Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тымчук: Абвінавачаньні Ўкраіны ў падрыхтоўцы баевікоў для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі — палітычная правакацыя


Народны дэпутат Украіны Дзьмітры Тымчук
Народны дэпутат Украіны Дзьмітры Тымчук

Народны дэпутат Украіны, кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук выключае імавернасьць існаваньня на ўкраінскай тэрыторыі лягераў, у якіх нібыта рыхтуюць баевікоў для арганізацыі ўзброеных правакацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Спадару Лукашэнку трэба быць асьцярожным з такімі заявамі.

«Мяркую, што спадару Лукашэнку трэба быць асьцярожным з такімі заявамі. Ва Ўкраіне вельмі ўважліва прыслухоўваюцца да таго, што кажа кіраўніцтва Беларусі. Зразумела, гэта наш сусед, партнэр у гандлёва-эканамічных дачыненьнях, і для нас важна палітычная пазыцыя беларускіх уладаў», — сказаў Дзьмітры Тымчук Радыё Свабода, камэнтуючы сёньняшнюю заяву кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра затрыманьне баевікоў, якія падазраюць у арганізацыі ўзброеных правакацый.

21 сакавіка ў часе размовы ў Магілёве з супрацоўнікамі кампаніі «Кронаспан» Лукашэнка, у праватнасьці, сказаў: «Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (ня тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэнаваліся ў лягерах з зброяй. Дарэчы, адзін з лягераў быў у раёне Бабруйску і Асіповічаў. Астатнія лягеры — ва Ўкраіне, па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (ня буду сьцьвярджаць, але недзе там)».

Мы да гэтага часу не можам зразумець, якая выразная пазыцыя ў Лукашэнкі і гэта нас вельмі засмучае.

Тымчук зьвярнуў увагу на тое, што кіраўнік Беларусі часта выступае з супярэчлівымі заявамі адносна Ўкраіны. «На жаль, мы бачым, што з аднаго боку спадар Лукашэнка кажа пра падтрымку Ўкраіны, а зь іншага, калі ён сустракаецца з прадстаўнікамі расейскага кіраўніцтва, пачынае крытыкаваць Украіну, казаць, што падзеі на Данбасе — гэта ўнутраны канфлікт, то бок непрымальныя для Ўкраіны рэчы. Мы да гэтага часу не можам зразумець, якая выразная пазыцыя ў Лукашэнкі і гэта нас вельмі засмучае», — дадаў ён.

«Падымаць зараз тэму, што ва Ўкраіне спрабуюць паўплываць на сытуацыю ў Беларусі, гэта, па-мойму, проста палітычная правакацыя. Мы наадварот вельмі зацікаўленыя ў тым, каб на тэрыторыі Беларусі была стабільнасьць. Усе ж выдатна ведаюць, што ў нас, ва Ўкраіне адбываецца агрэсія Расейскай Фэдэрацыі і досыць нэгатыўная сацыяльна-эканамічная сытуацыя. У такіх умовах яшчэ ствараць дэстабілізацыю на нашых межах — гэта для Ўкраіны самагубства», — каж Дзьмітры Тымчук.

На ўкраінскай тэрыторыі ў памежных зь Беларусьсю раёнах працуе ўкраінская так званая бурштынавая мафія.

У то жа час дэпутат не выключае, што на тэрыторыі Беларусі могуць дзейнічаць «пэўныя крымінальныя элемэнты»: «Мы ж ведаем, што на ўкраінскай тэрыторыі ў памежных зь Беларусьсю раёнах працуе ўкраінская так званая бурштынавая мафія. Магчыма, гэта выклікана разборкамі сярод гэтых элемэнтаў. Але я ня думаю, што гэта нейкі палітычны фармат або палітычная падзея. Гэта поўная фантастыка! Казаць пра нейкія лягеры, што мэтанакіравана рыхтуюць баевікоў для правакацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, я, шчыра кажучы, упершыню пра такое чую. Я працую ў гэтых рэгіёнах, у прыватнасьці, у Жытомірскай вобласьці, бываю там вельмі часта, але казаць, што там ёсьць лягеры для баевікоў не даводзіцца ні пры якіх абставінах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG