Сёньня ў Менску праходзяць пасяджэньні чатырох працоўных падгрупаў, створаных для мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данбасе, — па гуманітарных, палітычных, эканамічных пытаньнях і пытаньнях бясьпекі.
Увечары плянуецца сустрэча Трохбаковай кантактнай групы. У яе стала ўваходзяць прадстаўнікі Расеі, Украіны і АБСЭ. Далучаныя таксама прадстаўнікі самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР».
Паводле прадстаўніка Кіева на перамовах, былога ўкраінскага прэзыдэнта Леаніда Кучмы, адно з галоўных пытаньняў цяперашняга этапу кансультацыяў — дэмілітарызацыя вёскі Шырокіна пад Марыюпалем і адвод ад лініі сутыкненьня ўзбраеньняў калібрам ня менш за 100 мілімэтраў — мінамётаў і танкаў, перадае Інтэрфакс.
Папярэдняе пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы ў Менску 22 траўня не прынесла прарыўных рашэньняў. Бакі не змаглі прасунуцца ў пытаньні прызначэньня мясцовых выбараў у Данбасе, правядзеньне якіх прадугледжанае менскімі пагадненьнямі. Удзельнікі перамоваў толькі падвялі вынікі травеньскай працы чатырох падгрупаў і прызначылі дату наступных сустрэч.
Ці дамовіцца пра нешта значнае кантактная група сёньня, разважае ўкраінскі палітоляг Уладзімер Фясенка:
«Ні пра якія выбары і ні пра якае палітычнае ўрэгуляваньне ў Данбасе ня можа быць гутаркі, пакуль ня будзе спынены агонь у зоне канфлікту.
Вось гэта просты адказ. Таму перамовы будуць ісьці, будуць стварацца працоўныя групы, будуць выносіцца пытаньні пра палітычнае ўрэгуляваньне, якія вельмі лабіравалі прадстаўнікі Расеі і сэпаратысты. Але яны павінны разумець простую рэч: пакуль будуць цягнуцца абстрэлы, ніякіх выбараў і ніякага палітычнага ўрэгуляваньня там ня будзе.
Я не чакаю ніякіх сур’ёзных прарываў ад чарговага паседжаньня працоўнай групы ў Менску. Я лічу, што пачалася новая фаза — доўгайграючага і вялацякучага перамоўнага працэсу. Гэты працэс будзе ісьці безь якіх-небудзь сур’ёзных вынікаў у бліжэйшай пэрспэктыве».
Украінскі бок разумее тупіковасьць спробаў вырашыць канфлікт на менскіх паседжаньнях, але ўдзельнічае ў перамовах, бо таго патрабуе Эўропа, сказаў Уладзімер Фясенка:
«Для Ўкраіны гэта пытаньне тактыкі. На мой погляд, Нямеччына і Францыя наіўна лічаць, што з дапамогай Менску могуць вырашыць усе пытаньні. Гэта ня так. Эўропа дапусьціла вельмі вялікую памылку, калі пайшла насустрач сэпаратыстам і калі быў запушчаны дыялёг пра палітычнае ўрэгуляваньне. Але ж павінна працаваць лёгіка — спачатку спыняем агонь, а пасьля вырашаем пытаньні з выбарамі. Таму ў выніку цяпер маем фантасмагарычную карціну — людзі дамаўляюцца пра выбары, але пры гэтым страляюць адзін у аднаго».
Калі параўнаць сытуацыю з пачаткам году, то выпадкаў абстрэлаў фіксуецца значна менш. Аднак казаць пра ўстойлівае замірэньне не выпадае:
«Вядома, кепскае замірэньне лепш, чым інтэнсіўныя ваенныя дзеяньні. Але застаецца рызыка эскаляцыі канфлікту. Цяперашні стан я б назваў „паўзамірэньнем“. На частцы ўчасткаў лініі разьмежаваньня ваенных дзеяньняў практычна няма, але ёсьць некалькі пунктаў, дзе баі працягваюцца кожны дзень, — гэта Шырокіна, раён Данецкага аэрапорту, мястэчкі Шчасьце і Станіца Луганская ў Луганскай вобласьці, Горлаўка. У гэтых пунктах баявыя дзеяньні працягваюцца кожны дзень і часам страляюць „Грады“. Калі ня будзе поўнага спыненьня агню, то ніякага руху далей у перамовах ня будзе».