Сёньня Пётру Садоўскаму спаўняецца 75 гадоў. У 80-х філёляг, перакладчык, Садоўскі стаяў ля вытокаў новай хвалі нацыянальнага Адраджэньня, быў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, дэпутатам Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, сябрам Прэзыдыюму ВС і старшынём парлямэнцкай камісіі па міжнародных справах і зьнешнеэканамічных сувязях, першым амбасадарам незалежнай Беларусі ў Нямеччыне.
У 2008 годзе ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла ягоная аўтабіяграфічная кніга «Мой шыбалет».
Радыё Свабода патэлефанавала Пётру Садоўскаму і павіншавала яго зь юбілеем.
— Спадар Пётра, шмат для каго далучэньне да беларускасьці пачалася з тэлевізійнай перадачы «Роднае слова», якую вы пачалі весьці яшчэ на пачатку 80-х. А чым для вас памятная праца над той перадачай?
— Гэта быў пэрыяд уздыму, хоць час быў яшчэ далёкі да перабудовы. Мне ўзгадваюцца перш за ўсё людзі, якія былі вакол мяне, якія працавалі для перадачы «Роднае слова». Гэта Ўладзімер Содаль — ён быў рэдактарам і галоўным арганізатарам гэтай перадачы. Канечне ж, Генадзь Бураўкін, які вельмі прыхільна ставіўся да нас. Зіна Бандарэнка, кіраўніца дыктарскай групы, дапамагала асвойвацца ў кадры. Прафэсар Фёдар Янкоўскі правёў сам адну зь першых перадач. Потым быў сам неаднаразовым госьцем, гэтак жа як і Янка Саламевіч, наш вядомы энцыкляпэдыст.
Большасьці з тых, каго мы запрашалі на перадачу (або да каго езьдзілі) у тыя далёкія гады, ужо няма сярод нас... Зоська Верас, жонка Браніслава Тарашкевіча Вера Андрэеўна, Лявон Луцкевіч, Васіль Вітка, Алег Лойка, Аляксандар Падлужны, Аляксандар Крывіцкі... Выступалі ў нас і беларусісты замежжа: Вацлаў Жыдліцкі, Карл Гудшміт, Арнольд Макмілін, Фрыдрых Шольц. Дагэтуль чую галасы жывых і мёртвых.
І запомніліся лісты гледачоў. Іх было фантастычна шмат... Пазьней шмат з кім з аўтараў давялося пазнаёміцца асабіста.
Цяпер жа нават у нацыянальным беларускім асяродзьдзі шмат суперніцтва. Раней такога не было. Была дабрыня
Цяпер таксама нешта адбываецца ў гэтым кірунку — напрыклад, ладзяцца курсы беларускай мовы. Але гэта нешта іншае. Тое, што робіцца цяпер, з тэхналягічнага, тэхнічнага і мэтадычнага бакоў цікавей, чым было ў наш час. Але тады былі вялікія чаканьні. Было больш рамантыкі. Была ўпэўненасьць, што ўсё будзе добра. Цяпер у мяне такога адчуваньня няма. Хоць мы зь Вінцуком Вячоркам і самі вядзем невялічкія курсы беларускай мовы, яны ня вельмі маштабныя, больш камэрныя. У 80-я было больш цеплыні, рамантызму. Менш было цынізму. Цяпер жа нават у нацыянальным беларускім асяродзьдзі шмат суперніцтва. Раней такога не было. Была дабрыня.
— Вы былі адным зь сябраў Аргкамітэту БНФ, пазьней — дэпутатам апазыцыі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Што вы лічыце найбольшым дасягненьнем — у тым ліку і вашым — у тыя гады?
— Я нічога не магу сказаць пра свае асабістыя дасягненьні, таму што ўсё, што рабілася, рабілася разам. Хіба што падрыхтоўка некаторых законаў, зьвязаных са знешнеэканамічнай дзейнасьцю. І дзякуючы агульным намаганьням нешта і зрабілася. Пра дзейнасьць апазыцыі БНФ у ВС 12-га скліканьня ўжо шмат гаварылася і пісалася.
— Што самым цікавым было для вас на пасадзе амбасадара Беларусі ў Нямеччыне?
— Можа, прагучыць патасна: я, дакладней — мы, Віктар Чайчыц (першы сакратар амбасады) і Васіль Марковіч (консул) — адкрывалі Беларусь для немцаў і Эўропы. Сталася так, што я быў увогуле першы амбасадар незалежнай Беларусі на Захадзе. Пасьля мяне паехаў Уладзімер Сянько ў Францыю. Будучы германістам паводле адукацыі і маючы досьвед працы перакладчыкам (па розных кірунках) і гідам зь нямецкай ды гішпанскай мовамі, пасьля ўжо амаль 2-гадовай парлямэнцкай практыкі і пэўных напрацаваных кантактаў зь нямецкімі палітыкамі, шмат што ўдавалася рабіць даволі пасьпяхова. Сваім сіламі (амаль без падтрымкі зь Менску) мы арганізавалі афіцыйны будынак для амбасады, пераклалі тры законы па зьнешнеэканамічнай дзейнасьці на нямецкую мову і выдалі ў выглядзе дзьвюх брашур-часопісаў. Вялі гаворкі ў Бундэстагу, у ляндтагах, у студэнцкіх аўдыторыях, у цэрквах, на эканамічных канфэрэнцыях, у офісах чарнобыльскіх ініцыятываў, на прадпрыемствах, падчас культурніцкіх імпрэзаў...
— 2016 год юбілейны ня толькі для вас, але і для Беларусі — спаўняецца 25 год Незалежнасьці. Вы былі сярод тых дэпутатаў, якія 25 жніўня 1991 году галасавалі за наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону. Сёньня часта можна пачуць, што ўлады нарэшце нібыта павярнуліся да нейкіх нацыянальных каштоўнасьцяў (засьцерагаючыся ад паўтору «крымскага сцэнару») — але як вы тады патлумачыце, што гэты год ніяк не адзначаецца афіцыйна, тады як Украіна надае аналягічнаму юбілею вялікае значэньне?
— Вы слушна кажаце: нібыта павярнуліся... Ніякага павароту, канечне, няма. І быць ня можа, таму што сама мадэль нашай «незалежнасьці» — захаваць асабістую ўладу, прывязаўшыся да «рускага міру» і эканамічна, і культурна, і палітычна, і ў вайсковай сфэры — гэта кайданкі, што душаць нацыянальныя ініцыятывы.
Паказальнай была ўрачыстая вечарына, на якой вядомыя дзеячы навукі і культуры ўзнагароджваліся нацыянальнымі прэміямі. З дынамікаў чуецца беларуская мова, вядоўцы — беларускамоўныя, на трыбуне — рускамоўны прэзыдэнт, побач стаіць, як нерухомая статуя, высокі герарх Маскоўскай ПЦ. Канцэрт, пачаты цывілізаванай шляхецкай вечарынай, заканчваецца праваслаўнымі бізантыйскімі залатымі купаламі на ўвесь экран палаца...
Ці вось БРСМаўцы надзенуць вышыванкі... Сьмех дый годзе!