Актывізацыя ў Беларусі апазыцыйных структураў адбылася ў тым ліку пасьля сустрэчы з галоўным рэдактарам газэты «Народная Воля» Ёсіфам Сярэдзічам, — так ацаніў Аляксандар Лукашэнка спробу сесьці за агульны стол са сваімі апанэнтамі.
Лукашэнка сказаў, што ў прынцыпе не адхіліў гэтую ідэю, але ягоная прынцыповая пазыцыя ў тым, каб за такім сталом прысутнічалі прадстаўнікі «патрыятычнай апазыцыі, якая любіць свой народ і краіну»:
«Зь іншымі я размаўляць ня буду — з правакатарамі. Калі прэзыдэнт у Палац незалежнасьці за круглы стол запускае правакатараў, што падумаюць нармальныя людзі?» — задаў ён рытарычнае пытаньне.
Па словах Лукашэнкі, калі ён паставіў такія ўмовы, гэта ўзарвала «апазыцыйную кляаку»: маўляў, там зразумелі, што да прэзыдэнта яны ня трапяць, а за стол сядуць іншыя:
«Гэта глыбінная прычына, чаму раптам апазыцыя так моцна ў нас узбудзілася. Зразумела, яшчэ і вясновае абвастрэньне ў некаторых».
Ёсіф Сярэдзіч у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што днямі да Аляксандра Лукашэнкі трапяць новыя прапановы ў справе арганізацыі перамоўнага працэсу. Пасьля гэтага стане зразумела, наколькі сама ўлада зацікаўленая ў канструктыўным дыялёгу:
«Бліжэйшымі днямі на стол да прэзыдэнта ляжа яшчэ адзін ліст, які, мне здаецца, больш-менш акрэсьліць усе пазыцыі і аднаго боку, і другога. Далей ужо справа кіраўніка краіны — як ставіцца да гэтай праблемы.
Тое, што ён ня хоча саджаць за стол радыкалаў са скрайнімі поглядамі — ня ведаю, гэта ягоная справа. Сам жа я сябе ніякім „дэтанатарам“ не лічу. Наадварот, стараюся наладзіць перамоўны працэс. Зрэшты, Лукашэнка і не казаў, што не ўспрымае маю прапанову. У прынцыпе ўспрымае, толькі ставіць умовы наконт таго, з кім ён будзе весьці такі дыялёг: з радыкаламі, якія могуць паставіць пытаньне аб непазьбежнай рэвалюцыі, ці з умеранымі апанэнтамі? Здаецца, тут усё досыць зразумела...»