Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прызнаў, што самалёт «Азэрбайджанскіх авіяліній» быў зьбіты расейскай ракетай


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 9 кастрычніка прызнаў адказнасьць Масквы за крушэньне пасажырскага самалёта «Азэрбайджанскіх авіяліній» летась у сьнежні. Ён заявіў, што Расея выплаціць кампэнсацыі.

Гэта адбылося падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджана Ільхамам Аліевым 9 кастрычніка на саміце ў Душанбэ.

Самалёт Embraer-190 рэйсам з Баку ў Грозны разьбіўся 25 сьнежня. На борце было 67 чалавек, 38 загінулі.

Амаль адразу стала вядома, што рэйс быў абстраляны расейскай сыстэмай супрацьпаветранай абароны падчас пасадкі ў Грозным. У аэрапорце чакалі атакі ўкраінскіх дронаў.

На месцы крушэньня 27 сьнежня 2024
На месцы крушэньня 27 сьнежня 2024

Адмова Расеі прызнаваць віну за здарэньне стала прычынай рэзкага пагаршэньня адносін паміж Масквой і Баку.

Прэзыдэнт Расеі сёньня заявіў, што даведаўся пра прычыны катастрофы толькі два дні таму.

Паводле Пуціна, расейская сыстэма СПА выпусьціла дзьве ракеты, якія выбухнулі ў некалькіх мэтрах ад самалёта. Ён сказаў, што самалёт быў зачэплены, «хутчэй за ўсё, абломкамі, а не паражальнымі баявымі элемэнтамі», цытуе яго «Коммерсант».

«Безумоўна, усё, што патрабуецца ў такіх трагічных выпадках, будзе зроблена з расейскага боку па кампэнсацыях, і будзе дадзена прававая ацэнка дзеяньням усіх службовых асоб, — сказаў прэзыдэнт Расеі. — Наш абавязак, паўтару яшчэ раз, мы з самага пачатку пра гэта дамаўляліся, даць абʼектыўную ацэнку ўсяго, што адбывалася, і абʼявіць праўдзівую прычыну».

Аліеў падзякаваў Пуціну за ягоныя словы.

«Вы асабіста кантралюеце ход сьледзтва, і ў нас не было сумненьняў, што яно абʼектыўна ва ўсім разьбярэцца», — заявіў ён.

Авіяэкспэрт Вадзім Лукашэвіч адзначыў, што выбух ракет побач з самалётам, а не трапляньне ў фюзэляж — нармальныя паводзіны ракет СПА. Апроч гэтага, самалёт быў уражаны менавіта паражальнымі элемэнтамі, што добра бачна па абломках хваставой часткі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG