Паводле рупліўца беларушчыны, беларусы, якія гавораць па-беларуску, сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. Іхнае права на ўжываньне беларускай мовы не забясьпечана належным чынам на заканадаўчым узроўні. «Мо Рэспубліцы Беларусь варта пазбавіць беларускую мову статусу дзяржаўнай, а беларусаў зрабіць нацыянальнай меншасьцю, можа тады сытуацыя палепшыцца», — разважае магілёвец.
На стале перад Валадаром стос папераў. У ім больш за 1000 аркушаў са скаргамі ды зваротамі, а таксама адказамі на іх з судоў, пракуратуры, міліцыі, адміністрацыі прадпрыемстваў, на якіх працаваў руплівец беларускай мовы. У кожным сваім допісе суразмоўца настойвае, каб яму адказалі на мове звароту.
Высновы, якія пасьпеў зрабіць Валадар пасьля некалькіх гадоў стасункаў зь дзяржаўнымі службоўцамі, змрочныя для носьбітаў беларушчыны.
«Абсалютная безабароннасьць прадстаўнікоў тытульнай нацыі. Беларускамоўныя людзі сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. Закон „Аб мовах“ мёртвы, бо не забясьпечаны прававымі мэханізмамі яго рэалізацыі», даводзіць Цурпанаў.
«У беларускай практыцы чалавек не ўспрымацца як грамадзянін з наборам пэўных свабод і правоў, — дадае ён. — Ёсьць толькі людзі. Чыноўнікі не разумеюць, як на практыцы мусіць рэалізоўвацца „Закон аб мовах“. Адсутнічае ў іх і разуменьне сутнасьці правоў чалавека».
Калі ў дзяржаўныя ўстановы наведваюцца беларускамоўныя людзі, зазначае Валадар, іх найчасьцей успрымаюць як дзівакоў.
«Напачатку дачыненьні прыязныя, — кажа ён. — Выказваецца павага, любоў да беларускай мовы. А як толькі кажаш, дык давайце стасавацца па-беларуску, ці патрабуеш выкананьня закону — чыноўнікі мяняюцца. Найчасьцей пераходзяць на хамства і грубасьць».
«Паводле закону „Аб мовах“, службоўцы павінны валодаць дзьвюма дзяржаўнымі мовамі, аднак на практыцы гэтая норма парушаецца, — працягвае Валадар. — Судзьдзі спасылаюцца на тое, што паводле канстытуцыі ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы і ніякага парушэньня няма, калі дакумэнт выдаюць не на беларускай, а на расейскай мове».
У архіве Цурпанава мноства адказаў зь дзяржаўных установаў, у якіх чыноўнікі і судзьдзі спасылацца на канстытуцыйную норму пра дзьве дзяржаўныя мовы. Напрыклад з Кастрычніцкага суду Магілёва адпісалі: «Судаводзтва і справаводзтва ў судах Рэспублікі Беларусь вядуцца на беларускай, альбо на расейскай мовах. Але па традыцыі ў судаводзтве Рэспублікі Беларусь пераважае расейская мова, у сувязі з чым Вам была накіравана судовая позва на расейскай мове».
За час судовых цяжбаў Валадар толькі аднойчы дамогся ад суду, каб разгляд справы правялі на беларускай мове. Як ён кажа, гэтаму не супярэчылі судзьдзя і адказчыкі. Яны ўсе валодалі беларускай мовай. У бальшыні ж выпадкаў суды вымушаныя былі шукаць для скаржніка перакладчыка.
Суразмоўца заключае: у цяперашняй сытуацыі беларускамоўныя людзі ня могуць абараніць сябе ад дыскрымінацыі. Дзяржаву, якая вінаватая ў гэтым, кажа ён, немагчыма выклікаць у суд, бо суд ня будзе прымаць такія звароты. Для іх зручная фармулёўка: «У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы. Парушэньня закону няма».
Цурпанаў цьвердзіць: ён сутыкаўся з сытуацыямі, калі яму не адказвалі на ягоныя звароты з прычыны напісаньня яго на «ня той» беларускай мове. Валадар карыстаецца клясычным беларускім правапісам. Як ён кажа: адказчыкі наймалі экспэртаў з Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова, каб тыя далі ацэнку, ці слушна напісана па-беларуску скарга. Заключэньне Цурпанаву не даюць на рукі.
Пасьля таго, як была скасаваная норма пра пакараньне чыноўнікаў, якія не даюць адказу на мове звароту, беларускамоўны магілёвец зьвяртаўся ў Канстытуцыйны суд У лісьце ён даводзіў, што беларускамоўныя людзі ў Беларусі безабаронныя. «Мне параілі зьвярнуцца ў Палату прадстаўнікоў, але вядома, што зь сябе ўяўляе гэты орган», абураецца Цурпанаў.
«Выходзіць, я як прадстаўнік тытульнай нацыі і крыніцы ўлады ў гэтай краіне не магу нічога для сябе зьмяніць. Я не магу пачуць у адказ на такую дробязь як: «Дзень добры ў хату» ад службоўцы, да якога завітаў — «Дзень добры і Вам».
«Вось мне прыйшла такая думка, ці ня лепей было б Рэспубліцы Беларусь адмовіцца ад першай дзяржаўнай мовы і пакінуць другую, — разважае Валадар. — А беларусам надаць статус нацыянальнай меншыні. У яе ўсё ж у прававым сэнсе прынамсі больш акрэсьлены статус».
Досьвед абароны беларушчыны мае журналіст і заснавальнік моўных курсаў «МоваНанова» Глеб Лабадзенка. Ён зазначае: у сытуацыях, дзе закон на баку беларускай мовы, абараніць яе можна.
«Суды становяцца на наш бок, калі парушаны закон „Аб зваротах грамадзян“, у выпадку, калі на беларускамоўны зварот адказалі на расейскай мове. У выпадках жа калі мы пішам, што няма на чым, ці дзесьці беларускай мовы і мы яе патрабуем, то звыкла адпісваюць: у нас дзьве дзяржаўныя мовы, на якой хочам на такой і пішам», апавядае руплівец беларушчыны.
Ён заўважае: там дзе ад беларускамоўных захочуць адмахнуцца, то адмахнуцца. Тым ня менш Глеб лічыць: ня трэба забывацца і дзякаваць за тое, што беларуская мова зьявілася там, дзе яе дагэтуль не было.
Сытуацыю, у якой апынуліся беларускамоўныя людзі, Лабадзенка характарызуе, як ненармальную. «Пра якую цывілізаванасьць можна казаць, калі ў Беларусі 90 адсоткаў законаў існуе толькі на расейскай мове, — даводзіць ён. — Калі я некуды пішу зварот, дык не магу яго працытаваць па-беларуску. Я яго перакладаю. Вось гэта красамоўна сьведчыць пра прававую сытуацыю зь беларускай мовай і пра роўнасьць дзяржаўных моваў».
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, адказваючы на пытаньне пра сродкі абароны правоў беларускамоўных, зазначае: закон «Аб мовах» утрымлівае толькі адну гарантыю ў роўным ужываньні моваў:
«Дзяржаўныя органы і службоўцы абавязаныя даваць пісьмовы адказ на той мове, на якой быў зварот. Вось гэта адзіная гарантыя. Усё астатняе не ўтрымлівае канкрэтных мэханізмаў рэалізацыі. Там шмат прыгожых слоў пра тое, што грамадзяне могуць абіраць мову зносінаў, што гарантуецца роўнасьць ужываньня моваў. Калі вы прыйдзеце да чыноўніка, то ён не абавязаны з вамі гаварыць на беларускай мове. Закон „Аб мовах“ на яго такія абавязкі не накладае», — даводзіць праваабаронца.
«Беларуская мова фактычна ня мае статусу дзяржаўнай мовы, бо заканадаўства на гэтай мове не выдаецца, — працягвае Валянцін Стэфановіч. — Адпаведна суды на беларускай мове не праводзяцца, бо судзьдзя ня можа адвольна перакладаць нарматыўна-прававыя акты. Замкнёнае кола атрымліваецца. Тут пытаньне трэба ставіць глябальна. Варта пераглядаць шэраг заканадаўчых актаў, каб забясьпечыць роўны статус дзьвюх дзяржаўных моваў».
На думку праваабаронцы, выйсьцем з такой сытуацыі магло б стаць правядзеньне супольных слуханьняў з удзелам дзяржаўных арганізацыяў, Таварыства беларускай мовы і праваабаронцаў.
«Гэта, насамрэч, праблема грамадзтва. Няхай лічаць беларускамоўных людзей дзівакамі, але яны грамадзяне з правамі і яны маюць быць гарантаванымі. Тут ня важна, колькі такіх: пяць ці дваццаць. Калі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы, то мусіць быць забясьпечана іх роўнасьць», лічыць Валянцін Стэфановіч.