аўтараў у арыгінале, таму чытаю павольней, чым хацелася б. Што да моваў, дык каб не займаць тут лішняга месца, спашлюся на адказ на гэтае пытаньне, які я ўжо даваў зь іншай нагоды.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга зь перакладзеных вамі?
«Іншала, мадона, іншала» Міленкі Ергавіча. Думаю, што ненадоўга, бо сядаю перакладаць наступную ягоную кнігу.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца перакласьці?
Нейкіх вялікіх амбіцыяў замахнуцца на нешта эпахальнае ня маю. Хачу перакладаць усё, што мне падабаецца – каб толькі дзе на гэта ўзяць часу. Часам сьвярбяць рукі перакласьці нанова тое, што пераклаў нехта іншы – але ня буду называць кнігі, каб ня крыўдзіць калегаў...
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Калі кладуся спаць.