Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі мне скажуць, што трэба, я зраблю гэта зноў», — Матолька пра «Сьвята Незалежнасьці» і экстраную арганізацыю


Антон Матолька, архіўнае фота
Антон Матолька, архіўнае фота

Арганізатары менскага «Сьвята Незалежнасьці» адсыпаюцца зранку 26 сакавіка пасьля трох тыдняў напружанай працы. Першым прачнуўся блогер і фатограф Антон Матолька.

Мітынг-канцэрт ладзіўся ў межах грамадзянскай кампаніі #БНР100 — сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як кажа Антон Матолька Свабодзе, у арганізатараў атрымалася тое, што яны хацелі зрабіць.

«У камэнтарах людзі пісалі падзякі, радаваліся, што сапраўды было сьвята, — згадвае Матолька. — І тое, што я бачыў па рэакцыі людзей на сьвяце, гэта пацьвярджае».

Матолька кажа, што будзе ўдзячным, калі заяўнікам раскажуць пра яшчэ не згаданыя памылкі ў арганізацыі сьвята — ён прызнае, што іх было шмат і што наўрад ці самі заўважылі ўсе.

Але, напрыклад, пра малую колькасьць пунктаў харчаваньня на фудкорце арганізатары ведалі загадзя: на пляцоўцы было б цяжка паставіць больш шапікаў, фізычна зьмясьціліся б хіба яшчэ 3-4 пункты.

Некаторыя гледачы адзначалі ў сацсетках, што не было праблемаў з прыбіральнямі — а такое нярэдка здараецца на беларускіх масавых мерапрыемствах. Матолька пацьвярджае: паводле зьвестак арганізатараў, прыбіральняў было дастаткова, у тым ліку і для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

Празь цёплае надвор’е на Траецкай гары было шмат вады, таму былі праблемы з падводам электрычнасьці да некаторых пляцовак, ня ўсё атрымалася на дзіцячай пляцоўцы.

Ці хапіла грошай на арганізацыю мітынгу-канцэрту, стане вядома заўтра, калі выставяць канчатковыя рахункі. Але папярэдне, кажа Матолька, падобна, што грошай было дастаткова.

Мітынг-канцэрт быў арганізаваны літаральна за тры тыдні — столькі часу было ад дазволу ўладаў да самой імпрэзы. Арганізатары раней неаднаразова адзначалі, што адмыслоўцы з канцэртнай галіны называлі іх вар’ятамі: за такія кароткія тэрміны падобныя падзеі ня ладзяцца.

Свабода спытала Матольку, ці ўзяўся б ён зноў за такую «экстраную арганізацыю»:

«Калі мне скажуць „трэба“, я зраблю, — адказвае Матолька. — Я гэта рабіў і для сябе, і для тых людзей, якія хацелі ўсё ж, маючы такую магчымасьць, ня бегаць ад міліцыі і аўтазакаў, як мы прывыклі, а адсьвяткаваць зь сям’ёй. Скажуць зрабіць зноў — зраблю».

Цяпер Матолька адчувае, што захварэў, прымае лекі, спадзяецца прыйсьці ў нармальны стан цягам некалькіх дзён.

***

Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018

«Сьвята Незалежнасьці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40-50 тысяч чалавек. На сьвяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя. Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек. Агулам па краіне былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG