Пра 100 дзён на волі і далейшыя пляны былы палітвязень Сяргей Ціханоўскі расказаў на сваім YouTube-канале.
«100 дзён таму з маёй галавы зьнялі мяшок, а з маіх рук кайданкі. Калі я ўпершыню за некалькі гадоў паглядзеў на сябе ў люстэрка, я жахнуўся. Шмат якія крытыкі сказалі, што ў такім стане нельга зьяўляцца перад камэрамі, а трэба пачакаць некалькі месяцаў. Але немагчыма маўчаць, калі вам не давалі гаварыць пяць гадоў. Я ня мог сабе гэтага дазволіць, і я вырашыў дзейнічаць. Дзейнічаючы пасьпешна, я зрабіў некалькі памылак. Але бязь дзеяньня я не зрабіў бы нічога», — сказаў сярод іншага Ціханоўскі.
Якія гэта былі памылкі, Ціханоўскі не сказаў, затое расказаў пра свае пляны.
Ён паведаміў, што за 100 дзён на волі сабраў сваю каманду, у якую ўвайшлі каля 500 чалавек, стварыў сайт, праводзіць сустрэчы з экс-палітвязьнямі, сем’ямі палітвязьняў, з прэзыдэнтамі, прэмʼерамі, міністрамі замежных справаў іншых краін.
«Я разумею, наколькі разьвязаньне беларускага крызісу зараз залежыць ад геапалітычных працэсаў. Гэта частка глябальнага супрацьстаяньня. Я бачу, куды ўсё ідзе. Я ўсьведамляю даўжыню шляху і пляную свае дзеяньні стратэгічна, разумеючы, што без саюзьнікаў нам не перамагчы. Я прыняў рашэньне вывучыць ангельскую, каб гаварыць з заходнімі палітыкамі на адной мове і адстойваць інтарэсы беларусаў. Я хачу і буду незалежным і самастойным», — заявіў Ціханоўскі.
У відэа Сяргей Ціханоўскі гаварыў па-расейску, а завяршыў прамову словамі «Жыве Беларусь!»
Форум