Найбольш адпісак замест вырашэньня пытаньняў грамадзян рассылае Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Найменшую павагу да беларускай мовы дэманструе Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Такія высновы пры першым падсумаваньні працы зрабілі заснавальнікі інтэрнэт-сайту petitions.by «Зручны горад».
Як паведаміў заснавальнік рэсурсу Ўладзімер Кавалкін, «Зручны горад» — гэта некамэрцыйная вэб-плятформа, дзе грамадзяне складаюць заявы ў дзяржаўныя органы і зьбіраюць пад імі подпісы праз інтэрнэт. Вырашаць надзённыя праблемы праз гэтыя калектыўныя звароты да ўладаў ім дапамагаюць прафэсійныя юрысты.
Перадусім грамадзяне пішуць звароты па важных грамадзка-палітычных і сацыяльных пытаньнях. Да прыкладу, найбольш масава людзі падтрымалі зварот вядомага блогера Антона Матолькі ў абарону герба «Пагоня» і кадэтаў вайсковай вучэльні, якім пагражала адлічэньне з навучальнай установы за папулярызацыю былога дзяржаўнага герба краіны. Таксама ў выніку калектыўнага звароту, ініцыяванага праз інтэрнэт-рэсурс, Менскі гарвыканкам пачаў публікаваць справаздачы пра тое, як выконваецца гарадзкі бюджэт.
Цяпер «Пэтыцыя» распачынае збор подпісаў пад заявай, каб шырокай грамадзкасьці сталася даступнай інфармацыя пра бюджэт і яго выкананьне ў ВНУ краіны. Сярод першых перамог — выбачэньне ад кіраўніцтва Беларускай чыгункі і вяртаньне двум студэнтам незаконна спагнанага штрафу за перавозку ў цягніку ровараў. Аднак, паводле Ўладзімера Кавалкіна, на калектыўныя і паасобныя звароты грамадзян чыноўнікі розных устаноў таксама адказваюць маўчаньнем альбо адпіскамі:
«У нас было два звароты ў МУС, дзе мы прасілі правесьці тлумачальную працу сярод супрацоўнікаў МУС, што нацыянальныя сымбалі не зьяўляюцца забароненымі, яны не зьвязаныя з нацызмам ці якімі іншымі забароненымі зьявамі.
І яшчэ адзін зварот — на заяву грамадзяніна, які прасіў замяніць у двары свайго дому знак «Прыпынак забаронены» на «Паркоўка забароненая», каб можна было пад’ехаць да пад’езду свайго дома.
Аднак на абодва звароты мы атрымалі фармальныя адказы ў духу, што ўсё ўпарадкавана аптымальна і нічога зьмяняць мы не зьбіраемся.
Таксама, паводле дзейнага заканадаўства, грамадзяне могуць накіроўваць звароты ў дзяржаўныя ўстановы ў папяровым і электронным варыянце на абедзьвюх дзяржаўных мовах.
Але калі вы паспрабуеце адправіць электронны зварот па-беларуску праз афіцыйны сайт у Менгарвыканкам, то гэта зрабіць не атрымаецца. Ён распрацаваны так, што не ўспрымае некаторыя сымбалі, як, да прыкладу, апостраф.
Мы пісалі ў Менгарвыканкам заяву з просьбай выправіць становішча, і нам абяцалі разабрацца. Гэта выпраўляецца за пяць хвілін, але прайшло некалькі месяцаў, і літаральна ўчора я спрабаваў адправіць электронны ліст, і нічога па-ранейшаму не атрымалася. Вось гэта яскрава характарызуе сытуацыю дачыненьня: «людзі — гарадзкія ўлады».
Сайт «Зручны горад» пачаў працу з кастрычніка мінулага году. За кароткі час да яго далучыліся тры тысячы карыстальнікаў. Заснавальнікі мяркуюць, што зь цягам часу людзі будуць зьвяртацца часьцей, а надзённыя праблемы будуць вырашацца больш эфэктыўна. Як падкрэсьліў Уладзімер Кавалкін, галоўная мэта праекту — заахвоціць грамадзян да ўдзелу ў вырашэньні мясцовых праблемаў, павысіць адказнасьць органаў улады перад грамадзянамі і паспрыяць разьвіцьцю адкрытага дыялёгу паміж грамадзянамі і ўладамі ўсіх узроўняў.