28 траўня пачаўся двухдзённы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан. У аэрапорце беларускага кіраўніка сустрэў прэм’ер-міністар краіны Наваз Шарыф.
Сёньня ж адбылася і сустрэча Лукашэнкі з прэзыдэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам. Кіраўнікі дзяржаў спачатку пагутарылі cам-насам, а затым працягнулі перамовы з удзелам членаў дэлегацыі.
«У нас няма практычна ніякіх праблем у сфэры палітыкі, мы супрацоўнічаем у міжнародных арганізацыях, падтрымліваем адзін аднаго. Я думаю, гэтым шляхам трэба ісьці, падцягваючы да гэтага супрацоўніцтва і дэпутатаў, і кіраўнікоў ведамстваў, — сказаў Лукашэнка. — Што да эканомікі, тут нам трэба сур’ёзна папрацаваць».
«Адкрыцьцё беларускай амбасады ў Ісламабадзе — гэта першы значны крок з нашага боку, які сьведчыць пра тое, што мы прыйшлі да вас з вашага дазволу ўсур’ёз і надоўга», — заявіў Лукашэнка, паведамляе БЕЛТА.