Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН прынялі ініцыяваную Беларусьсю рэзалюцыю пра зброю масавага зьнішчэньня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Першы камітэт 72-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН прыняў большасьцю галасоў рэзалюцыю аб забароне распрацоўваньня і вытворчасьці новых відаў зброі масавага зьнішчэньня, перадае беларускае Міністэрства замежных спраў.

За рэзалюцыю прагаласавалі 173 краіны, супраць выступілі тры: ЗША, Ізраіль і Ўкраіна. Беларусь рэгулярна ўносіла гэткую рэзалюцыю на разгляд Першага камітэту. Суаўтарамі выступілі 35 дзяржаў Эўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, у тым ліку Паўночная Карэя, якая пагражае іншым краінам ракетнай зброяй.

Зацьверджаны варыянт рэзалюцыі адлюстроўвае прыхільнасьць дзяржаў ААН палітыцы прадухіленьня зьяўленьня новых відаў зброі масавага паражэньня і прадугледжвае прыняцьце мэханізму рэагаваньня на іх распрацоўваньне або выраб з прыцягненьнем патэнцыялу Канфэрэнцыі ААН па раззбраеньні.

Прадстаўнік ЗША патлумачыў, што краіна галасавала супраць рэзалюцыі, бо такая рэзалюцыя «адцягвае ўвагу ад рэальнай зброі масавага зьнішчэньня», а міжнародная супольнасьць «мусіць засяродзіцца на распаўсюдзе вядомых відаў зброі масавага зьнішчэньня», бо новыя віды «не зьявіліся і застаюцца гіпатэтычнымі».

Навошта гэта Беларусі?

Андрэй Фёдараў, архіўнае фота
Андрэй Фёдараў, архіўнае фота

Экспэрт у міжнародных пытаньнях Андрэй Фёдараў кажа Свабодзе, што, на яго думку, Беларусі такія рэзалюцыі трэба проста каб «засьвяціцца»:

«Беларусь, наколькі я разумею, ніякага дачыненьня да вытворчасьці такой зброі ня мае, ёй гэтай зброяй ніхто, здаецца, не пагражае. Гэта трэба проста каб прадэманстраваць, што мы змагаемся за мір ва ўсім сьвеце, што мы такая самастойная дзяржава і гэтак далей».

Фёдараў сумняецца, што такі вобраз, нават калі складзецца, можа канвэртавацца ў канкрэтныя дамоўленасьці або крэдыты, карысныя для краіны:

«Гэта малаверагодна. Ад таго, што была прынятая такая рэзалюцыя або сотні ці тысячы іншых рэзалюцый ААН і астатніх міжнародных арганізацый, мала што зьмянілася. Калі нават рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН не выконваюцца, чакаць, што будзе выконвацца гэтая, не выпадае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG