Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На купалаўскай сцэне — Алесь Ліпай з «Абдымкамі»


Сябры Свабоды: Алесь Ліпай з новай кнігай «Абдымкі»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00

29 кастрычніка ў Менску ў камэрнай залі Купалаўскага тэатру адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Алеся Ліпая «Абдымкі». Вялікі том лірыкі паэта пабачыў сьвет у выдавецкай сэрыі «Кнігарня пісьменьніка» на варштатах выдавецтва «Кнігазбор». Ляйтматывам зборніка гучаць словы аўтара, зьмешчаныя на супэрвокладцы:

Я разумею, чаму падаюць зоркі
На такой вышыні немагчыма
змагацца са спакусай кінуцца ўніз...

«Абдымкі» — гэта своеасаблівае шасьцікніжжа, утворанае паэтычнымі разьдзеламі, кожны зь якіх мае сваю скразную тэму, сваю стылістыку і сваю назву. Вось верш, які надае вобразнасьці і сэнсу разьдзелу «Абразкі».

Збанкі пазабіраліся на плот,
расьселіся і грэюцца на сонцы,
падставіўшы пад шчодрае цяпло
свае таўшчэзныя бакі і донцы.

Акропленыя ранішняй расой,
яшчэ крыху — і завуркочуць, здэцца...
О! Выпырхнуў з маленства абразок
і ўсеўся матыльком на сэрца.

Наступныя радкі вызначаюць настрой першага разьдзелу «Міратокі», а зрэшты — і ўсяе кнігі.

...Ну пара.
Па вечных цёмных водах
сам вяслуючы ў адзеньні зрэбным,
забірае Бог паэтаў у народа.
Бо Яму яны яшчэ патрэбны.

Яшчэ адна «кнігазбораўская» навінка — «Васковыя таблічкі: погляд на мінулае і будучыню». Яна дае сэнсацыйны адказ на пытаньне: хто ёсьць прашчурам ноўтбука? Больш за тое, аматары жывой гісторыі, якія прачытаюць гэтую кнігу, змогуць самі змайстраваць сабе ноўт, якім карысталіся пісьменныя людзі яшчэ тры тысячы гадоў таму.

Аўтар кнігі — краязнавец і стваральнік шматлікіх праектаў жывой гісторыі Кастусь Шыдлоўскі. Ён упершыню ў Беларусі сабраў усе магчымыя зьвесткі пра старажытныя прылады пісьма, займальна распавёў пра іх, дапоўніў шматлікімі ілюстрацыямі і раскрыў таямніцы стварэньня старажытных пісьмовых прыладаў — васковых таблічак, ці папросту васковак.

«Няма сумненьняў, — піша Кастусь Шыдлоўскі, — што настане момант, калі вы пакладзяце перад сабой зробленую сваімі рукамі васкоўку, возьмеце ў рукі стыль. Вас чакае асалода таго імгненьня, калі востры канец стыля стане пакідаць на раўнюткай паверхні воску глыбокія сьляды. Цяпер вы на сэкунду задумаліся, якое слова стане першым. Гэта цалкам залежыць ад вас. Я ж разьвітваюся з вамі так, як гэта рабілі старажытныя рымляне напрыканцы лістоў, у тым ліку васковых:

VALE!

УДАЧЫ!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG