Тыдзень таму Свабода апублікавала матэрыял нашай кіеўскай карэспандэнткі Алены Літвінавай «Як Беларусь праз Дняпро ледзь не атрымала частку тэрыторыі Ўкраіны». На просьбу Свабоды Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі даў афіцыйны адказ.
Артыкул быў пра тое, што Дняпро некалькі разоў мяняў рэчышча. Сьпярша гэта былі толькі нязначныя зрухі — штогод у раёне Любеча Рэпкінскага раёну Чарнігаўскай вобласьці рака адразала па пяць мэтраў ад украінскага берагу, такім чынам павялічваючы беларускі. На гэта мала хто зьвяртаў увагу, пакуль Дняпро ў часе разьліваў не размыў перамычку з суседнім возерам Сімполь і не ўтварыў вялікі востраў. Да таго ж намыла яшчэ дзьве выспы. Цяпер на ўкраінскім беразе Дняпра стаіць памежны знак. А ў бок беларускага берагу інфармацыя на ім, хоць і з памылкамі, напісаная на беларускай мове: «Дзяржаўный кордон Украины. Праход забаронены».
Пазыцыя Кіева
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны лічаць некарэктнай пастаноўку пытаньня пра магчымую зьмену лініі мяжы зь Беларусьсю ў гэтым раёне. «Зьмена фарватэру (Дняпра) мае быць пацьверджаная адпаведнымі двухбаковымі камісіямі. Што да ўмацаваньня берагоў, то гэтае пытаньне належыць да кампэтэнцыі мясцовых органаў улады. На дадзены момант нявырашаных пытаньняў на гэтым участку няма», — падкрэсьліў дарадца старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян.
Пазыцыя Менску
Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі расказаў, што беларуска-ўкраінская дзяржаўная мяжа вызначаная Дамовай паміж Рэспублікай Беларусьсю і Ўкраінай ад 12 траўня 1997 году, якая ўступіла ў сілу 18 чэрвеня 2013 году. Дамова зьмяшчае пратакол-апісаньне праходжаньня лініі дзяржаўнай мяжы паміж Рэспублікай Беларусьсю і Ўкраінай і альбом тапаграфічных мапаў з графічна нанесенай на іх лініяй дзяржаўнай мяжы:
«Створана сумесная беларуска-ўкраінская дэмаркацыйная камісія. Працы для дэмаркацыі мяжы пачатыя ў чэрвені 2014 году з вынясеньня лініі мяжы з дэлімітацыйнай мапы на мясцовасьць. Аднак на названым участку працы дагэтуль не праводзіліся, і памежныя знакі, якія вызначаюць праходжаньне на мясцовасьці, не ўсталяваныя.
Таму ў артыкуле Свабоды гаворка ідзе не пра памежныя слупы, а пра ўсталяваныя з украінскага боку аншлягі — адмысловыя інфармацыйныя знакі з папераджальнымі надпісамі пра набліжэньне да дзяржаўнай мяжы.
У ходзе дэмаркацыі на рачных участках мяжы будуць устаноўленыя рачныя памежныя знакі, якія складаюцца з двух памежных слупоў, разьмешчаных адзін насупраць аднаго на процілеглых берагах.
На сухаземных участках мяжа паводле ўзаемнай дамоўленасьці пазначаецца двухбаковымі памежнымі слупамі. У такіх слупоў відавы бок зь дзяржаўнай сымболікай Украіны павернуты ў бок Беларусі і наадварот. Гэты спосаб абазначэньня мяжы будзе ўжыты ўпершыню і дазволіць зьнізіць фінансавыя выдаткі на дэмаркацыйныя працы.
Усе працы выконваюцца двума бакамі на парытэтнай аснове і ў цесным узаемадзеяньні.
Пасьля таго як усе памежныя знакі будуць устаноўленыя, павінен быць праведзены комплекс картографа-геадэзічных працаў (аэрафотаздымка ўчастку мясцовасьці, адпаведныя дэмаркацыйныя дакумэнты). Толькі пасьля гэтага можна будзе казаць, што дэмаркацыя дзяржаўнай мяжы завершаная».
Беларуска-ўкраінская дэмаркацыйная камісія надалей працуе. Нявырашаных пытаньняў, зьвязаных з праходжаньнем беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы, у тым ліку зьвязаных з натуральнымі зьменамі рэчышчаў, цяпер няма, запэўніў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі.