Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я ўзарваў апазыцыйную кляаку. Топ-9 выказваньняў Лукашэнкі пра «пятую калёну»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Сёньня ў Магілёве падчас размовы з прадстаўнікамі працоўных калектываў кампаніі «Кронаспан» Аляксандар Лукашэнка расказаў, чаму ў Беларусі актывізаваліся розныя апазыцыйныя структуры, у тым ліку прадстаўнікі «пятай калёны».

1. «Пятая калёна» хоча скінуць прэзыдэнта

«Мара („пятай калёны“. — РС) — разбурыць уладу і скінуць прэзыдэнта. Чаму — а ён не дае дзяліць краіну, заводы не прысабечыш, прыватнай уласнасьці на зямлю ня ўводзіць».

2. Вінаваты Сярэдзіч

Лукашэнка сказаў, што актывізацыя ў Беларусі апазыцыйных структур адбылася пасьля яго сустрэчы з галоўным рэдактарам апазыцыйнай газэты «Народная Воля» Ёсіфам Сярэдзічам, які прапанаваў сесьці за агульны стол з апазыцыяй і абмеркаваць тыя ці іншыя пытаньні.

«Зь іншымі я размаўляць ня буду — з правакатарамі. Калі прэзыдэнт у Палац Незалежнасьці за круглы стол запускае правакатараў, што падумаюць нармальныя людзі?»

3. Лукашэнка ўзарваў «апазыцыйную кляаку»

Паводле Лукашэнкі, актывізацыя «пятай калёны» зьвязаная і з тым, што апазыцыянэры зразумелі, што ня ўсе яны трапяць на круглы стол да прэзыдэнта.

«Таму я паставіў умовы. І гэта ўзарвала гэтую апазыцыйную кляаку. Тыя, хто наверсе, зразумелі, што да прэзыдэнта яны ня трапяць, а за стол сядуць іншыя».

4. «Хто трапіць за круглы стол — атрымае грошы»

«Як іншыя? Мы — начальнікі, нам адтуль грошыкі плацяць. А калі іншыя, значыць, іншым будуць плаціць. Гэта — глыбінная прычына, чаму раптам апазыцыя так моцна ў нас узбудзілася. Зразумела, яшчэ і вясновае абвастрэньне ў некаторых».

5. «Апазыцыі трэба мардабой, кроў»

Лукашэнка дадаў, што заходнія арганізацыі, якія, на ягоную думку, фінансуюць апазыцыю ў Беларусі, гатовыя даваць грошы ў першую чаргу пры ўмове арганізацыі беспарадкаў:

«Ім патрэбны мардабой, кроў», — сказаў ён.

6. «За ноч — пяць здарэньняў»

Лукашэнка нагадаў пра шэраг сур’ёзных інцыдэнтаў, якія адбыліся на дзяржаўнай мяжы за апошні час.

«Я за свае гады ня памятаю такой ночы, каб было пяць буйных здарэньняў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

7. «То пісталеты, то кулямёты, то гранаты»

«За мяжой убачылі, што ёсьць попыт на правакатараў. Зараз сьледзтва разьбярэцца. Узбуджаная крымінальная справа. Яны ўсяляк спрабуюць прарвацца на нашу тэрыторыю. Гэта не адзінкавы выпадак, ня ў гэтым толькі годзе. Яны ўвесь час то пісталеты, то кулямёты, то гранаты завозяць унутр Беларусі. Я паглядзеў гэты сюжэт — там ня ўсё паказалі. Мяне насьцярожыла, што знойдзены аўтамат бяз нумара».

8. Як звычайны чалавек становіцца баевіком. Рэцэпт «каляровай рэвалюцыі» ад Лукашэнкі

«Гэтыя правакатары звычайна запатрабаваныя там, дзе „гарачыя кропкі“. Гэта яны стралялі, заводзілі натоўп. Пачынаецца паніка, цісканіна, людзі адзін на аднаго пачынаюць злаваць, і, як сьнежны ком, пачынаецца гэтае абурэньне. Тады чалавеку падсоўваюць зброю, пачынаючы ад нажа і заканчваючы стралковай. І звычайны чалавек, які нібыта прыйшоў патрабаваць сваё, становіцца баевіком. Гэта цэлая тэхналёгія каляровых рэвалюцый».

9. «Удзельнікам „Маршаў недармаедаў“ у Магілёве прапанавалі працу. Яны адмовіліся»

«Выйшлі ў Магілёве 200 чалавек на плошчу на працу прасіцца. Калі ім прапанавалі працу, яны ўсе разьбегліся. Гэта значыць, ім праца была не патрэбная. Арганізавалі людзей разам зь пятай калёнай, і пайшла гэтая хваля па буйных гарадах».

Чытайце таксама:

Лукашэнка: «Дэкрэт № 3 я не адмяняў і нават не прыпыняў»

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі затрымалі дзясяткі баевікоў са зброяй

Лукашэнка: «Хацеў бы, каб нашы навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі». А «Зялёныя» знайшлі, і не адну

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG