Адзін з расейскіх удараў па Харкаву ўдзень 22 чэрвеня прывёў да гібелі як мінімум двух чалавек, паведамілі мясцовыя ўлады.
«Ёсьць загінулыя і параненыя. Удар трапіў у жылы дом», — напісаў мэр Харкава Ігар Церахаў.
«Паводле папярэдняй інфармацыі лекараў хуткай дапамогі, загінулі два чалавекі. Прынамсі два чалавекі атрымалі раненьні. Працягваецца праверка», — дадаў начальнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Пазьней чыноўнік дадаў, што колькасьць параненых вырасла да 15 чалавек.
Расейскія вайскоўцы кожны дзень абстрэльваюць Харкаў і Харкаўскую вобласьць. Нягледзячы на доказы і сьведчаньні, Масква адмаўляе мэтанакіраваны напад на мірных жыхароў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
На фоне наступу Расеі на поўначы Харкаўскай вобласьці прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што для абароны Харкава ад расейскіх нападаў патрэбныя некалькі дадатковых ЗРК Patriot.