«Таму што „дастала“», — так патлумачыў Свабодзе свой учынак менскі таксіст Мікалай Лусто, які выйшаў з плякатам супраць прэзыдэнцкіх выбараў і быў за гэта пакараны.
У мінулую пятніцу, 24 ліпеня, у Менску да будынку Дому ўраду, у правым крыле якога месьціцца Цэнтральная выбарчая камісія, выйшаў чалавек з плякатам. Тэкст на плякаце быў такі: «Навошта выбіраць? Трэба каранаваць! Не — выбарам!»
Не прайшло і хвіліны, як да яго падбег ахоўнік і забраў далей ад вачэй мінакоў, у ЦВК. Адтуль пратэстоўцу адвезьлі ў міліцыю Маскоўскага раёну, потым — у турму на Акрэсьціна. На панядзелак прызначылі суд.
Сядзець бы Мікалаю Лусто — гэтак зваць чалавека, які заклікаў каранаваць Лукашэнку — не 3 дні, а 10 ці 15, як звычайна бывае зь несанкцыянаванымі пікетоўцамі. Але пашанцавала. Судзьдзя Тацяна Матыль пакарала яго штрафам у 25 базавых велічынь. Відаць, улічыла, што ў падсуднага — бацькі-інваліды, пра што ў справе зьявілася даведка.
Дзякуючы гэтаму на наступны дзень мы змаглі сустрэцца зь Мікалаем. На інтэрвію ён прыйшоў заклапочаны. Сказаў, што не адказвае на тэлефонныя званкі ягоны працадаўца — гаспадар фірмы таксовак, дзе ён працуе:
— Нешта дзіўнае. І машыну, на якой я працую, што стаяла каля дому, нехта адагнаў. Падобна, пра маё затрыманьне яму вядома, і гэта можа скончыцца звальненьнем, — непакоіўся суразмоўца. Маё пытаньне таксама, відаць, не дадало Мікалаю настрою:
— А на што вы спадзяваліся? Ці, можа, вы хочаце эміграваць з краіны і патрэбны дакумэнт, што вас затрымлівалі?
— Непасрэдна такой мэты ў мяне няма, як зьяжджаць ужо заўтра ці калі яшчэ. Хаця ўсё можа здарыцца, бо давялі. Па ўсіх пазыцыях, як кажуць, дасталі. Вось я таксіст, працую амаль цэлы дзень, на мне вялікая адказнасьць — за пасажыраў, за аўтамабіль. За дзень я намотваю па 300 кілямэтраў, а гэта рызыка ДТЗ, стомленасьць, нэрвы. Зарабляю прыкладна 10–12 мільёнаў. Здаецца, па цяперашніх мерках гэта і нямала, але варта ўлічваць рамонты, аварыі, штрафы, «адлічэньні» даішнікам — застаецца значна менш.
— Што, кожны таксіст мусіць даваць хабар супрацоўнікам ДАІ?
— А як быць? Вось ноччу выклікаюць таксі на прыпынак, таксіст стаіць там, чакае кліента, а гэта паводле правілаў забаронена. Пад’яжджае ДАІ, і што яны робяць — няўжо папярэджваюць, што тут нельга стаяць? Проста патрабуюць за гэта грошы. І гэтак паўсюль — тое, што дэкляруецца, не адпавядае таму, што адбываецца. Працую я па дамове падраду, безь фіксаванага заробку. Значыць, пэнсіі мне нармальнай у гэтым жыцьці ня будзе. Раней я працаваў мэнэджэрам у фірме, дык заробак атрымліваў у канвэрце — і гэтак было ва ўсіх фірмах, дзе я працаваў, інакш нерэальна. Самыя вялікія «адкаты» просяць дзяржаўныя ўстановы. Хочаш нешта прадаць установе аховы здароўя — аддай 30% «адкату».
Быў час, калі я займаўся бізнэсам самастойна, мой бізнэс быў зьвязаны з лазэрнай рэзкай і гравіроўкай. І што? Тое самае. Хочаш працаваць зь дзяржаўнай структурай — заплаці адкат. Пайшоў зь бізнэсу, стаў таксаваць. Зь дзяцінства цікавіўся матацыкламі і аўтамабілямі, нават трэніраваўся, аўтамабілі — гэта маё хобі, якое стала працай, некалькі гадоў ужо таксую. Вы думаеце, за гэты час што зьмянілася ў бізнэсе, хоць нібыта абвясьцілі вайну зарплатам у канвэртах і адкатам? Нічога падобнага. Вось, пакуль сядзеў на Акрэсьціна, наслухаўся ад сукамэрнікаў гісторый. У чалавека сястра працуе ў фірме: афіцыйна атрымлівае 4 мільёны, неафіцыйна — 1,5 тысячы даляраў. Кажуць, гэтак увесь бізнэс працягвае працаваць. Але ж гэта заганна — калі мы выберамся з гэтай багны? Ніколі?
Мікалай пачынаў даваць інтэрвію па-беларуску, але выходзіла ў яго ня надта добра. Потым ён папрасіў дазволу перайсьці на расейскую мову, пры гэтым часта вяртаўся на беларускую. Некаторыя тэмы суразмоўцу закраналі асабліва, і тады тон яго рабіўся больш жорсткі.
— Як атрымалася, што вы наважыліся на такі ўчынак — публічна выйсьці з плякатам?
— Сядзелі зь сябрамі, размаўлялі, абмяркоўвалі сытуацыю, якая ўсім вельмі не падабаецца. Дайшло да таго, што сталі разважаць, чаму ўсе крытыкуюць, а ніхто нічога ня робіць. Слабо хаця б не баяцца і выйсьці з плякатам? Я адказаў, што змагу. Сам прыдумаў тэкст, напісаў і выйшаў. Вось і ўсё, а там што будзе, тое і будзе.
— А чаму такі тэкст — пра каранацыю? Некаторыя патрабуюць адстаўкі, а вы нібыта наадварот?
— Ну, гэта такая іронія, зразумела. Відавочна ж, што ёсьць кароль, і нават ёсьць насьледны прынц, якога за каралём паўсюль цягаюць. Дык чаго саромецца? Трэба называць рэчы сваімі імёнамі і ўручыць яму карону. Заадно і грошы ашчадзім! Сапраўдных жа выбараў няма і ня будзе, уладу нават не цікавіць наша меркаваньне. На мінулых выбарах я галасаваў за Міколу Статкевіча, мне ягоная пазыцыя, калі ён найперш запатрабаваў вярнуць выбары, найбольш спадабалася. Дык Статкевіча з таго часу пасадзілі і — адзінага з тых кандыдатаў — дагэтуль трымаюць. А больш няма за каго і голас аддаць.
«Таксоўства» Мікалая Лусто якраз прыпала на час паміж выбарамі 2010 году і цяперашнімі. За гэты час, кажа Мікалай, сярод кліентаў таксі прыхільнікаў Лукашэнкі паменела, але гэта заможныя людзі, бізнэсмэны, — бедныя на таксі ня езьдзяць:
— Большасьці кліентаў ён надакучыў — во дзе сядзіць. Але трапляюцца і такія, хто яго хваліць. Сярэдні прыхільнік Лукашэнкі — гэта такі майстар менскага заводу, які пахваляецца, што зарабляе 9–10 мільёнаў рублёў і яму нібыта хапае ня толькі на пражыцьцё, але і на працэнты па валютных крэдытах на аўтамабіль ці кватэру. Ня ведаю, як можа хапаць гэтых грошай — відаць, крадзе нешта ў сябе на заводзе. Да апошняга падзеньня рубля такіх задаволеных было дастаткова, цяпер паменела, нават у іх настроі сталі горшымі. А ўвогуле цяпер 70–80% з тых, каго я важу, супроць Лукашэнкі.
— А што кажуць чыноўнікі, сілавікі?
— А гэтыя маўчаць, яны пра палітыку з таксістамі не разважаюць, асьцерагаюцца.
— Кажаце, што 70–80% супроць, а чаму на плошчу з плякатам выйшлі вы адзін?
— Ды ўсе знаходзяць сабе апраўданьні. Звычайна гэтак кажуць: чаго аднаму выходзіць, гэта нічога ня дасьць, вось калі б усе, дык пайшоў бы. Апошнім часам яшчэ зьявіліся тыя, хто ня згодны, але і «рэзка мяняць ня трэба, каб не было як ва Ўкраіне». Але як пачынаеш зь імі пра Ўкраіну, дык замыкаюцца, ня хочуць дыскутаваць. Нейкая схема ў іх у галаве на гэты конт ёсьць — і яе не чапай, гэтак ім спакайней. Увогуле ў нас людзі баяцца выказвацца шчыра. Амаль пяць гадоў працую таксістам, дык за гэты час усяго чалавек пяць мне трапіліся, якія былі і супраць Лукашэнкі, і самі пра гэта казалі, не даводзілася зь іх выцягваць. А ў асноўным баяцца. У гэтым сэнсе людзі таксама зьмяніліся, сталі больш закрытыя і баязьлівыя.
Мікалаю Лусто 34 гады. Ён называе сябе ня толькі прыхільнікам незалежнасьці Беларусі, але і яе аднагодкам — у тым сэнсе, што ягонае грамадзянскае сталеньне стартавала прыблізна ў той жа час, як краіна атрымала незалежнасьць. Бацька Мікалая на пачатку 1990-х гадоў быў сябрам БНФ, бурныя палітычныя падзеі тых часоў абмяркоўваліся ў іхнай сям’і і сталі часткай ягонага дзяцінства. Мікалай зь дзяцінства ведае, што ў 1994 годзе, на першых прэзыдэнцкіх выбарах, ягоны бацька ў першым туры галасаваў за Зянона Пазьняка, а ў другім — за Аляксандра Лукашэнку. Чаму?
— У другім туры бацька галасаваў за Лукашэнку толькі каб не вярнуліся камуністы, зь якіх быў і Кебіч. А Лукашэнка нібыта быў больш-менш свой, падаваўся меншай бядой. Вось і выйшла, што замест манаполіі адной партыі прагаласавалі за манаполію аднаго чалавека, — кажа Мікалай Лусто. І дадае на разьвітаньне: — Вы пра мяне яшчэ пачуеце.