Халезін разважае, чаму Андрэй Стрыжак мусіў сысьці з BySol і як нобэлеўская прэмія для Дональда Трампа паспрыяла б вызваленьню беларускіх палітвязьняў.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
«Не хачу, каб так ставіліся да лідэра, якога мы абралі»
— Мікалай, ужо ня першы месяц вы адмаўляецеся даваць камэнтары беларускім мэдыя, зрабіўшы выключэньне для Радыё Свабода, калі мы гаварылі аб праектах Беларускага свабоднага тэатру. Можаце патлумачыць?
— Я вырашыў на пэўны час адмовіцца ад камэнтароў. Я ўсё ж такі хацеў бы крыху аддзяліць Радыё Свабода ад гэтага кантэксту. З простай прычыны: гэтае мэдыя заўсёды працавала паводле самых высокіх прафэсійных стандартаў, паводле найвышэйшых патрабаваньняў журналістыкі. Таму тут асобны выпадак. І плюс гэта ўсё ж мэдыя пакуль што фармальна амэрыканскае, хоць і беларускае, і нават больш беларускае, чым многія іншыя. Вось таму я і рабіў выключэньне для Свабоды. Я толькі хачу сказаць: для мяне Радыё Свабода — гэта тое мэдыя, за якое трэба змагацца. Бо гэта наш канал камунікацыі са сьветам і паміж намі, беларусамі. Таму я заўсёды буду яго падтрымліваць.
Што да прычынаў адмовы, то ў цэлым мне не падабалася тая танальнасьць, якая ўзьнікала вакол. І гэта не снабізм, і рэч ня ў тым, што я хачу быць у белым паліто. Не. Проста я не хацеў сябе бачыць у тым кантэксьце. Калі я чую вялікую колькасьць злосьці ў словах людзей, то яна зразумелая, бо ўсе вельмі стаміліся. Стаміліся жыць безь вялікага выніку. Вынік мусіць калісьці прыйсьці, сытуацыя павінна зьмяніцца, мы мусім вярнуць сабе сваю краіну. Але гэтага не адбываецца. Усе стаміліся і пачынаюць шукаць вінаватых, сварыцца паміж сабой. І хочацца захаваць сваю ўнутраную экалёгію, не адчуваць гэтай варожасьці, не выступаць агрэсіўна супраць нікога. Таму я часова адмовіўся — ужо чатыры месяцы не даваў інтэрвію. І пакуль буду трымаць гэтую паўзу, наколькі змагу. Хоць апошнім часам я ўсё ж пачаў выказвацца ў сваіх сацыяльных сетках, бо проста ўжо ня мог маўчаць, не ставала сілаў. Гэта была гісторыя з BySol і гэта гісторыя зь Нью-Ёркам, зь Сяргеем Ціханоўскім. Гэтыя дзьве гісторыі, шчыра кажучы, прымусілі выказацца.
— Дык давайце пагаворым пра гэта. Пачнем зь Нью-Ёрку, з стрыму Сяргея Ціханоўскага, падчас якога ён скасаваў інтэрвію лідэркі дэмакратычных сілаў Сьвятланы Ціханоўскай на CNN.
— Мне здаецца, што мы крыху няправільна выбіраем альгарытм стаўленьня да былых палітвязьняў. Я сам быў першым абаронцам Сяргея Ціханоўскага. Калі ён казаў: «Я хачу зьбіраць грошы», а людзі абураліся: «Як ты можаш такое казаць?», я разумею, што чалавек пяць гадоў фактычна прабыў у адзіночцы. Гэтага нікому не пажадаеш. Многія проста не вытрымалі б. Я ня ўпэўнены, што вытрымаў бы сам. Больш за тое — упэўнены, што, напэўна, ня вытрымаў бы. Таму я не магу яго абвінавачваць: я разумею, што псыхіка зьмяняецца.
Але зь цягам часу гэтыя патураньні павінны скончыцца. Бо чалавек ужо жыве ў грамадзтве, бачыць нормы паводзінаў, бачыць, як зьмяніўся сьвет. І ягоны ўчынак у Нью-Ёрку для мяне быў поўным нонсэнсам. Калі ты прызнаесься ў каханьні да сваёй жонкі, калі ты паважаеш яе як палітычнага дзеяча, які зрабіў неймавернае для гэтай краіны. Пакуль ты быў у турме, яна зрабіла тое, чаго ты нават уявіць ня мог. І ты ня можаш не зьмяніць сваю танальнасць. Ты ня можаш хаміць, ня можаш грубіць, яшчэ і публічна.
І гэта ніяк не апраўдваецца словамі: «Я стаміўся, я ня сплю». Дык сьпі. Адпачывай. Цябе ніхто цяпер не прымушае. Але я не хачу бачыць, каб да лідэра, якога мы абралі, ставіліся так. Няхай гэта нават муж, мне ўсё роўна гэта ніяк не апраўдваецца. Гаварыць: «Я не хачу быць талісманам, мяне выкарыстоўваюць» — ну, так сабе актыў. Чалавек, які робіць столькі памылак, — сумнеўны актыў. Нельга сказаць, што ўсе ў захапленьні ад таго, што яго ўсюды прасоўваюць.
Я нават зрабіў у сваім Telegram-канале галасаваньне: калі б адбыліся дэмакратычныя выбары і ў другі тур выйшлі Сьвятлана Ціханоўская і Сяргей Ціханоўскі, за каго б вы прагаласавалі? І ў мяне атрымалася 96% за Сьвятлану і 4% за Сяргея. Я проста хацеў праверыць сваю аўдыторыю — як яна ставіцца. Вось так яна ставіцца.
І гэта тое, над чым нам трэба рэфлексаваць: як выбудоўваць адносіны з новымі для сябе старымі людзьмі, з тымі, хто быў у турмах. Там шмат маіх сяброў, у тым ліку якія выйшлі, і я бачу, як многія зь іх робяць высновы, хутка адаптуюцца, разумеюць сытуацыю. А нехта дае сабе слабіну і ня хоча прымаць правілы, якія ўжо існуюць. Але яны ёсьць. Сьвет вельмі моцна зьмяніўся. Нават калі ня браць Беларусь і беларусаў, сам сьвет за гэтыя пяць гадоў стаў іншым.
— Многія адзначалі годную рэакцыю Сьвятланы Ціханоўскай, напэўна, адзіна магчымую ў гэтай сытуацыі...
— Для мяне яна — ня жонка Ціханоўскага. Для мяне яна — той палітык, які выконвае мой запыт. Мой запыт такі: каб яна будавала як мага больш мастоў і тунэляў унутры Эўропы, у Штатах, каб максымальна пашырала кола сувязяў і сяброў, бо гэтыя палітыкі цяпер амаль што пасланцы Беларусі. Таму калі хтосьці перашкаджае ёй і адбірае час на штучныя праблемы — мяне гэта не задавальняе. Як сябра, як беларуса.
— І вось другая тэма, якая шырока абмяркоўвалася апошнімі месяцамі і асабліва ў апошні тыдзень, — сытуацыя з фондам BySol і сыходам зь яго Андрэя Стрыжака. Наколькі гэта можа паўплываць на справу беларускай салідарнасьці і дзейнасьць гэтай легендарнай арганізацыі?
— Так, гэта сапраўды легендарная арганізацыя зь легендарным бэкграўндам. Андрэй — гэта ня проста чалавек, які ўпаў з неба. Падчас ковіду, пасьля з BySol, з ByHelp і г. д. ён даказаў, што ён монстар у гэтай прафэсіі. Ён ведае, як гэта рабіць. Але ўсе мы не без граху. Усе змагаемся з сваімі дэманамі. У яго не атрымалася. Гісторыя стала вядомай. Ёсьць пацярпелыя дзяўчаты. У кожным разе — ён адказвае за свае памылкі.
BySol — гэта структура. Гэта не адзін Стрыжак, ня толькі Андрэй, які зьбірае і раздае грошы. Гэта каманда. І таму трэба ратаваць структуру... У выпадку Андрэя трэба было сыходзіць адразу. Па-першае, каб выратаваць структуру. І цяпер Нарвэскі Хэльсынскі камітэт, які апякуецца Міжнародным гуманітарным фондам, ужо гатовы разглядаць вяртаньне BySol у сыстэму падтрымкі. Гэта нармальна. Фонд будзе далей дапамагаць палітвязьням. Па-другое, Андрэй зь яго талентам і энэргіяй абавязкова знойдзе сабе ўжытак. Я не баюся, што ён «зьнікне» ці зробіць нешта страшнае. Ён прафэсіянал. Так, ён мусіць разабрацца з сваімі дэманамі. Але прафэсійна я ўпэўнены — мы вернем таго Стрыжака, якога любілі за прафэсіяналізм і адданасьць.
— Калі гэтыя дзьве гісторыі (Ціханоўскі і Стрыжак) разглядаць з пункту гендэрных стэрэатыпаў, традыцыяў патрыярхату, дык наколькі карані праблемаў палягаюць у гэтым?
— Вядома, так. Беларусы жылі ў сваёй рэзэрвацыі. Так атрымалася. Можна казаць пра кожнага асобна: маўляў, сучасны чалавек, эўрапеец духам... Але ў цэлым краіна жыла ў замкнёнай сыстэме, дзе праз войска, праз царкву, праз палітыкаў і чыноўнікаў насаджваліся свае мадэлі... І гэта скажае рэчаіснасьць, у тым ліку ў бок патрыярхату. Як сказаў Чарлі Чаплін: «Я ніколі не любіў беднасьць, бо яна толькі скажала маё ўяўленьне пра рэальнасьць». Вось і ў нас — уяўленьне пра рэальнасьць было скажонае. Таму рэакцыя: «А што здарылася з гэтымі дзяўчатамі? Ну, фотка прыйшла», — гэта ненармальна.
— Нашая размова выходзіць у нобэлеўскі тыдзень. Мы ня ведаем, хто атрымае Нобэлеўскую прэмію міру. Яе вельмі хоча атрымаць прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. У тым ліку і за яго ініцыятыву, дзякуючы якой на волю выйшлі беларускія палітвязьні, і ёсьць спадзеў, што вызваляць вялікую колькасьць людзей, у тым ліку нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. Як вы гледзіце на працэс вызваленьня палітвязьняў, ініцыяваны прадстаўнікамі ЗША? Ці можна паскорыць вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў?
— Калі б я быў старшынём Нобэлеўскага камітэту, я б патэлефанаваў Дональду Трампу і сказаў: «Мы дамо табе гэтую прэмію, але папрацуй яшчэ дзеля вызваленьня ўсіх палітвязьняў. І пастарайся спыніць вайну ва Ўкраіне». І тады ўсё будзе справядліва. Мне не шкада для яго Нобэлеўскай прэміі — тым больш гэта не мая ўзнагарода, а Нобэля. Але тут шмат нюансаў. Мы заўсёды разумелі: ні Трампу, ні яго камандзе беларускія палітвязьні ня вельмі цікавыя. Але яны зрабілі вялікую працу. Чаму — можна спрачацца да раніцы. Факт ёсьць факт. Можам мы паўтарыць гэта? Так. Калі зразумеем, як зноў «прасунуць нагу ў дзьверы». Гэта вялікая аналітычная праца ўнутры ўсіх структураў — Офісу, Кабінэта, НАУ і іншых.
Працягваюцца затрыманьні ў Беларусі. Улада пераступае ўсе межы. Хапае ўсіх запар. Магчыма, Лукашэнка спрабуе «цану» ўтрымаць, бо цана падае. І можа наступіць момант, калі ЗША скажуць: «Нам усё роўна». Таму цяпер усё залежыць ад нас. Уплываць могуць палітыкі, грамадзкія дзеячы, мэдыя і культура. Вось чатыры суб’екты, якія могуць зьмяніць сытуацыю.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум