Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны дырэктар МАГАТЭ прыбыў у Беларусь і сустрэўся з Лукашэнкам


Рафаэль Гросі
Рафаэль Гросі

Галоўнай мэтай прыезду чыноўніка зьяўляецца наведваньне Астравецкай атамнай электрастанцыі.

Рафаэль Гросі, акрамя Астраўца, меў у плянах наведваньне Менску. У сталіцы Беларусі ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У абмеркаваньне ўваходзіла і сытуацыя ва Ўкраіне, дзе расейскія акупацыйныя войскі ўтрымліваюць кантроль над украінскай Запароскай АЭС.

Як піша БелТА са спасылкай на словы Гросі, чыноўнік расказаў Лукашэнку аб «працы агенцтва, пачынаючы з самага пачатку канфлікту, дзеля забесьпячэньня ядзернай бясьпекі на атамных электрастанцыях Украіны». Паводле БелТА, Рафаэль Гросі сказаў, што яму было вельмі важна пачуць асабістую пазыцыю Лукашэнкі, яго падыходы да гарантаваньня ядзернай бясьпекі і міру ў рэгіёне.

Таксама Гросі адказаў на пытаньне, ці можа Беларусь дапамагчы ў забесьпячэньні бясьпекі Курскай і Запароскай АЭС. Паводле кіраўніка МАГАТЭ, цяпер адмыслоўцы агенцтва прысутнічаюць на Запароскай АЭС.

«Нам патрэбная перш за ўсё падтрымка нашых дзеяньняў з боку ўсіх краін – сяброў МАГАТЭ. Беларусь зьяўляецца вельмі важным удзельнікам агенцтва, таму падтрымка (у тым ліку з боку Беларусі) нашых дзеяньняў надзвычай важная».

Тым часам Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы заявіў гендырэктару МАГАТЭ, што «ва Ўкраіне гучаць заявы, што <...> Лукашэнка хоча захапіць Чарнобыльскую станцыю», але ў Беларусі «няма неабходнасьці» ў гэтым. Варта адзначыць, што ў сеціве Свабодзе не ўдалося знайсьці заявы афіцыйных асобаў Украіны пра нібыта намер Беларусі захапіць ЧАЭС. Выданьне «Українська правда» сьцьвярджае, што прадстаўнікі Кіева «не рабілі заяваў, на якія спасылаецца Лукашэнка».

«Мы ў страшным сьне не маглі ўявіць, што нам давядзецца „захапіць“ Чарнобыльскую станцыю і за яе потым адказваць. Няма такой неабходнасці з боку Беларусі. І, паверце мне, з боку Расеі таксама — не было, няма і ніколі ня будзе», — заявіў Лукашэнка.

Гаворачы пра Беларускую АЭС, Лукашэнка заявіў, што Беларусь пабудавала «самую сучасную і самую бясьпечную атамную станцыю ў сьвеце». «А наогул вы павінны ведаць, што мы адданыя бясьпецы, міру і мы зробім усё, на што мы здольныя, што ад нас залежыць, для таго каб забясьпечыць рэгіянальную ядзерную бясьпеку. У гэтым вы можаце не сумнявацца», — дадаў ён.

На сваіх рэсурсах МАГАТЭ пакуль не камэнтавала сустрэчы.

Будзе абноўлена

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG