Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паседжаньне трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне ў Менску не адбылося

абноўлена

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе
Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе
Гайдзі Тальявіні, архіўнае фота
Гайдзі Тальявіні, архіўнае фота

Такую інфармацыю журналістам паведаміла прадстаўніца АБСЭ Гайдзі Тальявіні. Раней паведамлялася, што на паседжаньні 6 чэрвеня маюць заслухаць вынікі працы каардынатараў працоўных груп. Прычыну адмены паседжаньня Гайдзі Тальявіні не паведаміла.

У кароткай заяве для прэсы Гайдзі Тальявіні заявіла, што паседжаньне працоўных падгруп адбываецца канструктыўна.

Дата наступнага паседжаньня трохбаковай кантактнай групы, па словах Тальявіні, ужо вызначаная. Аднак паведамляць яе прадстаўніца АБСЭ адмовілася, спасплаўшыся на тое, што дата яшчэ патрабуе ўзгадненьня.

Гайдзі Тальявіні: «Мы скончылі працу чатырох працоўных падгруп, якія сёньня сутракаліся тут. Усе чатыры падгрупы працавалі над павесткай дня, якую яны вызначылі падчас самай першай сустрэчы. Сёньня магу сказаць, што ўсе групы абмяркоўвалі ў канструктыўным духу і шмат у якіх пытаньнях дасягнулі кансэнсусу. Але вы ведаеце, што гэта ўсе вельмі складаныя пытаньні. У палітычнай працоўнай падгрупе пытаньні датычаць выбараў. Працоўная група па бясьпецы мае на павестцы дня вельмі складаныя пытаньні па спыненьні агню, па канкрэтных пытаньнях адводу ўзбраеньняў. Усе гэтыя пытаньні не вырашаюцца на працягу адной сустрэчы.

Дакладваю, што праца ідзе добра. Канкрэтныя даты для наступнай сустрэчы таксама ёсьць. Я іх не разгалошваю, бо яны мусяць быць яшчэ ўзгодненыя ў межах трохбаковай кантактнай групы, якая таксама сёньня мусіла сустрэцца. Але па некаторых пытаньнях было вырашана адкласьці абмеркаваньне працы працоўных падгруп на далейшы тэрмін».

Пазьней прадстаўнік так званай ДНР Дзяніс Пушылін пацьвердзіў, што паседжаньні працоўных падгруп адбыліся. Наконт адмены паседжаньня кантактнай групы Пушылін заявіў наступнае: «Быў выяўлены шэраг працэдурных рознагалосьсяў, у сувязі з чым абмеркаваньне працы падгрупаў давялося адкласьці».

Прадстаўнік так званай ЛНР Уладзіслаў Дайнэга заявіў, што хаця падгрупы і працавалі, аднак «ані па воднай групе нельга сказаць сёньня, што атрыманы канчатковы вынік».

Заснаваньне працоўных груп было абумоўлена комплексам менскіх пагадненьняў ад 12 лютага (па выніках працы саміту ў «нармандзкім фармаце»), і сёньня адбыўся іх запуск. Групы будуць працаваць па чатырох кірунках: палітыка, бясьпека, эканоміка і гуманітарныя пытаньні.

У межах гэтых груп будзе вызначацца парадак дня і рэалізацыя канкрэтных задач па мірным урэгуляваньні. Нароўні з прадстаўнікамі Ўкраіны, Расеі і АБСЭ у іх працуюць і прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік.

Падгрупы, аднак, не прымаюць выніковых дакумэнтаў. Канчатковыя рашэньні па-ранейшаму мусіць прыняць трохбаковая кантактная група.

Украіну ў падгрупе па пытаньнях бясьпекі прадстаўляе экс-прэм’ер, экс-кіраўнік СБУ і экс-міністар абароны Яўген Марчук. Задачы гэтай падгрупы — узгадніць і спрыяць рэалізацыі мерапрыемстваў па спыненьні агню. Падгрупа абмяркоўвае разгортваньне на тэрыторыі Ўкраіны камбінаванай місіі з цывільным і вайсковым кампанэнтам пад эгідай ААН і ЭЗ.

Прадстаўнік Украіны ў падгрупе па палітычных пытаньнях — дырэктар Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, пазаштатны дарадца прэзыдэнта Ўладзімер Гарбулін. Падгрупа дапамагае рахтаваць мясцовыя выбары, якія павінны быць праведзеныя ў адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам і з патрабаваньнямі АБСЭ.

У падгрупе па сацыяльна-эканамічных пытаньнях Украіну прадстаўляе першы намесьнік кіраўніка Галоўнага дэпартамэнту па пытаньнях укараненьня рэформаў адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Верамій. Яна займаецца эканамічным аднаўленьнем Данбаса.

У падгрупе па гуманітарных пытаньнях Украіна прадстаўленая ўпаўнаважанай прэзыдэнта па пытаньнях мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данбасе Ірынай Герашчанка. У яе працы таксама ўдзельнічае былі кіраўнік адміністрацыі Леаніда Кучмы ў пэрыяд ягонага прэзыдэнцтва Віктар Медзьвядчук. Падгрупа спрыяе неадкладнаму вызваленьню ўсіх закладнікаў і займаецца пытаньнямі гуманітарнай дапамогі.

Расею ў групе па бясьпецы будзе прадстаўляць прадстаўнік генштабу Яраслаў Маскаль, па гуманітарных пытаньнях — намесьнік міністра МНС Уладзімер Сьцяпанаў, па палітычных пытаньнях — Максім Палякоў, па эканоміцы — намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця Сяргей Назараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG