Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапаведнік бяз рук і ног запрошаны на сьвята 500-годзьдзя беларускай Бібліі


Нік Вуйчыч
Нік Вуйчыч

З нагоды 500-годзьдзя першай друкаванай беларускай кнігі — Бібліі Францішка Скарыны — у Берасьце запрошаны вядомы хрысьціянскі прапаведнік бяз рук і ног Нік Вуйчыч. Ініцыятары запрашэньня — супольнасьць эвангельскіх хрысціян-баптыстаў «Збаўленьне».

Летась Вуйчыч з аншлягам выступіў у «Менск-Арэне», нагадвае асьветніцкі сайт katolik.life. 15 верасьня ў берасьцейскім Лядовым палацы адбудзецца новая сустрэча з гэтым мужным чалавекам.

У якасьці месца сустрэчы Берасьце абрана невыпадкова: менавіта тут, паблізу абласной бібліятэкі, усталююць першы ў Беларусі помнік Бібліі — акурат да юбілею беларускага кнігадрукаваньня.

Берасьцейская біблія — самае вялікае па абʼёме ў Вялікім Княстве Літоўскім друкаванае выданьне ХVI—ХVIІІ стагодзьдзяў, шэдэўр паліграфічнага мастацтва эпохі Рэнэсансу. Надрукаваная яна была ў берасьцейскай друкарні канцлера ВКЛ і берасьцейскага старасты Радзівіла Чорнага.

Як удакладніў прапаведнік Васіль Трубчык, адказны рэдактар выдавецтва «Крынiца жыцьця» саюзу ЭХБ у Беларусі, квіткі будуць прадаваць парай — для верніка і яго сябра, «далёкага ад Бога»:

«Лядовы палац у Берасьці разьлічаны на 3 тысячы пасадачных месцаў, разам зь Берасьцейскай філярмоніяй плянуецца распаўсюджваць адмысловыя квіткі. Калектыўныя заяўкі ад цэркваў трэба будзе накіраваць у царкву ЭХБ „Збаўленьне“. Квіткі змогуць набыць толькі тыя браты і сёстры, якія возьмуць з сабой іншага, далёкага ад Царквы і Бога чалавека, — сябра, брата, сястру, суседа, калегу», — сказаў Васіль Трубчык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG